вы́нік, ‑у, м.
1. пераважна мн. (вы́нікі, ‑аў). Канчатковыя паказчыкі якіх‑н. дзеянняў, з’яў, развіцця чаго‑н. Падвесці вынікі работы за дзень. □ Ад імя камісіі Іван Паўлавіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч. // Плён, здабытак працы, намаганняў. Вынікі шмат гадовай працы. Вынікі экспедыцыі, творчых поспехаў.
2. Тое, што вынікае з чаго‑н., з’яўляецца лагічным вывадам. Поспехі з’яўляюцца вынікам напружанай штодзённай працы. □ Мы павінны заўсёды правяраць сябе, вывучаючы ланцуг палітычных падзей у іх цэлым, іх прычыннай сувязі, іх выніках. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абавя́зак, ‑зку, м.
Тое, што хто‑н. павінен выконваць у адпаведнасці з грамадскімі або асабістымі патрабаваннямі. Усеагульны воінскі абавязак. Пачэсны абавязак. Пачуццё абавязку. Правы і абавязкі грамадзян. □ Воінская служба ў радах Узброеных Сіл СССР — ганаровы абавязак савецкіх грамадзян. Канстытуцыя СССР. [Жлукта:] Прыбыўшы ў ваш горад, я палічыў абавязкам засведчыць вам сваю пашану. Крапіва. // звычайна мн. (абавя́зкі, ‑аў). Сукупнасць спраў або даручэнняў, ускладзеных на каго‑н. і абавязковых для выканання. Выконваць абавязкі. Ускласці абавязкі. □ Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч.
•••
Несці абавязкі гл. несці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кліно́к, ‑нка, м.
1. Памянш. да клін (у 1, 2 і 4 знач.).
2. Вострая частка халоднай зброі; лязо. Таргаваць клінок. Клінок шаблі. // Пра кінжал, шаблю і пад. Грышка моцна сціснуў рукою востры клінок, які вісеў з правага боку. Чарот. Момант — і афіцэр выхватвае шаблю. Высока ўзняты бліскучы клінок і... чвяк. Афіцэрская шабля далёка ўбок адлятае, выбітая з рук мужыцкім бічом. Колас.
3. Трохвугольная торбачка для прыгатавання сыру. З толькі што выцягнутых з печы збанкоў адкідвала ў клінкі адтопленае малако Андрэіха. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крамса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм.
1. Праводзіць лініі, рабіць драпіны на чым‑н.; крэмзаць. Крамсаць паперу. □ Крамсалі вострыя пешні сухі, утрамбаваны грунт. Шынклер. // Успыхваючы, асвятляць; бліскаць, паласаваць. Неба спахмурнелае крамсаюць Дваццаць шэсць ахвярных бліскавіц. Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў Навальніца хоча блаславіць. Барадулін. / у перан. ужыв. З гадоў, калі неба крамсалі Узнятыя гневам клінкі, Прыходзяць да нас камісары — Духоўныя нашы бацькі. Бураўкін.
2. Ірваць, рэзаць на кускі. — Будзе доўга ён у мяне памятаць, як газеты крамсаць на цыгаркі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; заг. задаволь; зак., каго-што.
1. Выканаць, ажыццявіць чыё‑н. патрабаванне, жаданне і пад. Задаволіць попыт спажыўцоў. □ Нікіфаровіч ахвотна задаволіў .. просьбу [Шавейкі]. Броўка. // Заспакоіць, наталіць. Хлопцы ж, сярод іх і Барыс, мелі добры апетыт, але не заўсёды мелі чым яго задаволіць. Лось. Я застаюся адна. І ніяк не магу задаволіць сваю прафесійную цікавасць: з кім я еду, хто мой сусед... Васілевіч.
2. Даць, прынесці каму‑н. задавальненне чым‑н. Адказ зусім задаволіў маладую жанчыну, а Пракоп адчуў некаторую палёгку. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм.
1. Вымушаная затрымка ў рабоце, дзейнасці каго‑, чаго‑н. Ад цямна да цямна не пакідаў поля і Уладзімір Аляксеевіч. Абы-якая замінка ці маленькая няўпраўка, ён ужо там. Пальчэўскі. Нельга дапускаць ніводнай, нават самай маленькай замінкі ў руху паяздоў. Васілевіч.
2. Тое, што замінае, абцяжарвае; перашкода. Кожная грудка лёду, кожны парог-гарбінка, выступ зямлі, узгорачак становяць.. [ручайкам] замінкі.. ў іх імклівым руху. Колас. [Маргун:] А гэту замінку мне пакінь. (Паказвае на вінтоўку). Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыбкі́,
У выразе: на дыбкі — а) на заднія ногі (стаць, падняцца і пад.). Конь, пужаючыся незразумелай яму мітусні і музыкі, шарахаўся ў натоўп, станавіўся на дыбкі. Васілевіч. Здаравенны дварняк, бразгаючы ланцугом, падняўся на дыбкі, злосна забрахаў. Хомчанка; б) прама ўверх, дыбам. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Паравоз стаў на дыбкі і паляцеў пад адхон. Новікаў; в) перан. рэзка запратэставаць, выказаць нязгоду. [Каб] Сяргей перапрасіў, дык усё і абышлося б, але той стаў на дыбкі і пачаў адмаўляць сваю віну. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мітрэ́нга, ‑і, ДМ ‑рэнзе, ж.
Разм. Трывога, неспакой, сумятня, разлад. Там, на суседскім агародзе, перапалох, мітрэнга. — Анютка, галубка! Пакліч свайго Васіля, няхай бярэ пілу і сякеру і хутчэй бяжыць сюды!.. — на ўсю сядзібу лямантуе баба Алімпа. Васілевіч. [Грасыльда:] Заснуць я, сын, тады не магла. Такая мітрэнга ў вёсцы .. [Бацьку] у штаб да Міхала цягалі, на калені ставілі, аўтамат чорны да грудзей прыстаўлялі. Пташнікаў. Мітрэнга цэлая ўзнялася пасля слоў чарнявага.. Усе паўставалі, хто сядзеў. Ігнась паспрабаваў загаманіць, але яго не слухалі. Гаварылі ўсе. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
немата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.
1. Адсутнасць дару мовы.
2. перан. Нямая цішыня. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. Шыба раптам .. неяк трывожна закалацілася і.. як быццам парушыла немату вячэрняга спакою. Васілевіч. Мне ясным сонцам лёс наканаваны — Не ведаць змрочных лёхаў нематы. Барадулін.
3. перан. Бяспраўе, прыгнечанасць. З векавой нематы і адсталасці, Узнімаючы ленінскі сцяг, Мы прыйшлі да заможнае сталасці, Да вялікага сэнсу жыцця. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; незак.
1. Адчуваць неспакой, трывогу; хвалявацца. Тайна заставалася неразгаданай, і камандзір непакоіўся, што яна можа прынесці вялікія непрыемнасці. Шчарбатаў. Валя.. некалькі разоў набірала нумар шпіталю і, хоць адтуль казалі, што непакоіцца няма чаго, чакала страшнай навіны. Мележ. З лесу, ледзьве перастаўляючы ногі, ішлі тыя, з-за каго так непакоіліся члены групы. Новікаў.
2. Праяўляць клопат, турбавацца. Маці захадзілася каля стала, стары некуды выйшаў. Люба звярнулася да свякрухі: — Чаго вы непакоіцеся, быццам мы з галоднага краю... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)