дзікава́та, прысл.

1. Прысл. да дзікаваты.

2. Трохі са страхам, трохі спужана. Малы адразу, як звярок, што пачуў волю, шыбануў у куток,.. прыціснуўся, дзікавата азірнуўся. Мележ.

3. безас. у знач. вык. Нязвыкла, няўтульна. Спачатку ў мужчынскай зямлянцы было дзікавата. Брыль.

4. безас. у знач. вык. Страшнавата, трохі жудасна. Хаты з глухімі, чорнымі вокнамі стаялі па абодва бакі вуліцы, І Дзімку, калі паглядваў на іх, было дзікавата.. ад іх маўклівай затоенасці. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прако́с, ‑а, м.

1. Пракошаная паласа шырынёй у адзін узмах касы, адзін захват касілкі. Мажны і высокі, як дуб, сівы, як выбелены лён,.. [дзед Ахрэм] лёгка махаў касой, пракладаў у высокай траве роўную, гладкую сцяжынку — пракос. Асіпенка. Цімох памянташыў касу і заняў новы пракос. Капыловіч.

2. Доўгая града скошанай травы. Трава лёгка паддавалася і пакорна лажылася ў роўныя пракосы. Колас. [Надзя:] Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла, — што цяпер рабіць? Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вельмі пеніцца; з пенай. [Маці] прынесла поўны гладыш пахучага пеністага квасу. Шамякін. Прыемна і ўлетку, калі б’юць перуны, а па дарогах цякуць пеністыя рэчкі. Гроднеў. Мы, перадаючы гладыш з рук у рукі, пілі яшчэ пеністы пахучы сырадой. Няхай. // Падобны на пену. Прачнулася сонца. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч.

2. Які ўтварае многа пены (у 2 знач.). Пеністае мыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кацёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. Драўляны кружок, круг. Дзед палажыў на стол круглае днушачка, кацёлку з бярозавага камля, і на яго па-гаспадарску паставіў поўную гарачага смаку скавараду. Брыль. // Драўлянае кола, якое качаюць дзеці дзеля забавы. Косцік з Алесем з самага ранку ганялі на поплаве за гумном кацёлку. С. Александровіч.

2. Пра ўсё, што нагадвае сабой такі круг, кола. Кацёлка здору. □ Адвялі, пазгортваліся ў маленькія кацёлкі лісты. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цу́пкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Цвёрды, жорсткі; каляны. Сядло рыпела цупкай, новай яшчэ сырыцай. Галавач. [Салдаты] курылі і паціху гаманілі, жавалі глёўкі хлеб, хтосьці прышываў гузік да цупкага мокрага шыняля. Грахоўскі. Адскочылі цупкія, з дзіцячы кулачок, абабкі. Вышынскі.

2. Тупкі; не вязкі, не рыхлы. Там [каля яблынькі] быў ужо цупкі астравок, бо каля яблыні зямля не ўскапана. Кулакоўскі. Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́мка, ‑і, ДМ ямцы; Р мн. ямак; ж.

Памянш. да яма (у 1 знач.); невялікая яма. У Максімавых варотах, у ямцы, ляжаў і вяла павільваў хвосцікам кабан-кормнік. Капыловіч. // Невялікае паглыбленне на чым‑н., у чым‑н. Вусны.. [Буракова] адразу пасмяглі, на шчоках большымі зрабіліся ямкі, і стала відаць многа маршчын каля вачэй. Ермаловіч. // Выемка, ніша з боку прыпечка, куды заграбаюць жар, попел. У ямцы на прыпечку тлела некалькі вугалёў, прысыпаных попелам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Закласці наглуха муроўкай (адтуліну, праём і пад.). Замураваць акно. Замураваць дзверы.

2. Пасадзіць каго‑н., схаваць што‑н. у памяшканні, у тайніку, наглуха заклаўшы муроўкай. Замураваць золата ў сцяне. □ Апавядаў ён, як дзяўчыну замуравалі ў слуп каменны. Дубоўка.

3. перан. Разм. Пакрыць снегам, лёдам; замарозіць. Прачнуўся Лёнька .. Працёр вочы, глянуў на вокны і сам сабе ўсміхнуўся: на шыбах густа разрасліся, як у казцы, белыя папараці — вокны за ноч замураваў мароз. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхры́станы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расхрыстаць.

2. у знач. прым. Шырока раскінуты ў бакі, расшпілены (пра адзенне). А дзед быў прыгожы. Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Брыль. // Апрануты ў шырока расхінутае, расшпіленае адзенне. Расхрыстаныя, са збітымі набакір шапкамі, .. [хлапчукі] былі поўныя гарэзлівасці, неўтаймаванай энергіі. Арабей. Дубавец, расхрыстаны і пачырванелы, ішоў за плугам, паварушваў яго ў руках. Капыловіч. // Раскрыты, аголены. [Адамчук] у сподняй сарочцы, расхрыстаную валасатую грудзіну, чырвоны твар залівае пот. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цадзі́цца, цэ́дзіцца; незак.

1. Павольна цячы праз вузкую адтуліну. Не льецца, а цэдзіцца. □ Густое, заспанае цэдзіцца з бочак Бычынай крывёю віно маладое. Барадулін. / Пра дробны невялікі дождж. З чорнага неба цадзіўся нудны дожджык. Мележ.

2. перан. Прасочвацца, паволі пранікаць праз шчыліны, адтуліны (пра святло, паветра, гукі). З тысячы шчылін цадзілася сонца. Лобан. Ад балотца з чорнымі азярынкамі скрозь хмызняк цадзіўся туман, месцамі перапаўзаў цераз дарогу. Хомчанка. З рэпрадуктара цадзілася тужлівая музыка. Капыловіч.

3. Зал. да цадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце; пр. папёк, ‑пякла, ‑пякло; заг. папячы; зак., што.

1. і без дап. Пячы некаторы час. Лёнька .. паставіў на голую чарэнь халодныя пяткі — хай трохі папячэ ў іх. Капыловіч.

2. Прыгатаваць шляхам награвання на жары; спячы ўсё, многае. Бульбу мы папяклі на вогнішчы, хлеб падзялілі пароўну і смакавалі ўнакладку з яешняй, запіваючы .. вадой. Чыгрынаў.

3. Пашкодзіць чым‑н. гарачым, едкім, пякучым усё, многае. Я расту вось тут пад плотам І не так даўно ўзышла, А ўжо многім абармотам Рукі-ногі папякла. Крапіва. Не гуляй з вуглямі — рукі папячэш. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)