лахма́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгую, густую поўсць; касматы. З кустоў, віляючы хвастом, выйшаў вялікі лахматы сабака. Скрыпка. // Зроблены са скуры з доўгай і густой шэрсцю. Лахматая шапка. Лахматы каўнер. // Разм. З доўгім ворсам (пра тканіны, а таксама вырабы з такіх тканін). Лахматая матэрыя. Лахматы ручнік.

2. З доўгімі і густымі ўскудлачанымі валасамі. Стары цыган Ляксей ляжаў пад сасною, палажыўшы лахматую галаву на корань. Каваль. // перан. Разм. Густы, кучаравы; з няроўнымі галінкамі, лістамі (пра расліны). Бэз лахматы Мірна свеціць на гародах. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дваі́цца, двоіцца; незак.

1. Раздзяляцца надвое; раздвойвацца. Нітка пачала дваіцца. След двоіцца. // Быць накіраваным адначасова на два прадметы (пра думкі, пачуцці і пад.). Думка стала дваіцца. □ Пачуцці яе дваіліся: так хацелася, каб муж паехаў да сына, але не менш хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся на працу. Шамякін.

2. Здавацца падвойным; падвойвацца (пра зрокавыя ўспрыманні). Варта было доўга паглядзець на што-небудзь, як яно пачынала дваіцца, расплывацца. Хомчанка.

3. Зал. да дваіць.

•••

Дваіцца ў вачах (звычайна безас.) — тое, што і дваіцца (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэмабілізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак.

1. Перайсці з ваеннага становішча на мірнае (пра ўзброеныя сілы, народную гаспадарку). Дывізія дэмабілізавалася.

2. Звольніцца з вайсковай службы пасля заканчэння вайны або тэрміну абавязковай службы (пра асабовы састаў). Калі грамадзянская вайна закончылася, Паўлюкоўскі дэмабілізаваўся і заняўся літаратурнай працай. Машара. Юстын ужо адслужыў у арміі, дэмабілізаваўся і зараз працаваў на заводзе паточных ліній. Няхай.

3. перан. Аслабіць актыўнасць, гатоўнасць да выканання якіх‑н. задач. Так .. павялося: жыццю патрэбны вінаватыя. Інакш людзі страцілі б пільнасць, дэмабілізаваліся б. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павысыпа́цца 1, ‑аецца; зак.

Высыпацца адкуль‑н. — пра ўсё, многае. Павысыпалася зерне з каласоў. □ Хлопчык павіс уніз галавой. Арэхі з яго кішэняў павысыпаліся на зямлю. Сіняўскі. // Разбіўшыся, выпасці ў многіх месцах, усюды. Выбухамі паадчыняла вокны, павысыпалася шкло, і было відаць, што кватэры пустыя. Арабей.

павысыпа́цца 2, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Выспацца — пра ўсіх, многіх. Дзяўчаты, што жывуць у дамку, скіданым з аполкаў на краю палянкі, дык не тое што павысыпаюцца, нават прыемных сноў не дасняць, калі яны каторым набрыдуць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пані́зіцца, ‑ніжуся, ‑нізішся, ‑нізіцца; зак.

1. Стаць, зрабіцца больш нізкім, меншым па вышыні або размясціцца нізка ад паверхні чаго‑н. [Ліда:] — Расліны заняпалі тут таму, што панізіўся ўзровень вады ў глебе. Паслядовіч. // Пагоршыцца, аслабець. Паспяховасць панізілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца (пра ўзровень, ступень, сілу, інтэнсіўнасць чаго‑н.). [Вера:] — Падкормка канчаецца, трэба ж нешта рабіць. А то надоі панізяцца... Асіпенка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым (пра голас, гук і пад.). Голас панізіўся да шэпту. // Набыць больш нізкае гучанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піса́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сацы, Т ‑ай, ж.

Разм.

1. Пагард. Пра пісьменніка (звычайна дрэннага, але пладавітага). А ўвогуле, каб яго воля, .. [Гукан] не дазволіў бы кожнаму пісаку корпацца ў мінулым .. Пішы пра тое, што бачыш вакол сябе. Шамякін. [Генерал] глянуў на мяне неяк здзіўлена — як гэта пісака можа даваць такія практычныя парады? Пестрак.

2. Жарт. Той, хто піша, умее пісаць (у 1 знач.). Часам за стол садзіўся бацька.. і казаў: — Ну, дарэктар, прымай яшчэ аднаго пісаку... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

празвіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

1. Утварыць звонкі, высокі гук. Ужо празвінеў першы званок, а Павел усё яшчэ не з’яўляўся. Шахавец. // Пачуцца, прагучаць (пра звонкі гук, голас). Танклявы галасок маленькай Верачкі празвінеў за сталом так нечакана, што ўсе сціхлі і павярнуліся да яе. Каршукоў.

2. перан. Стаць вядомым. [Аксіння:] — Глінчыха вунь, Наталька Чарнавус ды другія некаторыя гэтым летам на ўвесь раён празвіняць. Кулакоўскі. [Баяніст:] Наш ансамбль будуць запісваць для радыё. І пра цябе [Гэлю] запішуць. На ўвесь свет празвініш! Губарэвіч.

3. Звінець некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сёе-то́е, сяго-таго, займ. неазн., н.

Разм. Нямногае, нешта, некаторыя рэчы. Схапіўшы сёе-тое са стала, .. [хлапчукі] даядалі на хаду. Ваданосаў. Праўда, за шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Дуброўскі. [Бацька:] — Старая мне, бачыш, і з верхняга адзення сёе-тое пакінула. Бажко. // Штосьці (які‑н. асобны прадмет, факт, што не жадаюць называць). [Слаўка:] — У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. Новікаў. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое, а галоўнае — пра Ганну. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уміра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Пераставаць жыць. [Ірынка:] Мама, калі ўмірала, сказала мне, што гэта вы згубілі нас навек і майго тату. Чорны. // Вянуць, сохнуць (пра расліны). Маё сэрца, маё вока Цягне хвоя тая, Што ў лузе адзінока Сохне-умірае. Колас.

2. перан. Знікаць, прападаць. На ўсе варожыя пагрозы, на тэрмаядзерны ўвесь жах два словы даў твой ясны розум, што не ўміраюць у вяках: Мір! Дружба! Дубоўка.

3. перан. Адыходзіць у мінулае (пра грамадскія з’явы і пад.). Старое ўмірае, а новае нараджаецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёмна,

1. Прысл. да цёмны (у 1–6 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць святла або недастатковасць асвятлення дзе‑н. Ядвіся зірнула на вокны кватэры настаўніка. Там цёмна і страшна, бо пуста. Колас. Машына як у нару кінулася: і з правага боку цёмна, і з левага боку цёмна,.. толькі снапок святла ад фараў лізаў лужыны на дарозе. Лобан.

3. перан.; безас. у знач. вык. Пра змрочны, цяжкі настрой. На душы .. [Казіка] стала пуста і цёмна. Чарнышэвіч.

•••

Цёмна хоць вока выкалі гл. выкалаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)