накшта́лт, прыназ. з Р.
Спалучэнне з прыназоўнікам «накшталт» выражае параўнальныя адносіны: указвае на прадмет, з’яву, прызнак, да якіх падобны якія‑н. прадметы, з’явы, прызнакі. Міхал Тварыцкі бачыў перад сабой нешта накшталт скрыжавання гарадскіх вуліц. Чорны. Камедыя будзе гучаць актуальна, свежа да таго часу, пакуль з жыцця зусім не знікнуць тыпы накшталт Гарлахвацкага і Зёлкіна. Казека. Пятляла рэчка тут накшталт вужакі. Машара.
[Польск. na ksztalt.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Імкнуцца, намервацца што‑н. зрабіць. Палашка пазірае на Панаса і хвалюецца, парываецца нешта сказаць і не зусім яшчэ адважылася, каб гаварыць. Галавач. Не раз парываліся Антон з Іванам кінуць вучобу зусім і дапамагаць сястры ў гаспадарцы. Місько. Стары Міклюта двойчы парываўся схапіцца з Міхалам, але Міхал адбягаў, выкручваўся. Сіняўскі.
2. Зал. да парываць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Больш, даўжэй падумаць, памеркаваць. [Чорны] згарнуў рукапіс і, прамовіўшы нешта накшталт: «Трэба раздумацца», пачаў апранацца. Лужанін.
2. Падумаўшы, памеркаваўшы, змяніць ранейшую думку; адумацца. Мікуць і Міхал назаўтра раздумаліся і ад малатарні Банадысёвай адмовіліся. Чорны. [Вера:] — Ведаеш, Максімка, я нават не ведаю, як гэта здарылася. Не хацела трывожыць цябе, паслала пісьмо, а на другі дзень раздумалася, спалохалася. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ске́птык, ‑а. м.
1. Прыхільнік, паслядоўнік скептыцызму (у 1 знач.). Антычныя скептыкі.
2. Той, хто ва ўсім сумняваецца, да ўсяго адносіцца недаверліва. Міхал Баўдзей па натуры быў скептык, да ўсяго новага ставіўся недаверліва. Колас. Вельмі важна, каб людзі паверылі ў тое, што яны робяць. Але скептыкі і няверы ўсё-такі знайшліся. Вішнеўскі. Даверлівы — зусім не скептык — Усяму я веру, усё цаню... Таўбін.
[Грэч. skeptikos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абу́х, ‑а, м.
1. Тупая патоўшчаная частка вострай прылады (звычайна сякеры), процілеглая лязу. З глыбіні бору пачуліся глухія ўдары абуха. Якімовіч.
2. Лаянк. Дурань. — Ведаеш, што такое Кашын? — спытаўся Міхал замест адказу. — Абух, які верыць аднаму сабе, а ўсіх астатніх падазрае ў нечым. Карпаў.
•••
Падвесці (падводзіць) пад абух гл. падвесці.
Тупы як абух гл. тупы.
Як (нібы, быццам) абухом па галаве — уразіць раптоўнай непрыемная весткай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзіч, ‑ы, ж.
1. Тое, што і дзічына (у 1 знач.). Хоць дзядзька наш не паляўнічы, Ды меў ахвоту і да дзічы. Колас.
2. Разм. Глухое месца, глуш. У другое месца перабраўся — Яму уважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы, Дзе лес адзін, хмызняк ды поле Ды ветру посвісты па волі. Колас. Я і сягоння адшукаць бы мог Сцяжынкі тыя ў дзічы дрыгвістай. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсме́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. з каго-чаго і над кім-чым. Кпіць, жартаваць над кім‑, чым‑н. Партызаны.. увесь час перагаварваліся, жартавалі. Найбольш падсмейваліся над барадатым высокім мужчынам,.. якога звалі жартам «барада». Мележ. — І калі ты гэтак распанела? — падсмейваецца з жонкі Міхал. Васілевіч.
2. Ціхенька смяяцца, пасмейвацца час ад часу. Да.. [Лабановіча] зноў вярнуўся добры настрой, і, стоячы каля люстэрачка,.. ён сам сабе падсмейваўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кансульта́цыя, ‑і, ж.
1. Парада спецыяліста па якому‑н. пытанню. Даць кансультацыю. Атрымаць кансультацыю. □ Міхал працаваў пад удасканаленнем электродатрымальнікаў, і яму .. патрэбны былі Яўгенавы парады і кансультацыя. Карпаў. // Дадатковыя заняткі выкладчыкаў з навучэнцамі, якія праводзяцца з мэтай лепшага засваення матэрыялу. Расклад кансультацый. Кансультацыі па матэматыцы.
2. Установа, якая аказвае дапамогу насельніцтву парадамі спецыялістаў па якіх‑н. пытаннях. Юрыдычная кансультацыя. Дзіцячая кансультацыя. Жаночая кансультацыя.
3. Уст. Нарада спецыялістаў па якому‑н. пытанню.
[Ад лац. consultatio — нарада.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нездарма́, прысл.
Разм. Не без падстаў, не без прычыны. Родная Балтыка! Сінь... Маякі... Любяць цябе Нездарма маракі. Жычка. [Шынкевіч:] — Нас выклікаюць у абком. — Ого! — устрапянуўся Каліта.. — Нездарма інструктар абкома сядзеў у нас цэлы тыдзень. Паслядовіч. // З намерам, не так сабе. Гамрэкелі зразумеў, што Саламон толькі прыкідваецца п’яным і што гэтую гулянку ён завёў нездарма. Самуйлёнак. Міхал адчуваў: механік падышоў нездарма, яму карціць пра нешта расказаць, ды не можа асмеліцца. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́лкам, прысл.
1. Так, каб было зразумела. — Які ячмень, хто пастрыг, раскажы толкам? — звярнуўся да Волькі Міхал. Васілевіч. — Ды раскажы ты [Віктар] толкам, у чым справа? — нецярпліва крыкнуў Мірон. Маўр. // Сур’ёзна, не жартуючы. [Цётка Ганна:] — Яму гаворыш, гаворыш толкам, а ён [доктар] пра перадачу знайшоў час думаць. Лынькоў.
2. Добра, як належыць. Праверылі — кучы не ўсе толкам зложаны. У некаторых месцах куча гною асобна, а торф асобна. Ермаловіч. // Доказна, лагічна. Аб выніках даследавання даложана толкам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)