няўзна́к, прысл.

1. Непрыкметна. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак. Купала. Малашкін трымаў аловак у правай руцэ, стукаў па стале няўзнак і пры гэтым крывіўся. Пестрак.

2. Хоць бы што, неўзаметку. Бывае часам стомішся, аднак пагрэешся ля вогнішча і зноўку каменні на шляху табе няўзнак. А. Вольскі. Няважна, што цэлы тыдзень я буду есці нішчымныя крупы і бульбу, гэта няўзнак. Скрыган.

3. Выпадкова, ненаўмысна. — Не шкадуеце, што пайшлі? — жуючы маласольны агурок, быццам няўзнак, спытаў у мяне доктар. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.

Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. Верчучы, падлажыць пад сябе; падгарнуць. Піліп Андрэевіч узяў у мяне папяроску, закурыў, ямчэй падвярнуў пад галаву падушку. Краўчанка.

2. Няёмка падагнуўшы, пашкодзіць; вывіхнуць. Пасля дажджу раз пакаўзнулася [Маня] на роўнай дарозе, упала і падвярнула нагу. Васілевіч.

3. Крута звярнуўшы, пад’ехаць куды‑н.; накіраваць. Падвярнуць падводу да крайняй хаты. Падвярнуць лодку да берага.

4. Падварушыць, крыху павярнуць. Падвярнуць сена.

5. безас. Аб раптоўным адчуванні млоснасці, болю і пад. Стала душна, падвярнула пад грудзі. Блажыла. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкало́ць 1, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.

1. Прыкалоць, загінаючы або падгінаючы знізу. Падкалоць падол.

2. Прымацаваць шпількамі, сашчэпкамі, дадаючы да таго, што ўжо маецца. Падкалоць дакументы.

3. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, непрыемнае. — А вы, дзядзька, мусіць, некалі хвацкім кавалерам былі? — непрыкметна падколе Ваньку які-небудзь жартаўнік. Васілевіч. Васіль не адразу зразумеў жарт — ведаў, што бацька можа моцна і падкалоць часам, гэтак знянацку. Шамякін.

падкало́ць 2, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., чаго.

Накалоць дадаткова. Падкалоць дроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паніжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Зрабіцца, стаць ніжэйшым або размясціцца ніжэй. Матчын дом, здаецца, яшчэ глыбей уехаў у зямлю, паніжэў, паблажэў. Навуменка. Ляснік падышоў да браканьера, і той адразу панік, паніжэў. Кірэенка. Сонца паніжэла і зрабілася нейкім асабліва літасцівым і добразычлівым да зямлі: не пячэ, не сушыць, а толькі песціць — нібыта купае яе, стомленую і знямоглую за лета, у ласкавых промнях. Васілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца (аб узроўні, інтэнсіўнасці і пад.). Напружанне току паніжэла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́да, ‑ы, ДМ ‑радзе, ж.

1. Прапанова як дзейнічаць, рада. Людзі з суседніх вёсак часамі ішлі да .. [настаўніка] за нарадай, чым вывесці вусень .. або якія гатункі садавіны лепей да чаго прышчэпліваць. Васілевіч. — Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! — дапамагаў Міколка сваімі парадамі. Лынькоў.

2. Сумеснае абмеркаванне чаго‑н., кароткая нарада. Ідучы дружнаю параю, [а. Мадэст і Нішкевіч] часамі прыпыняліся на вуліцы і рабілі кароткую параду, куды зайсці? Колас. І тады пастух Арцём аратых Склікаў разам для парады. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́шча, ‑ы, ж.

Рот звера, рыбы. Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся нерухомы .. з нагою хлопчыка ў пашчы. Маўр. На паперы з’яўляецца воўк — пашча ашчэрана, хіб натапыраны, хвост як палена. Васілевіч. Сабака кінуўся на .. [Сцёпку], ашчэрыўшы ікластую пашчу. Хомчанка. // Разм. зневаж. Вялікі і непрыгожы рот чалавека. І сала і хлеб прападалі ў пашчы Касперыча. Колас. // перан. Цёмнае паглыбленне ў чым‑н. Электраплавільная печ прыняла метал, і Міхал сам, замест падручнага, узяўся кідаць у яе вогненную пашчу стальныя брыкеты. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. і з дадан. сказам. Прымусіць паверыць чаму‑н., упэўніць у чым‑н. Словы [Лясніцкага] пераканалі і супакоілі дзяўчыну. Шамякін. Варановіч пераканаў Шлыка, што той можа мець яшчэ і вышэйшую адукацыю, калі .. возьмецца за вучобу. Дуброўскі.

2. з інф. або злучн. «каб». Угаворамі схіліць да чаго‑н., прымусіць зрабіць што‑н. Бастуючым удалося пераканаць рабочых далучыцца да ўсеагульнай забастоўкі. «Полымя». Паспрабуй пераканаць чалавека, каб ён рабіў тое, да чаго ў яго ахвоты няма. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́езд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Счэпленыя паміж сабой чыгуначныя вагоны, якія цягне па рэйках паравоз. Прыгарадны поезд. Скоры поезд. Таварны поезд. □ Поезд хаваўся то пад кронай свежай яркай зелені, то імчаўся паміж вясёлых пералескаў. Васілевіч.

2. Шэраг павозак, накіраваных адна за адной у якім‑н. напрамку. Шум, гамана ўзняліся, калі вясельны поезд — пяць расквечаных троек .. — паказаўся за сялом на дарозе. Ракітны.

•••

Маршрутны поезд — таварны поезд, які ідзе да месца прызначэння без змены саставу і вагі грузу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыблі́зіцца, ‑блі́жуся, ‑блі́зішся, ‑блі́зіцца; зак.

1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць да каго‑, чаго‑н. Хвядзько саскочыў на другі бок ка́раў, абышоў іх і прыблізіўся да людзей. Лобан. Рыгор выйшаў у пустую глядзельную залу і прыблізіўся да ўваходу за сцэну. Гартны.

2. Стаць блізкім у часе.

3. Стаць больш блізкім да каго‑н., зблізіцца з кім‑н. Пасля размовы з лейтэнантам Юзік зноў нібы прыблізіўся да .. [Любы]. Васілевіч.

4. Стаць падобным на што‑н. Прыблізіцца да лепшых узораў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)