зні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Падаючая зорка. Недзе далёка ўперадзе прамільгнула знічка, праз некаторы час упала другая. Васілёнак. У небе дзесь далёка Над лесам тым у момант вока Мігнецца стужка агнявая — То знічка згасне залатая. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Суправаджаць спевамі якое‑н. дзеянне; падпяваць. Данілка іграе жаласліва-нудную мелодыю, Зоська круціцца па сцэне і прыпявае. Купала. Ваявалі ў полі жнеі-маладзіцы, Вострымі сярпамі жыта ваявалі, «Залатая зорка-зараніца, Не заходзь так рана...» — прыпявалі. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зо́рачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш.-ласк. да зорка.
2. Група з пяці акцябрат, а таксама сход такой групы. Акцябраты цёпла развіталіся з дзедам Іванам. А назаўтра, калі сабраліся на сваю зорачку, парашылі: «Хадзіць да Алежкавага дзеда». Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зорка, заранка / што падае і знікае: знічка
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
неподви́жный
1. (недвижимый) нерухо́мы;
неподви́жная звезда́ нерухо́мая зо́рка;
2. (не отличающийся живостью) неруха́вы;
неподви́жное лицо́ неруха́вы твар;
неподви́жный челове́к неруха́вы чалаве́к.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
марскі́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да мора, уласцівы мору (у 1 знач.). Марское дно. Марская вада. □ Халодны полаг снегападу Укрыў марскія берагі. А. Александровіч. // Які бывае, адбываецца на моры. Марское плаванне. Марскі бой. // Які жыве або расце ў моры. Марскія водарасці.
2. Звязаны з плаваннем на моры. Марскі флот. // Звязаны з флотам. Марское вучылішча. Марскі шпіталь. // Прызначаны для маракоў. Марская куртка. Марская роба.
•••
Марская зорка гл. зорка.
Марская капуста гл. капуста.
Марская карова гл. карова.
Марская міля гл. міля.
Марская хвароба гл. хвароба.
Марскі вузел гл. вузел.
Марскі кот гл. кот.
Марскі леў гл. леў.
Марскі воўк гл. воўк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зара́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Ранішняя або вячэрняя зорка. Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Караткевіч. Хутчэй, заранка ранняя, Спускайся на зямлю. А. Александровіч. // Увогуле зорка (у 1 знач.). Далёка наперадзе над дарогай успыхвалі густыя, чырвоныя заранкі. Пташнікаў. У змрочным вячэрнім небе замігцелі крывавыя заранкі. Лынькоў.
зара́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і малінаўка 1. Івалгі аспрэчвалі першынство па мастацкаму свісту ў чырванагрудых заранак, жаваранкі не ўступалі па спевах чарнапёрым драздам. Вірня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эпі́страфа, ‑ы, ж.
Стылістычная фігура, якая заключаецца ў паўтарэнні аднаго і таго ж слова або выразу на пачатку і ў канцы ці толькі ў канцы строф, напрыклад: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла... Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла». Багдановіч. «У тым сяле, дзе я не быў ніколі, І нават дзе яго шукаць — не знаю, Ёсць хата ў яблынях, парог якое Я толькі ў сне парой пераступаю. І зноў і зноў там, ледзь сцямнее ў полі, Хаджу, як прывід, з вечара да ранку — Ўсё запаветную шукаю брамку У тым сяле, дзе я не быў ніколі». Гілевіч.
[Ад грэч. epistrophe — вярчэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Вячэ́рніца 1 ’вячэрняя зорка, планета Венера’ (Інстр. I, Касп., Мат. Гом.), Укр. вечерниця, рус. вечерница, польск. wiecze(o)rnica, памор. večérńica, в.-луж. wječornička, чэш. večerníce, славац. večernica, серб.-харв. večernica, večérnjača, славен. večęrnica, макед. вечерница, балг. вечерница ’тс’. Агульнае ўтварэнне ад večerьnъ ці ад выразу тыпу «вячэрняя зорка». Адносна семантыкі параўн. тураў.: «Вячэрня зора, бо першая з вечара сходзіць» (КСТ).
Вячэ́рніца 2 ’Nyctalus noctula’ (КТС), вячэрнік ’кажан’ (Інстр. II). Ад вячэрні з дапамогай суфікса ‑іц‑а. Назва адлюстроўвае спосаб жыцця кажаноў, якія палююць пасля заходу сонца. Бел. вячэрнік (суф. ‑ік) атрымоўвае фармальную, незалежную паралель у выглядзе рус. вечерник ’вячэрні матылёк’ (Даль), балг. вечерница ’тс’ (БЕР).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
зара́, -ы́, мн. зо́ры і (з ліч. 2, 3, 4) зары́, зор, ж.
1. Яркая афарбоўка гарызонту перад усходам і пасля заходу сонца.
Вячэрняя з.
Ад зары да зары (увесь дзень або ўсю ноч). Ні свет ні з. (надта рана).
2. перан. Пачатак, зараджэнне чаго-н. радаснага.
На зары цывілізацыі.
З. свабоды.
3. Ранішні або вячэрні ваенны сігнал.
Іграць зару.
4. звычайна мн. Зорка.
Ужо ў небе зазіхацелі зоры.
|| прым. заравы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).
З. захад.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)