скла́сціся, складуся, складзешся, складзецца; складзёмся, складзяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утварыцца з асобных частак, элементаў. З асобных карцін паступова склалася галерэя. // Разм. Арганізавацца, стварыцца. У Мінскім Савеце .. з самага пачатку склалася трывалае бальшавіцкае ядро. «Беларусь». Пасля гэтага ўсе вырашылі, што кампанія склалася досыць незвычайная і цікавая, і з вясёлым гоманам і смехам накіраваліся ў рэстаран. Рамановіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць у працэсе творчасці (пра верш, песню і пад.). Пра дзікія гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. У такой вось неразбярысе пачуццяў, рытмаў і слоў і склаліся ў Ганькі тыя вершы. Васілевіч. // Узнікнуць, з’явіцца ў думцы, вырысавацца ў свядомасці, уяўленні. Расказваў я далёка не так складна, як гэта было ўжо склалася ў маёй галаве. Колас. Ва ўяўленні склаўся вобраз чалавека, зачараванага народнай песняй, чалавека, які аддаў ёй сваё гарачае сэрца. «Полымя».

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць якую‑н. закончаную форму, выпрацавацца, устанавіцца, сфарміравацца. У мяне ўжо склалася звычка па прыездзе на канікулы дадому здымаць вучнёўскую форму, апранацца па-вясковаму і працаваць разам з сям’ёй. Сяргейчык. З тых кароценькіх паездак у .. [бабулі] на ўсё жыццё склалася ўяўленне аб горадзе. Ракітны. // Набыць той ці іншы ход, кірунак (пра жыццё, абставіны і пад.). Эрна Гурбіна лічыла, што жыццё яе склалася няўдала. Навуменка. Прыйшоў бы на сход сам, ды абставіны склаліся так, што прыйсці не магу... Шахавец. Справа склалася так, што лепшыя сілы атрада і штаб былі коннымі. Брыль. // Пайсці на лад, атрымацца. Сям’я склалася дружная. // Устанавіцца, узнікнуць. Дружба склалася моцная.

4. Вызначыцца ва ўсёй сукупнасці асаблівасцей, якасцей; сфарміравацца. У гэты ж перыяд [14–15 стст.] у межах цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы склаўся рускі народ і яго мова. Юргелевіч. Карн выступае ў асноўным са сфарміраваным характарам, які склаўся за гады жыцця пры савецкай уладзе. Дзюбайла. У пачатку 30‑х гадоў выразна акрэсліліся погляды Чорнага на жыццё і мастацтва, склаўся яго светапогляд. Луфераў. // Дасягнуць майстэрства, дасканаласці ў якой‑н. галіне. [Сцяпан:] — Бартуль не склаўся яшчэ як паэт. Ён шукае свайго голасу, а можа і шляху. Машара.

5. Набыць якую‑н. форму, выгляд (пра губы, рукі, ногі, цела чалавека). Поўныя губы [агранома] склаліся ў лагодную ўсмешку. Бядуля. // Сагнуўшыся, наблізіцца асобнымі рухомымі часткамі і набыць кампактны выгляд. Сцізорык лёгка склаўся.

6. Разм. Даць грошы на якую‑н. агульную справу; зрабіць складчыну. Будучыя семінарысты склаліся разам і нанялі балагола, які завёз іх у Нясвіж. С. Александровіч.

7. Разм. Спакаваць свае рэчы (звычайна для ад’езду). Скласціся для ад’езду.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца ў выніку пошукаў. Асобныя рысы склаліся ў пэўную карціну. □ К гэтаму часу ў мастака цалкам склаўся эскіз карціны пра Кастуся Каліноўскага. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́праць і супро́ць, прысл. і прыназ.

1. прысл. На процілеглым баку ад каго‑, чаго‑н.; прама перад кім‑, чым‑н. Па левым баку Паркавай магістралі знаходзіцца Дом кнігі, а супроць — Палац спорту. Сядзець супраць.

2. прысл. Наперакор; нязгодна з кім‑, чым‑н.; насуперак каму‑, чаму‑н. Галасаваць супраць. □ [Бухча:] — Закон, дык закон, я супроць не іду! Чорны.

3. прысл. Насустрач, у супрацьлеглым кірунку. Ісці супраць ветру.

4. прыназ. з Р. Указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку хто‑, што‑н. знаходзіцца, размяшчаецца. Жывуць .. [Лявоніха і Сымоніха] побач, пасярод вёскі, хата супроць хаты. Бядуля. Вечарам .. [Міша] з Волечкай сядзелі на лавачцы пад клёнам супраць іх хаты. Мыслівец. Нейкі час .. [Харошка і Салдаценка] стаялі адзін супраць другога і маўчалі. Кавалёў. // Знаходзіцца побач з чым‑н. напісаным. Адзнакі стаяць у графах супраць кожнага прозвішча. □ Апошні ўзнос і подпіс стаяў супроць радка «чэрвень»... Мележ. 196, 291, 214 працэнтаў выканання — такія лічбы заўсёды стаяць супраць прозвішча Блахіна на дошцы паказчыкаў. Грахоўскі.

5. прыназ. з Р. Указвае на асобу, прадмет, з’яву або працэс, насуперак якім што‑н. робіцца, адбываецца. Удод сакоча за кюветам, стракочуць конікі ў траве, а ты [дарога] імчышся супраць ветру насустрач сонцу і Маскве. Звонак. Супраць цячэння не так лёгка плысці! Гурскі. [Волька:] — Падумай [Ларыса], як бы ты асмелілася хаця б сказаць што-небудзь супраць бацькоў, а не тое, што зрабіць. Кулакоўскі. Супраць Сяргея ніхто не галасаваў. Шахавец. [Анісь:] — Супраць гурту нішто на свеце не ўстаіць. Баранавых. // Указвае на напрамак, адваротны нахілу чаго‑н. (ворсу, шэрсці, валасоў). Супроць шарсцінкі пагладзіць.

6. прыназ. з Р. Ужываецца пры ўказанні прадмета, з’явы, асобы і пад., для барацьбы з якімі ці для пазбаўлення ад якіх ужываюцца адпаведныя захады, прымяняюцца якія‑н. сродкі. Прышчэпкі супраць воспы. Мазь супраць камароў і маскітаў. □ Са старонак твора паўстае хвалюючы вобраз магутнага народа, які ўзняўся на рашучую барацьбу супраць заклятага ворага. Дзюбайла. Старыя дзяды самі сваім розумам даходзяць да думкі, што трэба ўзброенае змаганне супроць акупантаў. Колас. // Ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н., пярэчання чаму‑н. Максім Танк актыўна выступаў як супраць натуралізму, так і супраць мадэрнізму буржуазнай літаратуры. Гіст. бел. сав. літ. [Старшыня калгаса:] — Не падумайце благога — я не супраць крытыкі. Быкаў. // Ужываецца для выражэння неадпаведнасці ў чым‑н. Зрабіць супраць сумлення. Дзейнічаць супраць устаноўленых правіл.

7. прыназ. з Р. Ужываецца для ўказання на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што‑н. адбываецца ці павінна адбыцца. [Ведзьма:] — Куды ты [Алёнка], неразумная, едзеш супраць ночы? Якімовіч.

8. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння параўнальных адносін. Рост прадукцыі супраць мінулага года. Вады ў рацэ супраць учарашняга прыбавілася. □ [Вера:] — Учора надоі зменшыліся супраць таго тыдня. Асіпенка. / у іран. супастаўленні. Зух супраць мух. Прымаўка.

9. у знач. вык. Не на карысць каго‑, чаго‑н. Разгарэліся спрэчкі: хто супраць, хто — за. Куляшоў. [Стрэльбы:] — Хто супроць? Аднагалосна. А. Александровіч. / у знач. наз. Узважыўшы ўсё за і супраць, Лабановіч прыйшоў да пераканання, што ён зрабіў добра, не зачапіўшы дзяўчыны. Колас.

•••

Гладзіць супраць шэрсці каго гл. гладзіць.

За і супроць гл. за.

Ісці супраць цячэння гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не, часціца адмоўная.

1. Надае слову, да якога яна адносіцца, значэнне поўнага адмаўлення. Ой, не вецер з-за гор легкакрылы Кучаравіў сасну на кургане. Трус. Мы так захапіліся сваёю работаю, што не заўважылі, як на дзядзінец прымчаўся ўраднік Вярбіла са сваімі стражнікамі. Якімовіч. [Уля] з Волькай вучыліся роўна, не адстаючы адна ад адной і не забягаючы наперад. Паўлаў. // Пры проціпастаўленні (звычайна са злучнікамі «а», «але»). Хачу я жыць, а не памерці, Каб радасць несці пакаленню. Чарот. Трактарам любуйся, але і каня не забывай. Прыказка. // У спалучэнні з дзеясловам-выказнікам, калі ў сказе маюцца адмоўныя займеннікі і прыслоўі, якія ўзмацняюць адмаўленне. Ніхто не сказаў ні слова. Няхай. // У спалучэнні з інфінітывам-выказнікам, калі выражаецца сцвярджэнне немагчымасці. А дзень наступны і падзеі У неакрэсленай смузе. Адно мне ясна: завірухі Не абмінуць, не адхіліць, Бо сэрца томіцца, баліць. Колас.

2. Служыць адмоўным адказам на станоўчае пытанне. — А вы, уласна кажучы, хто? Інжынер? — Не. Настаўніца. Шамякін. [Аляксандра Сцяпанаўна:] — А я думала, вы таксама да Масквы. — [Канстанцін Пятровіч:] — Не, я не да Масквы. Мне трэба тут выходзіць. Васілёнак. // У пачатку рэплікі, якая перапыняе выказванне субяседніка, або ў пачатку адказу, які выражае пярэчанне. — Ты прыедзеш сёння? — Я заняты. — Не, ты проста скажы, прыедзеш ці не? Самуйлёнак. [Злобіч:] — Не, Сандро, ты, відаць, не кахаў, калі хочаш так проста мяне супакоіць... М. Ткачоў. // Пры выказванні забароны рабіць што‑н. або адмове ў чым‑н. — І я з табою! — папрасіўся хлопчык. [Бацька:] — Не, сынок, ты аставайся з мамай! Кулакоўскі. Выкапаўшы некалькі ямак, я падышоў да.. [Ганкі] і кажу: — Можа, памагчы? — Не, я сама, — разазнулася Ганка. Рунец. // Ужываецца для большай выразнасці ў пачатку або ў канцы выказвання, у якім адмаўляецца тое, што было выказана раней; тое ж — пры процілеглай думцы, якая не была выказана, а толькі падразумявалася. Мінуў дзень, мінуў тыдзень, а пра Бярозку ў Далідовіча не было ніякіх новых звестак.. — Сумненне, якое незнарок пасеяў Захарэня, Платон Барысавіч і на вярсту не падпускаў да сябе. — Не, ты недзе блізка ад нас, — раптам праплывала невядома адкуль надзея, і Далідовіч працягваў пошукі. Шахавец. Мне кажуць, што старасць прыгнула мяне, Не тое гавораць, не так яно, не! А. Александровіч. Не, мы не пойдзем славы пазычаць, Па прыгажосць не пойдзем на чужыну. Шушкевіч. // Ужываецца ўнутры выказвання для ўнясення папраўкі. Прыдзі да мяне ў чатыры гадзіны. Не, у тры. // Ужываецца ў пачатку думкі, якая падагульняе сказанае раней і з’яўляецца яго вынікам. [Рыгор:] — Вось прыедзеш, а праз дзве гадзіны — назад. Любата!.. Не, гэта разумна прыдумана — аўтобус ў вёску пусціць. Ракітны. // Ужываецца ў пачатку рэплікі з мэтай звярнуць увагу субяседніка на думку, якая выказваецца. Не, ты толькі паглядзі, чаго ён натварыў.

3. Мае значэнне няпоўнага сказа пры адмоўных адказах на пытанні; тое, што і няма (у 2 знач.); проціл. так. — У цябе ёсць білет? — Не. □ [Майстар-цырульнік] прарэзліва зарыпеў мне ў самае вуха: — Скажыце, у вас каты ёсць? — Не. А што? Паслядовіч.

4. Разм. Ужываецца замест выказніка з адмоўем, а таксама замест словазлучэння або цэлага сказа з адмаўленнем ці проціпастаўленнем. Падышоў я бліжэй [да Дошкі гонару], кінуў пагляд на адзін твар, на другі. Подпісаў не чытаў, а так сабе глядзеў, прыкідваў крытычным вокам, каторы партрэт зроблены добра, а каторы не. Кулакоўскі.

5. Надае значэнне няпэўнасці, няпоўнага адмаўлення, непаўнаты дзеяння ці стану: а) пры назоўніках, якія паўтараюцца. Бяда не бяда. □ Працаваў .. [Язэп] нехаця, ляніўся, на яго паласе заўсёды быў самы дрэнны ўраджай — жыта не жыта, трава — не трава. Лупсякоў; б) паміж дзеясловамі, якія паўтараюцца. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка; в) у спалучэнні з прыслоўямі «вельмі», «лепш», «надта» і пад. Думкі не вельмі вясёлыя.

6. Надае выразу сцвярджальнае значэнне з дзеясловамі «магчы», «смець» пры наяўнасці другога адмоўя або з дзеясловамі ў безасабовым сказе, выказнікам якога з’яўляюцца словы «нельга», «немагчыма». Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка.

7. У спалучэнні з часціцай «ці» ў пытальных сказах выражае мадальнае значэнне сцвярджэння або няпэўнасці, здагадкі. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. [Суседка:] — Ці не перапала табе сёння дзе-небудзь чарка, Данілка? Капыловіч.

8. У спалучэнні з пытальнымі займеннікамі і прыслоўямі пры асаблівай інтанацыі вымаўлення надае сэнс станоўчага адказу. Як не спяваць мне? □ [Мяснікоў:] — А дзетак не прыбавілася? [Касач:] — Хе! Чаму не! Гурскі.

9. У спалучэнні з дзеясловамі, якія канчаюцца на «‑ся», «‑цца» і маюць прыстаўку «на-», надае значэнне немагчымасці закончыць дзеянне. Не наглядзіцца маці на сына.

10. Уваходзіць у склад словазлучэнняў, якія з’яўляюцца складанымі злучнікамі і злучальнымі словамі: «не то... не то»; «не то што»; «не то .. а»; «не толькі, .. але (і)» і пад. Бацька не то спаў, не то так ляжаў на печы, яшчэ не разуваючыся. Крапіва. На вуліцы ў Чыжэвічах — не то што ў Малінаўцы — было людна і ажыўлена. Чарнышэвіч. Пісьменнік здолеў даць не толькі тыповы характар правакатара, але і раскрыць вытокі здрадніцтва, паказаць, на якой глебе яно вырастае. Дзюбайла.

11. Уваходзіць у склад устойлівых словазлучэнняў: «далёка не»; «не раўнуючы, як»; «амаль не», «ледзь не», «бадай не»; «не раз і не два»; «не вельмі каб» і пад. Госці склалі свае рэчы на падлозе, заняўшы імі ледзь не палову пакоя. Корбан. [Маці:] — Цяперака купяць, бо не вельмі каб у каго сена пад вясну было. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́ла, ‑ы, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія чалавека, жывёліны. Быў.. [малодшы брат] дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Якімовіч. [Яўген Лубян] зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Шамякін. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, рве зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла. Колас. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Фізічная магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Рука заблыталася ў водарасцях, і.. [Андрэй Міхайлавіч] раптоўна страціў сілы. Самуйлёнак. Пад цёплым душам да Шуры вярнуліся сілы. Ставер. Да работы ёсць ахвота, Сілы маю — хоць адбаў. Гурло. // Фізічнае ўздзеянне, насілле. [Сухадольскі:] А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч. // Жыццёвая энергія, жыццяздольнасць каго‑, чаго‑н. Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.

2. Здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці, да праяўлення сваіх разумовых ці душэўных уласцівасцей (волі, розуму, характару і пад.). Сіла характару. Сіла волі. □ Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. Вялікія ідэі ў творы можа несці на сабе толькі чалавек з усімі яго супярэчнасцямі, слабасцямі і сілаю духу. Скрыган. // Сукупнасць фізічнай, духоўнай і разумовай энергіі чалавека, неабходнай для якога‑н. дзеяння, учынку і пад. Там галасы абуджэння. — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа! Звонак. Ва ўсім абліччы.. чалавека.. было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы. Лынькоў. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Здольнасць, магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы. Карпаў.

3. Энергія, здольная выконваць якую‑н. работу, выводзіць цела, матэрыю са стану спакою або змяняць кірунак, хуткасць руху. Сіла цяжару. Цэнтрабежная сіла. □ Магутная сіла зямнога прыцяжэння пераадолена! Гамолка. Ракі непакорнай Грымучая сіла Днямі, начамі Турбіны няспынна круціла. Танк.

4. Прававая дзейнасць; правамоцтва. Сіла закону. // Фінансавая дзейнасць (каштоўных папер, грошай). Пакупная сіла рубля.

5. Улада, магутнасць. Сіла дзяржавы. Сіл калектыву. Сіла кіраўніцтва. □ [Бандароўна пану:] — Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла, — Бандароўне больш да твару — Чымся ты — магіла. Купала. [Сымон:] — Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу. Колас. // Здольнасць рабіць уплыў, уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Сіла прывычкі. □ Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання. Дзюбайла. Гунава глядзеў на.. [Тапурыя] ва ўпор, неадрыўна і востра, добра ведаючы сілу гэтага погляду. Самуйлёнак. // Здольнасць рабіць уражанне, пераконваць. Сіла доказаў. □ Здавён, аднак, у сілу слова веру! Лойка. Глядзіцца сцэна з неаслабнай увагай. Сіла яе — у глыбокай, хвалюючай дынаміцы. «Полымя». // Пра таго, хто (або тое, што) адыгрывае галоўную ролю ў чым‑н. Камуністы — магутная сіла Радзімы, У агні, быццам сталь, яны загартаваны. Танк. Нарэшце людзей на палетак Паклікала спелае лета. Камбайны — галоўная сіла, Пара і для іх наступіла. Смагаровіч.

6. Разм. Самае істотнае, галоўнае; сутнасць, сэнс. Чалавек павінен адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром у калгасе, — вось у чым сіла. Кулакоўскі. А сіла ў тым, на мой погляд, Які выконваеш загад. Колас.

7. Ступень праяўлення чаго‑н.; інтэнсіўнасць, напружанасць. Сіла ветру. Сіла выбуху. □ Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю. Колас. Гэты купалаўскі верш літаральна абляцеў усю Беларусь. Сіла яго дзейснасці была незвычайная. Кудраўцаў. // Велічыня, значнасць, глыбіня (разумовых ці душэўных якасцей, уражанняў, перажыванняў). Сіла таленту. Сіла гневу. □ Сіла і слабасць Талстога з вычарпальнай паўнатой ускрыты Леніным. «Маладосць». [Зёлкін:] Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча. Крапіва. Сцёпкаў непакой дасяг[нуў] сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю. Колас. Гэта тэма невымерная... У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог. Скрыган.

8. Тое, што вымушае каго‑н. дзейнічаць так ці інакш. Карп рушыў на сваю сялібу — невядомая сіла цягнула яго туды. Шамякін. Нейкая сіла штурханула Пятра Сарокіна ў хату. Данілевіч.

9. часцей мн. (сі́лы, сіл). Матэрыяльная аснова, якая можа быць крыніцай якой‑н. энергіі. Сілы прыроды. Цяглавая сіла. □ Упёрся Даніла сваім целам на мосце на парэнчу ды стаяў, поглядам мераў вадзяную сілу. Баранавых.

10. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Частка грамадства, група, якая вызначаецца якімі‑н. характэрнымі прыкметамі ці накіраванасцю ў сваёй дзейнасці. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Сілы міру. Сілы сацыяльнага прагрэсу. □ У 90‑я гады XIX ст. на гістарычную арэну ў якасці самастойнай палітычнай сілы выходзіць расійскі рабочы клас. Івашын. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.

11. часцей мн. (сі́лы, сіл). Войскі. Узброеныя сілы. Марскія сілы. □ Асноўныя сілы і спыніліся на ўскраіне лесу. Лынькоў. На вакзале .. [Дзічкоўскага] чакалі прадстаўнікі паветраных сіл. Алешка. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага. Чорны.

12. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Людзі, якія складаюць які‑н. вытворчы калектыў; людзі падобнай прафесіі. Педагагічныя сілы. Артыстычныя сілы. □ Наша беларуская літаратура мае добрыя творчыя сілы. Дуброўскі.

13. у знач. прысл. сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго‑н. Сіламі калектыву. □ Многа ўвагі Ірына аддавала спектаклям у Мінскай гімназіі, дзе яна вучылася. Тут часта арганізоўваліся сіламі навучэнцаў пастаноўкі, якімі кіравалі педагогі. «Полымя».

14. каго-чаго. Разм. Велізарная колькасць, мноства. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з’язджалася... Грахоўскі. [Валодзя:] — Бачыце ж, ні за што сам [сусед] не ўзяўся. Відаць, грошай сілу мае, а грошы, яны, брат, такія ўчэпістыя, што могуць не толькі шафу ці канапу на пяты паверх зацягнуць. Сабаленка.

•••

Адваротная сіла закона — пашырэнне дзеяння закона на тое, што адбылося да яго выдання.

Жывая сіла — людзі і жывёла (пры супрацьпастаўленні тэхніцы, механічнай сіле).

З пазіцыі сілы гл. пазіцыя.

Конская сіла (уст.) — адзінка вымярэння магутнасці.

Прадукцыйныя сілы — сукупнасць сродкаў вытворчасці і людзей, якія прыводзяць іх у рух.

Рабочая сіла — здольнасць чалавека да працы, г. зн. сукупнасць яго фізічных і духоўных магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Агульнымі сіламі — усе разам, супольна.

Ад сілы — самае большае. Чалавек быў яшчэ зусім малады, яму было ад сілы гадоў васемнаццаць. Лынькоў.

Брацца (убірацца) у сілу гл. брацца.

Выбіцца з сіл гл. выбіцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сілы гл. высмактаць.

З апошніх (астатніх) сіл — колькі ёсць магчымасці, з гранічным напружаннем (рабіць што‑н.).

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілай — з выкарыстаннем усіх магчымасцей. Я таксама з усёй сілай Крыкнуў бы раз-пораз. Колас.

З усёй (усяе) сілы; на ўсю (поўную) сілу; з усіх сіл — з найбольшым напружаннем, інтэнсіўнасцю; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму; (не) пад сілу каму — пра адпаведнасці (неадпаведнасць) магчымасцей, здольнасцей каго‑н. рабіць што‑н. Гарэнка вырашыў, што адна работа яму па сіле, работа вартаўніка. Вышынскі. Калі справа не пад сілу, Дык на плечы не бяры. Лужанін.

Не сіла — пра немагчымасць зрабіць што‑н. Не сіла яго [Яначкі] на гэтую работу: ногі дрыжаць, рукі млеюць. Крапіва.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што‑н.

Не шкадуючы сіл гл. шкадуючы.

Нячыстая сіла — чорт, д’ябал.

Па меры сіл гл. мера.

Сваімі (уласнымі) сіламі — самастойна.

Увайсці (увабрацца) у сілу гл. увайсці.

У сіле — а) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; з вялікімі магчымасцямі. Навошта мне піць ваша зелле: Я ў сіле, яшчэ малады. Смагаровіч; б) у разгары, у росквіце. Хоць сведчаць грымоты. Што жнівень У сіле яшчэ і красе, Ды ўжо нашай вуліцай лівень Лісты да рачулкі нясе. Гілевіч.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсе намаганні, усё старанне.

Уступіць у сілу гл. уступіць.

Цераз (праз) сілу — звыш магчымасцей, жадання.

Цёмныя сілы — пра тое, што прыпыняе зло, шкоду.

Што (колькі) ёсць сілы — тое, што і што (колькі) ёсць духу (гл. дух).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)