вы́казацца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; зак.

1. Выказаць, выкласці сваю думку, погляды, пачуцці і пад. Хто хоча выказацца? □ Папас разумее, што трэба даць выказацца ўсім, хто жадае, і ён спакойна слухае, занатоўвае што-нішто сабе на паперку. Галавач. // за каго-што або супроць каго-чаго. Выявіць свае адносіны пры абмеркаванні чаго‑н. Выказацца за ўнесеную прапанову.

2. Закончыць выказванне, выказаць усё; выгаварыцца. [Паліна] з прытоенай хітрасцю чакала, што Ніна не стрымаецца, выкажацца перад ёю да канца. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́касіць, ‑кашу, ‑касілі, ‑касіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Скасіць траву і пад. дзе‑н. У апошнюю касавіцу Пятрок, не мяняючы да Алімпы сваіх ранейшых адносін, выкасіў яе дзялянку сена. Ракітны.

2. чаго. Накасіць пэўную колькасць; укасіць. Выкасіць мяшок канюшыны. □ Ілля выкасіў нанач каню атавы і, павячэраўшы, выйшаў у горад. Галавач.

3. перан. Знішчыць у вялікай колькасці людзей, жывёлы (пра пошасць). За тры пакаленні халера двойчы выкасіла Азярышча. Караткевіч. // Знішчыць агнём. Пажарам выкасіла паўвёскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выпадко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’явіўся, узнік выпадкова, нечакана; непрадугледжаны. Выпадковы спадарожнік. Выпадковы госць.

2. Які адбываецца ад выпадку да выпадку, не заўсёды. Выпадковыя наведванні. Выпадковыя заработкі.

3. Не агавораны пэўнымі правіламі, патрабаваннямі. Выпадковы рэпертуар. Выпадковыя назіранні. // Пра чалавека, які займае якое‑н. месца беспадстаўна.

4. Не абумоўлены непасрэднай прычынай. Выпадковы поспех.

5. Учынены без намеру. [Ягупла].. сказаў у прысутнасці прафесара лішняе і хацеў цяпер, каб словы ягоныя прафесар прыняў як выпадковыя. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

барані́цца, ‑ранюся, ‑ронішся, ‑роніцца; незак.

Абараняцца, адбіваючы напад праціўніка, ворага. Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца, Скала непрыступная наша граніца. Крапіва. Мы паспрабавалі бараніцца гранатамі, але і гранат хапіла на некалькі мінут. Няхай. // Разм. Засцерагаць сябе ад каго‑, чаго‑н. Ад чалавека лягчэй бараніцца, калі той нападае адкрыта, а не б’е ў спіну, знянацку. Шамякін. Ляныя валы паціху ідуць уперадзе сахі, бароніцца хвастамі ад аваднёў і мух, махаюць галовамі, аж ярмо рыпіць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і заўлада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., кім-чым.

1. Узяць што‑н. у сваё ўладанне; захапіць. Чалавек навучыўся браць багацці зямлі, навучыўся рабіць машыны, завалодаў морамі, рэкамі, паветрам. Галавач. [Птушаняты] злосна штурхаюцца, стараючыся завалодаць большым і лепшым кавалкам. В. Вольскі.

2. перан. Прыцягнуць да сябе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Колас. Ідэя электрыфікацыі завалодала калгаснікамі ўсіх калгасаў сельсавета. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Штучна зробленая перашкода. Мінная загарода. Аэрастаты паветранай загароды. □ Сапёры размотвалі скруткі калючага дроту, забівалі ў зямлю калы. Будавалі драцяную загароду. Хомчанка.

2. Агароджа, загарадзь (у 1 знач.). Машына, на якой прыехалі Павел Андрэевіч і прафесар, з павароту паціху прайшла за высокую загароду прасторнага.. двара. Галавач.

3. Тое, што і загарадзь (у 2 знач.). Не прывяла Зося ад бацькі каровы, вось і пустуе загарода ў Верамейчыкавым хляве. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прые́зджы, ‑ая, ‑ае.

Які прыехаў, прыбыў адкуль‑н. Вылі тут і штацкія гарадскія людзі, і прыезджыя сяляне, і вайскоўцы. Галавач. Частка прыезджых спецыялістаў толькі што ўсялілася ў новыя дамы. Кулакоўскі. // у знач. наз. прые́зджы, ‑ага, м.; прые́зджая, ‑ай, ж. Той (тая), хто прыехаў адкуль‑н. — Дайце ваш чамадан, я занясу яго ў пакой для прыезджых. Колас. — Хто гэта? — механічна спытаўся Багуцкі ў суседа.. — Прыезджы... З Берліна... Лічыцца спецам па службе пуці... Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Тое, што і падраўнаваць. — Прасячэ Тарэнта ў стопцы акно, падраўняе падлогу, глінай яе пазамазвае і будзе жыць. Галавач.

2. Размясціць у рад па прамой лініі. Ужо роту падраўняў старшына.., далажыў капітану Ігнатаву. Алешка.

3. перан. Зрабіць аднолькавым, аднастайным у якіх‑н. адносінах. Увайшоў Сяргей.. — Ого! Зусім не пазнаць, — заўважыў Максім.. — Толькі трэба схадзіць у цырульню, — параіла Вера. — Трохі падраўняць валасы. Шавялюры не шкадуй, хутка адрасце. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. перабіраць — перабраць (у 1, 3, 4 і 6 знач.) і перабірацца — перабрацца (у 2 знач.).

2. Дзеянне паводле дзеясл. перабіраць (у 2 знач.).

3. Лішак, узятае звыш меры, нормы; проціл. недабор. Перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Колас.

4. Частае чаргаванне якіх‑н. гукаў; перазвон, перастук. Пералівістыя пераборы галасоў. □ Баяны і гармонікі заігралі ў перабор. Калачынскі. Ззаду грымелі, разрываючыся, снарады і густа, з пераборамі, ляскаталі кулямёты. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Прыбіць што‑н. у многіх месцах, прыбіць усё, многае. На сценах дамоў і на дашчатых платах.. [фашысты] папрыбівалі загад, надрукаваны адразу на чатырох мовах. Сачанка.

2. каго. Разм. Вельмі моцна збіць усіх, многіх. — Чаму ў таку [збіраецца моладзь]? — здзівіўся Мілоўскі. — Каб бацькі не ведалі. Там такія хлапцы прыйшлі, што калі б бацькі даведаліся, папрыбівалі б да смерці. Галавач.

3. безас. Прыгнаць сілай вады, ветру ўсё, многае. Папрыбівала лодкі да берага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)