пустэ́льня, ‑і, ж.
Тое, што і пустыня. Вярблюды ідуць, вярблюды Павольна адмерваюць крок, Па гліне сухой, па грудах — Пустэльняй ідуць здалёк. Хведаровіч. Пайшоў, як волат, праз пяскі Пустэльняю Турксіб. Броўка. Направа ўзнімалася зялёнае ўзгор’е вялікага кургана. Гэта быў аазіс у пагібельнай пустэльні балот. Самуйлёнак. Перад намі на поўначы дзікай У пустэльнях растуць гарады. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ране́т, ‑у. М ‑неце, м.
1. Сорт каштоўнай паўднёвай яблыні, на якой растуць кіславатыя яблыкі. Няма раўні маім ранетам, Па дрэўцу іх садзіў штогод. Астрэйка.
2. Плод гэтай яблыні. Стомлены вяртацца будзеш летам Па дарозе той, — Асвяжыш душу сваю ранетам, Бэрай залатой. Панчанка. Паўз вокны аўтобуса адплывалі назад купчастыя сады з налітымі сокам ранетамі. Даніленка.
[Фр. rainette.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., каго-што.
1. Пасяліць, даць месца для жылля (пра некалькіх або многіх). Рассяліць людзей па хатах. □ Перад наступленнем карнікаў быў .. загад: жанчын, дзяцей, хворых рассяліць у вёсках. Шамякін.
2. Пасяліць асобна адзін ад аднаго. Калі.. [хлопцаў] расселяць па розных пакоях, усё прападзе. А ў хлопцаў былі свае планы, свае меркаванні. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самкну́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад самкнуць.
2. у знач. прым. Спец. Шчыльны, такі, у якім адны з другімі стаяць вельмі блізка, на самай кароткай дыстанцыі па фронту або па фронту і ў глыбіню (пра строй). Самкнутыя рады. □ Рэхам даносіцца да нас марш самкнутага строю савецкіх байцоў і атрадаў партызан. «Работніца і сялянка».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свіна́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Працаўніца, якая даглядае свіней. Падбор свінарак вельмі ўдалы: абедзве маладыя, здаровыя і старанныя жанчыны. «Беларусь».
2. Абл. Тое, што і свінуха. [Міхля] ішла з ракітавым кашалём за гасцінец па лісіцы, па свінаркі. Яны ўрадзіліся гэтым годам кішма. Вясна цеплатою парыла.. і на грыбы не забылася. Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ско́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Тое, што і скаба; невялікая скаба. Змацаваць скобкамі.
2. Тып прычоскі, пры якой валасы падстрыгаюцца па прамой лініі па лбе і патыліцы. Унь яны стаяць. Яраш са скобкай валасоў і жалезным бранзалетам, Юллян Раткевіч глядзіць на Шайку і, здаецца, здагадваецца, што нешта адбылося. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скры́гат, ‑у, М ‑гаце, м.
Рэзкі гук, які ўзнікае пры моцным трэнні прадметаў адзін аб адзін. Рыгор пачуў злосны скрыгат зубоў. Гартны. Саламону, здавалася, што кожнае слова рэжа яму вуха, нібы скрыгат нажа па шкле. Бядуля. Па галоўнай Савецкай вуліцы горада хадзіла конка і чуваць быў жудасны скрыгат яе калёс, гучныя крыкі канагонаў. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сле́дам, прысл.
Услед за кім‑, чым‑н., не адстаючы. Дзяніска схапіў .. [Ганну] за падол і ішоў побач. Клава — следам. Шамякін. / У спалучэнні з прыназоўнікам «за». Памарудзіўшы, следам за моладдзю падаўся і Максім Сцяпанавіч. Карпаў. Мы выбіраемся са сваёй засады і следам за дзікамі ідзём па пратаптанай сцежцы. В. Вольскі.
•••
Следам за дзедам — па прыкладу старэйшых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму-чаму.
1. Спачуваць, адносіцца са спагадай да гора, перажыванняў каго‑н. Больш за ўсіх спагадала Надзі Ева Аўсееўна. Машара.
2. Адносіцца добразычліва да каго‑, чаго‑н.; праяўляць літасць. Спагадаць яго бездапаможнасць. □ І хоць бабка не надта спагадала нявестцы, але на гэты раз па-добраму накрычала па яе. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тарфя́нік, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Залежы торфу, тарфяное балота. Колькі пахадзіў Шаманскі па гэтых балотах... Усё меркаваў, каб як асушыць гектараў з паўтысячы тарфянікаў, дабрацца да іх залатога дна. Дуброўскі.
2. ‑у. Асушанае тарфяное балота. Праз пару год на асушаных тарфяніках .. зашугала збажына. «Беларусь».
3. ‑а. Спецыяліст па торфу або рабочы торфараспрацовак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)