су́таргавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікаецца сутаргай, з’яўляецца ёю. Дыхнуўшы цёплага паветра,.. [Сотнікаў] пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве. Быкаў. // Які суправаджаецца сутаргамі, неадвольны і моцны. Сутаргавы кашаль. □ Лейтэнант зрабіў некалькі сутаргавых глыткоў і перарывіста задыхаў. Курто. Пачулася ўсхліпванне — прыдушанае, сутаргавае. Місько.
2. перан. Парывісты, напружаны, рэзкі. Сутаргава парыў ветру быў моцны і нечаканы. Савіцкі.
3. перан. Хваравіта-неспакойны, ліхаманкавы. Паступова крыкі .. [Рывы] слабеюць, глухнуць, пераходзяць у сутаргавы шэпт. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., што.
1. Зразумець, ахапіць розумам. Уразумець ісціну.
2. Асэнсаваць што‑н. Уразумець свой патрыятычны абавязак. □ Азірнуцца і ўразумець, што з табою здарылася, ці жывая ты — няма калі... Няма калі перавесці дух і азірнуцца на казачную прыгажосць падземнага царства. Васілевіч. Але ў гэты момант адбылося нешта такое, чаго Мірон зусім уразумець не мог. Маўр.
3. Усвядоміць, зразумець што‑н. Уразумець свае памылкі. □ [Брат] яшчэ не мог уразумець Зосінага ўчынку. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хітраму́дры, ‑ая, ‑ае.
Які выдзяляецца вынаходлівым розумам. [Іван Пераход:] — Ну, думаю, ты хаця і хітрамудрая, але я перахітру і перамудру цябе!.. І ў першую ж палучку пашыбаваў у кнігарню. Васілёнак. Я не быў такім хітрамудрым, а напісаў папросту і шчыра: «Мой бацька бедны, а да навукі я здольны». Дубоўка. // Які хітра і ўмела прыдуманы, зроблены. Аўгіня.. умела ткаць найпякнейшыя паяскі, з самымі хітрамудрымі ўзорамі: з грабелькамі, падкоўкамі, васількамі. Бядуля. Хітрамудрыя планы адваката лопнулі, як мыльная бурбалка. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хлапчы́на, ‑ы, м.
Разм. Малады чалавек, дзяцюк. І вось у гэты час да нас падышоў высокага росту, добра адзеты хлапчына гадоў дваццаці. Пальчэўскі. — Памесцімся, — супакоіў нас шафёр, вясёлы гаваркі хлапчына, відно, вялікі ахвотнік да сваіх дарожных стрэч і знаёмстваў з самым розным людам. Васілевіч. // Рослы, плячысты малады чалавек. [Бацька:] — Мужчына ж, канешне! Эх, а хлапчына які вялікі вырас за гэтыя чатыры гады. Мележ. Прыйшоў Мікіта — дужы хлапчына з масянжовым тварам, троху сутулаваты, унурысты і маўклівы. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. на каго. Спыняць каго‑н. вокрыкам «цыц», «ц-с-с», прыкрыкваць, забараняючы рабіць што‑н. — Ціха ты! Дзяцей перапужаеш! — цыкае на.. [Алеся] Варвара. Васілевіч. Нават калі бабка часам патурала ўнуччыным капрызам, [дзед] цыкаў на яе як за вялікую і вельмі важную правінку. Сабаленка.
2. Пляваць, сплёўваць праз зубы. [Клемусь] курыў звыклыя камсамольскія «пушкі» і цыкаў слінаю праз зубы ў качаргі. Чорны. Курцы смалілі махорку і цыкалі слінай пасярод хаты. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гуча́ць і гучэ́ць, ‑чыць; незак.
1. Утвараць гукі. Стрэлы гучалі адзін за адным. Дамашэвіч. // чым. Поўніцца гулам, быць напоўненым якімі‑н. гукамі. Лес гучыць птушынымі песнямі.
2. Раздавацца, быць чутным. Гучала мелодыя вясёлай песні, мякка звінелі дзявочыя галасы. Дуброўскі. Усё ўжо скончылася, людзі разыходзіліся па хатах, а ў вуш[ах] Аксінні гучэлі і гучэлі іх галасы. Кулакоўскі.
3. перан. Мець тое ці іншае значэнне, рабіць уражанне. Словы Любы гучалі пераканаўча. Васілевіч. Словы дзядзькі Харытона гучалі як прароцтва. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
відаво́чна,
1. пабочн. Напэўна, відаць; мабыць, мусіць. Голас, у якім чулася шчырая жаласць і спачуванне, відавочна, належаў пажылой жанчыне. Васілевіч. Зараз Антона Пятровіча па вечарах Віктар амаль не бачыў: відавочна, у таго была тэрміновая работа на базе. Даніленка.
2. прысл. Яўна, прыкметна; адкрыта. Кадэты відавочна цягнулі за цара, але, не зважаючы на гэта, адносіны паміж самаўладствам і думаю пагоршваліся. Колас.
3. безас. у знач. вык. Ясна, бясспрэчна. [Кандраценка:] — Зусім відавочна стала, што гораду патрэбен галоўны архітэктар. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здага́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Думка, меркаванне, заснаваныя на верагоднасці, магчымасці чаго‑н. Здагадка бацькі была, безумоўна, правільная: чалавек да соснаў мог прыйсці толькі з лесу. Курто. Маланкай у свядомасці Міхала мільганула здагадка: — Ліст ці тэлеграма? Васілевіч.
2. Кемлівасць, здагадлівасць. Дзе не хапае сілы, там выручае спрыт, выручае здагадка. Лынькоў. — Ды ўсё ж няма ў нас у калгасе чалавека з большай гаспадарчай здагадкай, чым Маркавіч. Краўчанка.
•••
Губляцца ў здагадках гл. губляцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зло́мак, ‑мка, м.
1. Непрыгодная, паламаная рэч. — Плуга новага дагэтуль мне не даверылі, а ўсё зломкі. Кірэйчык. // Адламаны кавалак чаго‑н. [Хлопцы] знайшлі неяк зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Брыль.
2. (звычайна з адмоўем). Разм. Пра слабага, надарванага чалавека. — Ты мне скажы, — раптам ажыўляецца Марфа, — знойдзеш ты хоць аднаго мужыка, няхай сабе самага апошняга зломка на сяле, каб ён застаўся ўдаўцом? Васілевіч. На развітанне ён сурова сказаў брату: — Не будзь зломкам. Не марнуй часу... Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зляпі́ць, зляплю, злепіш, злепіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць што‑н. лепкай. Зляпіць снежную бабу. Ластаўкі зляпілі гняздо пад страхой. // перан. Зрабіць неакуратна, хутка, на скорую руку. Вершы па заказу не пісаліся. Калі і злепіш які, выглядаў кволым, змардаваным. Калачынскі. — А раней злепіць чалавек халупу: мох сабе тырчыць, вуглы сабе, нават канцы бярвення не адпілуе... Васілевіч.
2. Разм. Злучыць чым‑н. ліпкім, клейкім; склеіць. Зляпіць лісты паперы. // Змацаваць кавалкі, часткі чым‑н. клейкім, ліпкім. Зляпіць кавалкі статуэткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)