раскры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

1. Рассунуць, расхінуць, паказаць што‑н. [Міхалка] ужо адчуваў радасную хвіліну ў змучанай голадам сям’і, калі там ён раскрые перад усімі мяшок! Чорны. // перан. Зрабіць што‑н. даступным, магчымым для каго‑н. То — год семнаццаты Раскрыў нам далі І парадніў народы Між сабой. Прыходзька.

2. Вызваліць ад таго, што накрывае каго‑, што‑н.; агаліць. [Клава], не зважаючы, пачала набіраць салому і раскрыла .. [Мішу] ўсяго. Чорны. Сарваўшы кастрыцу з вільчыка, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны і раптам адчула, што ёй страшэнна хочацца .. квасу. Шамякін. // Зняць страху з чаго‑н. Раскрыць пуню.

3. Разгарнуць, раскласці, распасцерці (што‑н. складзенае). Раскрыць кнігу. □ І хаця ад дажджу застаўся толькі ўспамін, .. [дзяўчына] раскрыла над галавой парасон. Шыцік. // Распячатаць, распакаваць. Раскрыць канверт. Раскрыць пасылку. // Распусціць (пра пупышкі, кветкі). [Бэз:] — На час пялёсткі я раскрыў І зноў заплюшчу неўзабаве... Кляўко. // Развесці, распасцерці ў бакі (рукі, крылы). Адзін з буслоў, стоячы ў гняздзе, раскрыў шырокія крылы і з сілай пачаў узмахваць імі. В. Вольскі.

4. Адкрыць (пра рот, вочы). Сашка ад здзіўлення аж рот раскрыў, утаропіўшыся на вусы Тодара Казлянка. Даніленка. Вялічка заварушыўся і раскрыў вочы. Чорны.

5. Выявіць, зрабіць вядомым што‑н. невядомае, таемнае. Сакрэты ксяндза Аўгусціна ў той жа дзень мне раскрыла панна Марыся. Бажко. [Роля ў камедыі] раскрыла мяне з другога боку, як кажуць, раскрыла акцёрскія камедыйныя здольнасці. Сяргейчык. // Растлумачыць, паказаць сутнасць чаго‑н. Раскрыць характар героя. □ Трэба паглядзець на п’есу вачыма сучасніка, смела раскрыць яе глыбокі сацыяльны змест. «Звязда». [Маці] першая раскрыла перада мной хараство казак Пушкіна, вершаў Лермантава, твораў Талстога. Агняцвет. // Падрабязна і паслядоўна выкласці што‑н. Каб раскрыць тэму, трэба было карыстацца многімі архіўнымі фондамі. «Полымя». // Выкрыць. І, можа, ніхто не раскрыў бы Ніякай парубкі-пакражы, Бо ўмеў па-майстэрску Каліна Сляды за сабой заціраць. Танк.

6. Знайсці, устанавіць, адкрыць у выніку назіранняў, даследаванняў. Рыса нейкай нездаволенасці пракідалася праз усю яе гаворку і клала на твар пячаць глыбокай задуменнасці, чаго раней ніколі не было. Прычыну гэтага Валя скора раскрыла. Чорны. Шамяткоўцы з дапамогай мясцовага насельніцтва і партызанскіх сувязных раскрылі месцазнаходжанне двух аэрадромаў рэзервовай танкавай дывізіі і некалькіх складаў з боепрыпасамі. Курто.

7. Расказаць аб сваіх думках, пачуццях. Нешта перашкаджала .. [Аляксею Мікалаевічу] раскрыць перад Гарнастаем свае думкі і сумненні, пагаварыць душа ў душу. Навуменка.

•••

Раскрыць дужкі — зрабіць пэўнае матэматычнае дзеянне над выразам, заключаным у дужкі.

Раскрыць вочы каму — тое, што і адкрыць вочы (гл. адкрыць).

Раскрыць душу (сэрца) — тое, што і адкрыць душу (сэрца) (гл. адкрыць).

Раскрыць рот — тое, што і адкрыць рот (гл. адкрыць).

Раскрыць (свае) карты — перастаць трымаць у тайне свае намеры, планы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкрыва́ць несов., в разн. знач. открыва́ть; (делиться с кем-л. чем-л. — ещё) посвяща́ть (кого во что); (части тела — ещё) обнажа́ть; см. адкры́ць

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

навіга́цыя, -і, ж.

1. Суднаходства, мараплаванне.

Адкрыць навігацыю.

2. Перыяд года, калі магчыма суднаходства.

3. Навука аб спосабах выбару шляху і метадах ваджэння суднаў, лятальных і касмічных апаратаў.

Падручнік па навігацыі.

Паветраная н.

Касмічная н.

4. Тэхналогія, працэс кіравання і выбару аптымальнага маршруту для транспартнага сродку з дапамогай навігатара (у 2 знач.).

Аўтамабільная н.

|| прым. навігацы́йны, -ая, -ае.

Н. перыяд.

Навігацыйныя прыборы.

Навігацыйная сістэма

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

смяльча́к, смельчака, м.

Разм. Смелы чалавек. Адразу ж знайшоўся смяльчак, распрануўся і скочыў у возера. Шашкоў. Смельчакі пад суцэльным шквалам агню ўсё ж неяк ухітраліся насіць у біклагах параненым ваду. Сачанка. Ніхто не адважваўся адкрыць перад Кацярынаю сваё сэрца, хоць смельчакоў хапала ў Залесавічах. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пая́ва ’з’яўленне’ (чач., Мат. Гом.). Да па‑ (< прасл. po‑) і я́ва < прасл. ava > прыслоўе avě > aviti ’з’явіцца, адкрыць, паказаць’, найбліжэйшым і.-е. адпаведнікам для якіх будуць літ. ovytis ’з’яўляцца’, ’з’яўляцца ў сне’, ст.-інд. āvíḥ, авест. āviš ’адкрыта’ (Міклашыч, 101; Бернекер, 1, 34; Слаўскі, 1, 527; Махэк, 178; Фасмер, 4, 540–541; Трубачоў, Эт. сл., 1, 94–95).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разя́віць ’раскрыць (рот)’ (ТСБМ), раззя́віць, роззя́віць, разьзя́віць ’раздуць, раскрыць (рот)’ (смарг., лях., віл., беласт., маст., шчуч., Сл. ПЗБ; Гарэц., Нас., Мал., Мядзв., Др.-Падб., Мат. Гом.), ’крычаць’, перан. ’адчыніць’ (Сл. ПЗБ), розя́віць, роззя́віць, розе́віць ’шырока адкрыць (рот)’ (ТС), разя́віцца, разя́віца ’раскрыць рот’, ’крычаць’, ’раскрычацца’ (шальч., трак., шчуч., даўг., Сл. ПЗБ), разяўля́цца ’зяваць’ (Яруш.). Ад раз- і зява́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., што.

1. Адсунуць, адхінуць, адвесці ўбок. Адсланіць фіранку. Адсланіць засланку. □ [Сымон] глядзіць, як бы чаруе, Ён шукае тую ніць, Каб заслону цемраную Ёй адсунуць, адсланіць. Колас.

2. Зрабіць незаслоненым; адкрыць. Адсланіць печ. □ [Насця:] «Ды вецер хмары перагоніць, І сонца твар свой нам адслоніць». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распяча́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Адкрыць, зняўшы пячаць або тое, чым запячатана што‑н. Распячатаць склад. // Раскрыць што‑н. заклеенае, запячатанае (пісьмо, пакет). Як толькі Андрэй апынуўся адзін, ён распячатаў канверт. Колас. Я нервова распячатаў пакет, адтуль выпала фотакартка Люды з надпісам: «Майму каханаму дурню». Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узлама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; заг. узламі; зак., што.

1. Ломячы, разбіць, адкрыць што‑н. замкнутае, запёртае. Узламаць дзверы. □ Ігнась сякерай узламаў замок, і жудасць ахапіла яго. Чарнышэвіч. // Праламаць, разламаць. У вагоне нумар дзесяць палонныя ўзламалі сцяну і выскачылі на хаду. Лупсякоў.

2. Зрабіць прарыў у чым‑н., парушыць што‑н. Узламаць абарону праціўніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прасто́ра, прасто́р ’разлегласць, абшар’, ’свабода, воля’ (ТСБМ, Нас.), укр. прості́р, рус. просто́р, польск. przestwor*przestor пад уплывам otworzyćадкрыць, адчыніць’, гл. Банькоўскі, 2, 911), славац. priestor, чэш. prostor, славен. próstor, серб.-харв. про́стор, балг. просто́р, макед. простор. Прасл. *prostorъ роднаснае *prosterti (гл. прасцерці). Супастаўляюць са ст.-інд. prastaráḥ ’падсцілка з саломы; раўніна’, staraḥ ’пласт’, лат. stara ’паласа’ і інш. (Бязлай, 3, 127; БЕР, 5, 774; Сной₂, 586).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)