скры́гат, ‑у, М ‑гаце, м.

Рэзкі гук, які ўзнікае пры моцным трэнні прадметаў адзін аб адзін. Рыгор пачуў злосны скрыгат зубоў. Гартны. Саламону, здавалася, што кожнае слова рэжа яму вуха, нібы скрыгат нажа па шкле. Бядуля. Па галоўнай Савецкай вуліцы горада хадзіла конка і чуваць быў жудасны скрыгат яе калёс, гучныя крыкі канагонаў. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завя́лы, ‑ая, ‑ае.

Які завяў, зрабіўся вялым; засохлы, падсохлы. Зморшчаныя, завялыя баравікі нанізвалі на нітку, і яны дасушваліся ўжо на сонцы. Жычка. Марцін сяджу на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Які страціў жвавасць, свежасць; пабляклы. Я ўспомніў.. каменданта — нізкага, тоўстага, з бычыным каркам і завялымі непрыкметнымі вачыма. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ды́шаль, ‑шля, м.

1. Жэрдка, прымацаваная да сярэдзіны пярэдняй восі калёс пры парнай запрэжцы. // Такая жэрдка ў калёсным сельскагаспадарчым інвентары для злучэння яго з трактарам або іншай машынай.

2. Жалезная выгнутая пласціна ў плузе, да пярэдняга канца якой прымацоўваецца ворчык. Стары Карповіч падвёў каня да свайго загону, усадзіў плуг у баразну, сеў на дышаль, закурыў, пачаў чакаць. Карпюк.

[Польск. dyszel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кара́сь1 ’карась, Carassius vulgaris’, укр. карась, рус. карась, чэш. karas, в.-луж. karas, балг. караш, серб.-харв. ка̀рас, славен. karas. Надзейнай этымалогіі не існуе. Магчыма, запазычанне з усходу; параўн. марыйск. karaka ’карась’, удмур. karaka ’тс’ і інш. (Трубачоў, Эт. сл., 9, 152).

Кара́сь2 ’жалезная паласа, якую прымацоўваюць да ніжняй часткі драўлянай восі калёс’ (Маслен., КЭС, лаг.). Паходжанне няяснае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дрэвы, кусты, якія пасаджаны ўздоўж ці вакол чаго‑н.; насаджэнне. Кусціўся.. [алешнік] густа, нібы маладая абсада, і ўсцяж шляху. Сачанка. Над усім пейзажам пачынае панаваць хутар і абсады шляхціца Мазавецкага. Адамовіч.

2. Тое, што і шуфляда (у 2 знач.). Круглы двор — гэта і стальмашня, дзе робяцца драбіны для калёс, палазы для саней, абсада для вокан. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распя́ць, разапну, разапнеш, разапне; разапнём, разапняце; зак., каго-што.

1. Прыбіць цвікамі да крыжа рукі і ногі (старадаўні спосаб пакарання). Дрот калючы. Вышак многа. Кулямётчыкі не спяць. Спевакоў за песню могуць На крыжы распяць. Маляўка.

2. Расправіўшы, туга нацягнуць. Добра, што Кастусь, які ехаў па малако, захапіў брызент: распялі яго, прымацаваўшы да калёс, і так пратрымалі больш гадзіны над ягнятамі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паду́шка ’пасцельная рэч — напханы пухам, пер’ем, сенам і пад. мяшок’, дыял. ’частка калёс’. Рус. поду́шка, укр. поду́шка, поду́ха, ст.-рус. подушька, польск. poduszka, чэш., славац. poduška, ст.-чэш. poducha. Праслав. podušьka. Большасць даследчыкаў звязваюць з серб.-харв. ду̏хња ’пярына’, чэш., польск. duchna ’тс’ і далей з дух (гл.) (Фасмер, 3, 301; там жа і інш. літ-ра). Інакш Махэк (467), які выводзіць з podъ і ucho.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

барахло́, ‑а, н., зб.

1. Разм. Разнастайныя старыя рэчы, дамашні скарб. [Макар:] — Нас толькі што абмундзіравалі. Мы ішлі строем да казармы, дык я от папрасіўся аднесці дадому барахло сваё. Сабаленка. // Непрыгодныя рэчы, старызна, хлам. // Пра што‑н. дробязнае, нязначнае. [Клім:] — Аглоблі робім, драбінкі для калёс, барахло рознае, як кажуць... Галавач.

2. перан. Пра што‑н. дрэннае, паганае. Сляпыя акенцы, пабітае шкло — Не хаты, а так — барахло. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́дгур ’доўгая драўляная плашка, якая злучае пярэднюю і заднюю частку воза’ (Сцяшк. Сл.), ’падгерац’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Сцягнутая форма ад падгерац (гл.) ’жалезны прэнт, які злучае шворан з трайнёю калёс’ (параўн. рус. подтройник ’тс’), а таксама падгерц ’тс’ (Стан.). Магчыма, утворана на базе ням. Herzes ’стрыжань’. Такім чынам, пад‑герац ’тое, што трымае асноўны стрыжань (у дадзеным выпадку шворан)’. Параўн. літ. šerdesas ’шворан’ ад šerdis ’стрыжань’. З пункту погляду семантыкі параўн. падпанак!.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

панара́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Каркас, аснова калёс. Скрыпяць калёсы, панарад іх дрыжыць, ляскае. Каваль. Пуда лішняга не кладзі на воз, бо .. колы лезуць і лезуць у пясок, бы на той свет, а воз асядае, пакуль зусім не ляжа на зямлю панарадам. Сачанка.

2. Калёсы без драбін. [Мікіта] выцягнуў панарады, палажыў на іх дошкі і стаў навальваць гной. Колас. У дварэ .. стаяў новы панарад, на якім быў ужо паложаны плуг. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)