паўкро́к, ‑у, м.

1. Адлегласць, роўная палавіне кроку. Як бы хацелася Васілю ісці ў нагу з гэтымі людзьмі і ніколі нават на паўкроку не адставаць! Кулакоўскі.

2. Рух нагой у час хадзьбы, у выніку якога пераадольваецца адлегласць, роўная палавіне кроку. Гэта было так нечакана, а малюнак, які раптоўна адкрыўся яму, быў настолькі прыгожым, што Васіль Васільевіч спыніўся на паўкроку. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Цягацца некаторы час. Таксама Уладзя да работы Больш, чым да кніжак, меў ахвоты: Любіў ён з цэпам завіхацца, Або па лесе пацягацца. Колас.

2. Памерацца сіламі; паспаборнічаць. — А давайце, Паўліна Сямёнаўна, пацягаемся, хто каго перагоніць, — прапанаваў сакратар. Дуброўскі. Адны [са шпакоў] падладжваліся пад жаваранкаў, другія — пад драздоў, а некаторыя спрабавалі нават пацягацца ў песенным майстэрстве з салаўямі. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачэ́знуць, ‑чэзну, ‑чэзнеш, ‑чэзне; пр. пачэз, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Памарнець, павянуць — пра ўсё, многае. Зусім пачэзлі выгодаўскія палоскі, што на ўзгорках паміж бору. Лынькоў. // Згубіць здароўе, знясілець — пра ўсіх, многіх.

2. Чэзнуць некаторы час. Зваліцца з ног, небарака, перакінуць яго [зняволенага] ў асобны катух, пачэзне там з тыдзень, ды і аддасць богу душу. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасту́квацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць адначасовы або папераменны часты стук (аб некалькіх прадметах). Перастукваюцца аўтаматычныя станкі. □ Мерна перастукваюцца буферамі вагоны. Сяргейчык.

2. Перагаворвацца з кім‑н. пры дапамозе ўмоўнай сістэмы стукаў. Пятро зразумеў, што арыштаваны забаўляў яго песняй для таго, каб другія, што сядзелі ў розных камерах, у гэты час маглі перастуквацца праз сцяну. Капусцін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плех, ‑а, м.

1. Месца на галаве, дзе не выраслі або вылезлі валасы; лысіна. Хадосьчын бацька Ігнат, з ружовым плехам і барадою, .. час ад часу пакрыкваў на жонку... Мележ. // Разм. Месца з вылезлай шэрсцю, футрам.

2. Голае месца сярод поля, лесу і пад. Сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Іх пакінулі знарок — абсемяняць аголены плех і заводзіць новы лес. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́мпа 1, ‑ы, ж.

Прыстасаванне, якім пампуюць вадкасць або газ; насос. Матор помпы ўключаны, шланг укідаюць у студню, і вось — струмень вады, ператвораны ў страшную сілу, уразаецца ў полымя... Брыль.

по́мпа 2,

Непраўдзівая, паказная пышнасць. [Слаўка:] — Навошта ўся гэтая помпа, з якой вы праводзіце нарады камандзіраў партызанскіх груп? Новікаў. Адкрыццё бальніцы ў свой час адбывалася з вялікай помпай, аб ім многа пісалі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́жыцца, ‑жыцца; незак.

1. Падвяргацца пражанню.

2. Разм. Пячыся на сонцы. Вымушаная раней увесь час пражыцца на санцапёку, .. [Паліна Фёдараўна] цяпер заўсёды знаходзіла вольнае месца пад парусінавым грыбам. Паслядовіч.

3. Зал. да пра́жыць (у 1 знач.).

пражы́цца, ‑жыву́ся, ‑жыве́шся, ‑жыве́цца; ‑жывёмся, ‑жывяце́ся; зак.

Разм. Патраціць на пражытак. Але Бачурка ведаў, што Сашка рызыкне пайсці да бацькі толькі тады, калі яны пражывуцца да апошняй капейкі. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праката́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Спец. Падвергнуцца пракатцы.

праката́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Тое, што і пракаціцца (у 2 знач.). Пракатацца на машыне. □ А цяпер Васілінка не бегла, а ляцела да таго лесу з надзеяй пракатацца, ды не як-небудзь, а стоячы на возе і трымаючы ў руках лейцы. Ус.

2. Катацца некаторы час. Пракатацца на санках цэлы дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Прасвідраваць. [Майстар:] — Будзем лічыць, што вось на гэтай самай планцы нам трэба, пракруціць дваццаць такіх дзірачак. Кулакоўскі.

2. Прывесці што‑н. у вярчальны рух. Пракруціць педалі веласіпеда.

3. Разм. Зрабіць, апісаць круг у якім‑н. танцы. — Больш двух кругоў я польку не пракручу! — гаварыў .. [Пятро] з запалам. Ваданосаў.

4. і без дап. Круціць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамча́цца, ‑мчуся, ‑мчышся, ‑мчыцца; зак.

1. Вельмі хутка прабегчы, праехаць; пранесціся. Цяжка тупаючы ботамі, паўз нас прамчаліся паліцэйскія... Хомчанка. Аўтамашына прамчалася гэтак жа хутка, як і паказалася. Кавалёў. // перан. Пранесціся, уявіцца. Гэтыя думкі маланкай прамчаліся ў .. [Маркавай] галаве. Васілеўская.

2. перан. Хутка, непрыкметна прайсці, мінуць (пра час). Хто можа не паверыць, што ў гарачай працы непрыкметна, без аглядкі прамчаліся гэтыя месяцы?! Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)