абнадзе́іць, ‑дзею, ‑дзеіш, ‑дзеіць; зак., каго.
Паабяцаўшы што‑н., запэўніўшы ў чым‑н., абудзіць надзею; суцешыць. Абнадзеіў настаўнік Сцёпку, ахвоты да навукі паддаў. Колас. Дзівіліся партызаны спакою і вытрымцы гэтага чалавека, дзівіліся і стараліся падтрымаць яго, сказаць спагадлівае слова, неяк абнадзеіць. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папле́чнік, ‑а, м.
Таварыш па справе, саўдзельнік; саратнік. Паплечнікі па працы. Паплечнікі па барацьбе. □ Тут сёння партызаны — Паплечнікі, сябры Расклалі на палянах Высокія кастры. Панчанка. Дудар быў адным з бліжэйшых сяброў і паплечнікаў Чарота ў высакароднай справе сцвярджэння новай беларускай савецкай літаратуры. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хітру́шчы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і хітрэнны. Ён [брат], хітрушчы і вынаходлівы, прыдумаў версію, паводле якой на Васіля напалі партызаны, і, маўляў, таму давялося самому выратоўвацца — уцякаць. Кавалёў. Ахметка ссунуў на патыліцу цюбецейку і зірнуў на Люсю і Валю хітрушчымі вачыма. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
былі́на 1, ‑ы, ж.
Народная эпічная песня пра герояў і іх подзвігі. Ганусанскія падзеі набывалі значэнне гераічнай быліны, дзе партызаны выступалі як волаты, а іх атаман рысаваўся як народны герой. Колас.
былі́на 2, ‑ы, ж.
Тое, што і былінка.
•••
Адна як быліна — пра адзінокую жанчыну.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
малава́та, прысл.
Разм. Не зусім дастаткова; крыху, мала. Малавата дзеці сёння елі. / у знач. вык. Склаўшы.. лістоўку, хлопцы задумаліся, як яе падпісаць. Паставіць адно слова «партызаны» — малавата. Якімовіч. Прапах травой, прапах ракой, Прапах лазой, рачною мятай. Ды толькі радасці такой Было тады мне малавата. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
партыза́н, ‑а, м.
Удзельнік узброенай барацьбы, якая вядзецца атрадамі народных мас на акупіраванай тэрыторыі. Усе віталі Міколку, слаўнага машыніста браняпоезда, слаўнага партызана, смелага сына бальшавіка. Лынькоў. Як ішлі ў лясы партызаны На заклятага ворага-пана, — Расступаліся долы і горы, Шляхі значылі сонца і зоры. Купала.
[Фр. partisan.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́крыў, ‑крыва, м.
Тое, што і покрыва. А ручаіны стараюцца: нясуць жоўтую ваду з поля.., узрываюць ледзяны пакрыў ракі. Лужанін. Затое буйна разросся сад — яблыні і грушы так сашчапіліся голлем, што стварылі суцэльны пакрыў. Навуменка. Пад покрывам зімовай ночы партызаны падкрадаюцца да варожай камендатуры. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бабы́ль, ‑я, м.
1. Разм. Адзінокі, бессямейны чалавек. Партызаны жартавалі з дзеда: — Ажэнім вас, дзед Цімох, навошта вам бабылём прападаць. Шчарбатаў. Хіба гэтакага свата думаў мець Верамейчык — лайдака ды бабыля, у якога і хата жардзінаю падперта. Крапіва.
2. Уст. Бедны, беззямельны, бесхацінны селянін.
•••
Хадзіць бабылём гл. хадзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апрача́, прыназ. з Р.
1. За выключэннем каго‑, чаго‑н. Усе партызаны, апрача сакратара, былі незнаёмыя людзі. Шамякін.
2. Звыш чаго‑н., у дадатак да чаго‑н. На папялішчы, апрача печы, тарчалі шкілеты абгарэлых жалезных ложкаў. Якімовіч.
•••
Апрача таго (у знач. пабочн.) — акрамя таго, да таго ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мала́нкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да маланкі (у 1 знач.). Маланкавыя ўспышкі. Маланкавы ўдар.
2. Вельмі хуткі, вокамгненны. Думкі з маланкавай хуткасцю праляталі ў галаве, змяняючы адна другую. Шамякін. Падпольшчыкі і партызаны любілі .. [Каравая і Карніцкага] за шалёную адвагу, за рызыкоўныя маланкавыя налёты на варожыя гарнізоны. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)