перасмыкну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Зрабіць сутаргавы рух чым‑н. — Табе холадна? — спытаўся Валодзя, убачыўшы, што Ларыса перасмыкнула плячыма. Арабей. Канёк апусціў галаву, перасмыкнуў нагамі і застыў на месцы. Лупсякоў. // што. Перакрывіць твар, рысы твару. Алеся .. павольна, нават здзіўленымі вачыма, правяла гэтую пару, і нешта нервовае перасмыкнула яе твар. Пестрак. Ганарыстая, з’едлівая ўсмешачка перасмыкнула .. [Чэсіны] румяныя вусны. Брыль. / у безас. ужыв. Шыковіча перасмыкнула ўсяго. Ён не верыў сваім вушам. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праслізну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгаючыся, прайсці, праскочыць праз што‑н., паміж чым‑н. Пакуль я капаў, мае памочнікі так старанна перабіралі кожную грудку зямлі, што, бадай, і макавае зернетка не праслізнула б міма іх рук. Штыхаў.

2. Непрыкметна прайсці, прабрацца. Хвілінкі праз дзве зноў праслізнула фігура. Лабановічу здалося, нібы тая ж самая, што іх абганяла. Колас. Толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхіну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Тое, што і прыхіліць. А вуха к зямлі прыхіні Ля кожнай шахцёрскай сядзібы — Пачуеш, Як у глыбіні Іх рукі варочаюць глыбы. Аўрамчык. Апошняе, што памятаў Віця, гэта, як бацька прыхінуў яго да сябе і яны разам асунуліся ў снег... Нядзведскі.

2. Разм. Прыкрыць, прыхаваць, засланіць чым‑н. Прыхінуць ложак коўдрай. □ Вайцех трымаўся ўзлесся, дзе яго ў любы час мог прыхінуць ельнік. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рама́нс, ‑а, м.

1. Невялікі вакальны твор для голасу з інструментальным суправаджэннем. [Саша:] — Вы маглі даць няўдалую лекцыю, але гэта не можа пашкодзіць вам самім праспяваць, ну, напрыклад, раманс. Колас. // Невялікая музычная п’еса пявучага, меладычнага характару.

2. У сярэдневяковай заходнееўрапейскай літаратуры — лірычны любоўны верш песеннага народнага складу.

3. Невялікі лірычны верш, часта пакладзены на музыку. Рамансам таксама называюць лірычны твор, прысвечаны звычайна любоўным перажыванняў. Узорам беларускага раманса з’яўляецца «Зорка Венера» М. Багдановіча. А. Макарэвіч.

[Фр. romance.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фімія́м, у, м.

1. Духмянае рэчыва для курэння ў час рэлігійных абрадаў, а таксама дым, які ўзнікае пры згаранні гэтага рэчыва. // Аб прыемным паху наогул. Фіміям чаромхі.

2. перан. Ліслівая ўзнёслая пахвала. Калі гледачы не хочуць глядзець спектакль, калі штосьці не ўдалося, — ніякія крытычныя фіміямы ўжо не памогуць. Губарэвіч. Ну і Лаўрэн ад фіміяму захмялеў: З тае пары не дакранаўся ён да плуга, А толькі аб сваіх крычаў заслугах... Маеўскі.

•••

Курыць фіміям гл. курыць.

[Грэч. thymíama.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хітраму́дры, ‑ая, ‑ае.

Які выдзяляецца вынаходлівым розумам. [Іван Пераход:] — Ну, думаю, ты хаця і хітрамудрая, але я перахітру і перамудру цябе!.. І ў першую ж палучку пашыбаваў у кнігарню. Васілёнак. Я не быў такім хітрамудрым, а напісаў папросту і шчыра: «Мой бацька бедны, а да навукі я здольны». Дубоўка. // Які хітра і ўмела прыдуманы, зроблены. Аўгіня.. умела ткаць найпякнейшыя паяскі, з самымі хітрамудрымі ўзорамі: з грабелькамі, падкоўкамі, васількамі. Бядуля. Хітрамудрыя планы адваката лопнулі, як мыльная бурбалка. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апрану́ць, ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адзець каго‑н. [Маці] апранула малую і паставіла за стол на лаву. Брыль. // Адзець, нацягнуць на сябе якую‑н. вопратку. Пад дзень.. [Толіку] стала холадна, і ён апрануў кажух. Чорны. Васіль Дзянісавіч надзеў халат, апрануў паліто, глыбей насунуў кепку і ўзяў у рукі партфель. Мележ.

2. Забяспечыць неабходнай вопраткай. Апрануць сям’ю.

3. Адзець прыгожа, выстраіць. Апрануць як на баль.

4. перан. Пакрыць. Веснавая цёплая ноч толькі што апранула зямлю і раскідала свае таемныя чары. Колас.

5. перан. Увасобіць што‑н. у якой‑н. форме. Апрануць мядзведзем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́бухнуць 1, ‑не; зак.

1. Узарвацца, разляцеўшыся на часткі. Вось адзін снарад выбухнуў зусім блізка. Васілёнак.

2. З сілай вырвацца адкуль‑н. Танк адразу нейк акамянеў на месцы, і полымя з дымам выбухнула з яго. Чорны.

3. перан. Нечакана пачацца, раптоўна ўзнікнуць. Выбухнула забастоўка. Выбухнулі воплескі. □ Пажар той выбухнуў, як з грому, Хоць ён і меў свае прычыны. Колас. Жыў у тваёй маўклівасці прысуд. І, калі гнеў твой выбухнуў, раскуты, — Маё збавенне праз твае пакуты Прыйшло. Ды не пазбавіла пакут. Грачанікаў.

вы́бухнуць 2, ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да выбухаць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сунуць, ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Выставіць вонкі, паказаць што‑н. Не выходзячы з сянец, Сцяпан высунуў у прачыненыя дзверы галаву і пачаў узірацца. Пальчэўскі. Я ціхенька выцягнуў і паклаў на калені стрэльбу, якую ўжо быў высунуў у «акенца». Ляўданскі.

2. Перамясціць на адкрытае месца. Казакі высунулі стол на пасяродак хаты і накрылі яго чорным сукном. Гарэцкі. // Выцягнуць, дастаць што‑н. знутры чаго‑н. Высунуць шуфляду са стала.

3. перан. Прапанаваць для абмеркавання; выставіць прапанову. Высунуць план, праект.

•••

Высунуць (выткнуць) нос — выйсці з дому, паказацца дзе‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мане́р, ‑а, м. (ужыв. толькі ў В і Т скл.).

Спосаб дзеяння, лад, узор. Андрэй дастае .. шчарбаты чайнік, налівае яго вадою з тэндэра і.. прымайстроўвае чайнік да топкі.. Такім жа манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Лынькоў. На працу .. [даяркі] ішлі ў добрым, пашытым на сучасны манер адзенні. Хведаровіч. / у знач. прыназ. у спалуч. з «на». — Як ты мяркуеш, Мартыне, — парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, — ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска? Колас.

•••

На адзін манер — аднолькавы, падобны; аднолькава, падобна.

На свой манер — па-свойму, не так, як іншыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)