нітава́цца, ‑туецца; незак.
1. Злучацца нітамі 1.
2. перан. Злучацца, сплятацца; звязвацца. І песня шчасця чуецца Між сёл і гарадоў, А з песняй той нітуецца Геройства і любоў. Кляшторны. І ўночы Галі не далі спакою думкі: яны нітаваліся адна з адною, і ўсё больш думалася пра Стася. Сабаленка.
3. Зал. да нітаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уда́ча ж. уда́ча, -чы ж.; (успех — ещё) по́спех, -ху м.; (счастье — ещё) шча́сце, -ця ср.;
пожела́ть уда́чи пажада́ць уда́чы (по́спеху, шча́сця);
ему́ всегда́ уда́ча яму́ заўсёды ўда́ча, яму́ заўсёды шанцу́е;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
кава́ль, ‑я, м.
Рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу. Крутаплечы, з пудовымі кулакамі, каваль Кастусь Махнач з ранку да вечара рамантаваў са, сваімі памочнікамі плугі, бароны, перацягваў полы, акоўваў перадкі. Курто. // перан. Той, хто сваёй настойлівай працай дамагаецца чаго‑н., стварае што‑н. Каваль свайго шчасця. □ Нас мільёны... Мы інакшай, Лепшай долі кавалі. Таўбін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мацяры́к, ‑церыка, м.
1. Вялікая частка сушы, якая абмываецца морамі і акіянамі; кантынент. З канца ў канец на свеце, На ўсіх мацерыках — Крэмль ясна людзям свеціць, Да шчасця значыць шлях. Бялевіч.
2. Спец. Пласт зямлі, які залягае пад глебай. Найбольш старажытны культурны слой знаходзіўся на прыродным адкладанні жоўтага пяску, як кажуць археолагі, на мацерыку. Штыхаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спор, ‑у, м.
Удача, поспех у чым‑н. Спор у рабоце. □ Госці павіншавалі Ганну Сымонаўну з «улазінамі», з прыездам, пажадалі ёй шчасця і спору ва ўсім. Дубоўка. «Э-эх!» — пайшоў [Фама]. Падскочыў два разы, Але чамусьці не было ў танцы спору. Корбан.
•••
Спор ды лад (у рабоце, жыцці і пад.) — пажаданне добра працаваць, жыць і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́нца, -а, н.
1. (у тэрміналагічным значэнні С вялікае). Цэнтральнае нябеснае цела Сонечнай сістэмы, якое з’яўляецца гіганцкім вогненным шарам, што вылучае святло і цяпло.
Вярчэнне Зямлі вакол Сонца.
2. Святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам.
Травы нельга сушыць на сонцы.
У пакой не даходзіць с.
3. перан., чаго. Тое, што з’яўляецца крыніцай жыцця, шчасця каго-, чаго-н.
С. свабоды.
С. праўды.
◊
Да сонца — да ўсходу сонца, вельмі рана падняцца.
Месца пад сонцам — права на існаванне.
Па сонцы — арыентуючыся на сонца, вызначаючы час па месцазнаходжанні сонца.
|| ласк. со́нейка, -а, н. (да 1 і 2 знач.).
|| прым. со́нечны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ашчаслі́віць, ‑ліўлю, ‑лівіш, ‑лівіць; зак., каго.
Зрабіць каго‑н. шчаслівым; прынесці радасць каму‑н. Кіра, відаць, баіцца не за шчасце, а самога шчасця — ці справіцца з ім, ці будзе варта яго, ці таксама ашчаслівіць таго, хто ашчаслівіў яе. Карпаў. [Тварыцкаму] хацелася і ашчаслівіць дачку, і адарвацца, адрачыся, ачысціцца ад свайго мінулага, знішчыць у сабе ўсе яго сляды. Кудраўцаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаахвя́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Гатовы ахвяраваць сабой дзеля агульнай справы, дзеля шчасця іншых. Сымоніха здольна на вялікую самаахвярную прывязанасць, на чалавеча клопаты. Каваленка. Яркую праяву самай вернай адданасці качкі сваім дзецям давялося мне наглядаць на Свіслачы. В. Вольскі.
2. Поўны самаахвяравання, гераічны (пра дзеянні чалавека). Самаахвярны подзвіг. □ Талент.. гэта ёсць вынік цэлага жыцця з я штодзённай самаахвярнай працай. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эпі́граф, ‑а, м.
1. У старажытных грэкаў — надпіс на помніку.
2. Выслоўе, кароткая цытата, якая змяшчаецца ў пачатку твора ці асобнага раздзела і з’яўляецца своеасаблівым аўтарскім тлумачэннем асноўнай ідэі твора. «Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі» — паўторыць Колас Купалавы радкі ў эпіграфе да навелы-алегорыі «Хмарка», дзе будзе асуджаць вандроўніцтва па-за межамі роднага кутка. Навуменка.
[Грэч. epigraphē — надпіс.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нешчаслі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыносіць няшчасце, гора; поўны няшчасця. Нешчаслівы дзень. □ Нямала Бачыў ён [дуб] пакут, Як рос на панскім полі; Спяваў пад ім прыгонны люд Аб нешчаслівай долі. Броўка.
2. Такі, якому не дадзена шчасця, радасці; няшчасны. Без маткі нешчаслівыя дзеткі. Прыказка.
3. Які не прынёс або не прыносіць удачы. Нешчаслівы латарэйны білет.
4. Такі, якому не спрыяе поспех, шчасце. Нешчаслівы сапернік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)