сасні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што і з дадан. сказам.

Убачыць сон, убачыць што‑н. у сне. Спаў Даніла ў гэтую ноч.. добра і сасніў сваю жонку Ульяну. Кулакоўскі. І сасніла [Маша] дзіўны сон. Шамякін. Можа сасніць караваншчык сівы, Што недзе над Мінскам, Пад самым сонцам, Пра шчасце курлыкаюць журавы. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыстэ́рна, ‑ы, ж.

Рэзервуар для захоўвання і перавозкі вадкасцей. Напоўняць [ветракі] цыстэрны празрыстай вадой. Астрэйка. // Вагон ці аўтамабіль з цыліндрычным рэзервуарам для перавозкі вадкасцей, газаў і пылападобных грузаў (цэменту і інш.). Потым над палоскай ельніку мы ўбачылі паравоз, за ім жвава беглі, пазвоньваючы на рэйках, цыстэрны і чырвоныя вагоны таварняка. Хадкевіч.

[Ад лац. cisterna — вадаём.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бадзёрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., каго-што і без дап.

Надаваць сілы, энергіі, бадзёрасці; ажыўляць. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Прыемна было адчуваць, як свежае, халаднаватае ад вільгаці паветра лілося за расшпілены каўнер касавароткі, астуджвала і бадзёрыла цела. Дуброўскі. // Натхняць. [Леся:] — Стаяць над табой неадступна, Бадзёрыць і клікаць да бою, Здабыць у баі перамогу, Ці пасці, дык побач з табой! Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслане́ц, ‑нца, м.

Той, хто пасланы куды‑н. для выканання якіх‑н. даручэнняў. У штаб часта заходзілі пасланцы ад партызанскіх брыгад і атрадаў. Шчарбатаў. У тую ж ноч прыйшоў пасланец з пушчы, і .. [Алімпа] пайшла з ім. Сабаленка. / у перан. ужыв. Я ўбачыў.. [Стасю], і мне здалося, што яна — пасланец лёсу. Я ж яе ведаў... Навуменка. Не чайкі — галубы, Пасланцы міру, Ляцяць над нашым мірным караблём. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сашчэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Прылада для змацавання, сашчэплівання папер. — Вось яны, пісьмы! — [Малашанка] узяў стос аркушаў з вучнёўскіх сшыткаў і канвертаў, змацаваных сашчэпкай. Шамякін. [Шугай] выцягнуў з папкі некалькі аркушаў, змацаваных вялізнай сашчэпкай. Асіпенка.

2. Прыстасаванне, пры дапамозе якога счапляюць што‑н. Моцна націскаюць адзін на адзін вагоны, абвісае кручча, [якім] сашчэплены паміж сабою вагоны.. Міколка, павісшы над крукамі, раскручвае сашчэпку. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скарчане́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які азябнуў ад холаду; замерзлы. [Дзед] датыкаўся да шпалы скарчанелымі пальцамі, як граблямі. Пестрак.

2. Адубелы, застылы (пра труп). Калі ўзышло сонца,.. [Пацейчык] быў ужо скарчанелы, і мухі пачалі роіцца над яго страшным тварам. Чорны. // Адубелы; засохлы, закарэлы (пра рэчы). У курнай хаце мужык Падымаецца, .. Цягне лапці з палка Скарчанелыя. Купала. Цімох сядзеў на прыпеку. Выцягнуў з пячуркі скарчанелыя анучы, мяў іх і расціраў. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрадве́чнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць спрадвечнага.

2. Быццё. Злівайся зноў з сям’ёю рыб лятучых, З хмар навальнічных дажджавой вадой. Плыві і падначальвайся парадку Спрадвечнасці — пірогі без грабца — Дзе ўжо, здаецца, і табе пачатку Няма і не прадбачыцца канца. Куляшоў. // Тое, што існуе здаўна. І вось робіцца цуд. Раптам сярод гэтай спрадвечнасці вы бачыце новенькі дах дома, што высіцца над макаўкамі лістоўніц і сосен. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сталю́га, ‑і, ДМ ‑люзе, ж.

1. Прыстасаванне для распілоўкі бярвёнаў на дошкі; высокія козлы. Эх, бацька, бацька!.. Няўжо гэта той самы ты, што, пілуючы на прыгуменні дошкі, стаяў на сталюгах і зверху пасмейваўся з сыноў? Брыль. Тоця, ездзячы па тавары, не раз бачыла, як на гэтым пляцы шархалі на сталюгах падоўжныя пілы, а над цагляныя падмуркам завіхалася з паўдзесятка чалавек. Ракітны.

2. Сталярны варштат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чабаро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чабару. Чабаровы водар перабіваў кіслы толавы пах, які кружыў галаву. Алешка.

2. Прыгатаваны з чабару; сабраны з кветак чабару. Чабаровы настой. □ Пасля лазні Віця забег на кухню, дзе Маша пачаставала яго духмяным чабаровым чаем, а адтуль падаўся ў клуб. Корзун.

3. Які парос чабаром. На чабаровых узлесках прыпякала сонца, і зграі аваднёў неслі над коньмі варту. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́піцца, ‑піцца; зак.

Разм. Сабрацца кучай, масай. Скупіліся хмары над лесам. // Сабрацца разам, збіцца ў кучу, стоўпіцца. Павел.. прысеў і грэе рукі над полымем. Усе скупіліся каля яго. Пестрак. Навокал прыбранага ад посуду стала скупіліся госці. Чыгрынаў.

скупі́цца, ‑плю́ся, ‑пі́шся, ‑пі́цца; незак., на што, з інф. і без дап.

Неахвотна расходаваць, даваць іншым што‑н.; быць празмерна ашчадным. Скупіцца на пачастунак. □ Зайкін скупіўся аплаціць працадні так, як гэта нават дазваляла калгасная капейка. Дуброўскі. Як ні скупіўся [Арцём], як ні шкадаваў, а кожны раз купіць сынку то абаранак, то пернічак. Бядуля. // (звычайна з адмоўем). Быць шчодрым на што‑н. Не скупіўся [Галавач] некага пахваліць, нечаму парадавацца. Скрыган. Ванда Адамаўна, у процілегласць мужу, ніколі не скупілася на словы. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)