уго́лас, прысл.
1. Вымаўляючы гучна, так, каб было чутно для другіх. [Колас:] — Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе. Лужанін. Убачыўшы, што я бяру напрамак да машыны,.. [чалавек] яшчэ старанней замітусіўся, а потым уголас пачаў лаяць шафёра: — Хіба гэта вадзіцель! Партач, а не вадзіцель! Кулакоўскі. // Так, што можна пачуць. Марыць уголас. □ Стары [ляснік] прывык да адзіноты, цішыні і таму думае ўголас. Хомчанка. // Гучна, моцна, голасна. Часамі [Самабыль] заліваецца смехам уголас, а часам проста смяецца моўчкі. Колас. Адна толькі Ганька сядзіць у мыцельніку, і адну яе толькі ніхто не заўважае. Гэта няўвага так крыўдзіць Ганьку, што яна не можа больш стрымацца. Яна плача горка, плача ўголас... Васілевіч. Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас. Мележ.
2. перан. Адкрыта, на людзях. [Лёнік] не забываў пра .. [рагатку], але загаварыць аб ёй уголас не адважваўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упіка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго, каму, з дадан. сказам і без дап.
Папракаць каго‑н., выказваць неадабрэнне, нездавальненне за што‑н. Глядзеў [Звераў] на трапяткі сонечны зайчык.. і ўпікаў сябе за тое, што схлусіў урачу. Алешка. Так, так, Паліна больш за ўсіх будзе ўпікаць.. [Ніне], што ў апошні час не пісала і нават у час канікулаў не наведалася дамоў. Сіўцоў. І хоць дзеду Мікалаю ўжо ішоў восьмы дзесятак — .. ён, і не думаў пакідаць працу і вельмі злаваўся, калі бабка Вікця ўпікала, што ён цэлымі днямі прападае на ферме. Даніленка. [Яраш:] — Я расказаў Галі пра гэтую жанчыну яшчэ да таго, як мы пажаніліся. Тады яна змаўчала і сказала, што ўсё разумее... А цяпер упікае. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.
1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.
2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блізі́р, ‑у, м.
У выразе: для (дзеля) блізіру — пра тое, што робіцца, выконваецца для адводу вачэй. І калі напачатку.. [Малінін] размаўляў з Маняй проста так, дзеля блізіру, каб пазабаўляцца, то цяпер ужо, адчуваецца, стаў шкадаваць маладуху. Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсвянца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм. Адсцябаць, адлупцаваць. [Вадзік:] — Калі ты зараз жа не сціхнеш, дык я цябе так адсвянцаю, што свету не ўбачыш. Асіпенка. [Міхал:] — Як адсвянцаю разоў сто, Як адлуплю — тры дні не сядзе! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кіпяці́ць, ‑пячу, ‑пяціш, ‑пяціць; незак., што.
Награваць вадкасць так, каб яна кіпела; даводзіць да кіпення. Кіпяціць ваду. / Пра пасудзіну, у якой награваюць вадкасць да кіпення. Кіпяціць чайнік. Кіпяціць самавар. // Трымаць, варыць у кіпячай вадкасці. Кіпяціць бялізну.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знябы́цца, ‑будуся, ‑будзешся, ‑будзецца; зак.
Разм. Змарыцца, змучыцца. Ян зусім знябыўся, ледзьве ходзіць. Чарнышэвіч. [Быстроў] стрымана, з насмешачкай, расказаў, як гадоў пяць назад, палюючы ў тайзе, так знябыўся, што зваліўся ў снег і ледзь не замёрз. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кучо́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Шапка футрам наверх. На галаве — авечая кучомка, на плячах кажух. Лобан. — Ці бачыш што? — Не, так, нічога! — Гаворыць Костусь, а ў самога На лоб кучомка напаўзае... Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захаладзе́ць, ‑ее; зак.
Разм.
1. Стаць халодным; застыць. Ногі захаладзелі.
2. Адчуць холад ад уздзеяння якога‑н. моцнага пачуцця. Ілонка штурхнула дзверы. Яны рыпнулі моцна і дзіка, так, што ў яе ажно захаладзела ўсё ўнутры. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неспадзе́ўка, ‑і, ДМ ‑дзеўцы; Р мн. ‑дзевак; ж.
Разм. Нечаканы, непрадбачаны выпадак, здарэнне і пад. Параход так раўнуў, што Сашка ад неспадзеўкі аж прысеў. Даніленка. Для мяне.. [прапанова выступіць] была неспадзеўкай, і я неяк аж збянтэжыўся. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)