мядзве́дзь, ‑я, м.
1. Вялікая драпежная млекакормячая жывёліна з густой поўсцю і тоўстымі нагамі. Буры мядзведзь. Белы мядзведзь. Пячорны мядзведзь.
2. перан. Пра няўклюднага, непаваротлівага дужага чалавека. «Ну і мядзведзь, — думаў Сярмяжка, пазіраючы, як павольна клыпае.. [Яцкевіч]. — Нічога, мы цябе прыручым». Дадзіёмаў.
•••
Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя гл. дзяліць.
Мядзведзь на вуха наступіў — аб адсутнасці музыкальнага слыху, здольнасцей да музыкі.
Мядзведзь у лесе здох — тое, што і воўк у лесе (за гарою) здох (гл. воўк).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палыха́ць, ‑ае; незак.
1. Гарэць зыркім, яркім полымем. З раніцы да вечара палыхалі горны ў кузні. Хадкевіч. Над горадам палыхалі пажары. Дудо. // Вылучаць жар, веяць гарачынёй. Гарачым цяплом палыхала ад топкі. Лынькоў. // перан. Аб моцным, бурным праяўленні чаго‑н. Над светам палыхала ўжо вялікая вайна. Навуменка.
2. Свяціцца яркім святлом. Па-ранейшаму палыхаў захад, а далёка ў вёсцы спявалі дзяўчаты і часам парыпваў гармонік. Лупсякоў. Паўнеба на захадзе палыхала вялізным зарывам. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабо́ішча, ‑а, н.
1. Вялікая бітва; бой (у 1 знач.). Ты паўвайны прайшоў сумленныя салдатам, вынес на сваіх плячах не адно пабоішча. Ракітны. Не дай разгарэцца пабоішчам новым, Ты міру, адзінству свайму паслужы. Бачыла. // Месца, дзе адбывалася бітва.
2. Разм. Жорсткая бойка. Удзельнічаць у вулічным пабоішчы.
•••
Лядовае пабоішча — разгром наўгародцамі нямецкіх рыцараў-захопнікаў у 1242 г. у бітве на лёдзе Чудскога возера.
Мамаева пабоішча — а) пра вялікую сварку, бойку; б) пра поўны беспарадак. [Ад імя татарскага хана Мамая, які ў 14 ст. зрабіў спусташальнае нашэсце на Русь]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
печ, ‑ы, ж.
1. Цаглянае, каменнае або металічнае збудаванне, дзе разводзяць агонь, каб нагрэць памяшканне, згатаваць ежу. Абстаноўка была самая звычайная: вялікая печ з шырокім тапчаном насупроць, стол з доўгімі лавамі. Бядуля.
2. Спецыяльнае збудаванне для апрацоўкі якіх‑н. матэрыялаў награваннем. Сушыльная печ. Плавільная печ.
•••
Галандская печ — пакаёвая печ для абагрэву, звычайна кафляная.
Доменная печ — тое, што і домна.
Мартэнаўская печ — печ спецыяльнай канструкцыі для выплаўкі сталі.
Ляжаць на печы гл. ляжаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
полк, палка, м.
1. Самастойная вайсковая адзінка, якая звычайна ўваходзіць у склад дывізіі або брыгады. Стралковы полк. □ Задача ўзвода, як і ўсяго палка, была — заняць рэйхстаг... Хомчанка. Праходзяць за ротаю рота гвардзейскія нашы палкі. Аўрамчык.
2. перан.; чаго. Вялікая колькасць, мноства. [Камендант:] — За ім [Шэметам], відаць, полк падшыванцаў стаіць. Бажко. Стаяць палкі баравікоў; дрыжыць басок чмяліны. Вялюгін.
•••
Кавалергардскі полк — першы полк гвардзейскай цяжкай кавалерыі, які ахоўваў асоб царскай фаміліі.
У нашым палку прыбыло гл. прыбыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мазаі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мазаікі (у 1, 2 знач.). Мазаічная майстэрня. Мазаічныя работы. // Зроблены з мазаікі, з мазаікай. Мазаічны партрэт. Мазаічныя калоны. □ Унізе вялікая падзямельная зала, абліцаваная белым мармурам, аздобленая беларускім арнаментам і мазаічнымі карцінамі з жыцця Беларусі. Дубоўка.
2. перан. Які складаецца з разнародных элементаў. Мазаічны натоўп. Мазаічная тэорыя.
3. Які мае адносіны да мазаікі (у 3 знач.). Мазаічная хвароба. // Паражоны мазаікай (у 3 знач.). Мазаічны ліст. Мазаічны плод.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даве́рху, прысл.
Роўна з верхнімі краямі. Каструля была вялікая, на пяць літраў, і налілі ў яе амаль што даверху — на выпадак, калі хто папросіць дабаўкі. Дамашэвіч. На другі дзень Кастусь Махнач сустракаў каля кузні першую падводу, даверху нагружаную старым жалезным ламаччам. Курто.
•••
Знізу даверху — а) усюды, у любым месцы. У кошыку знізу даверху былі баравікі; б) ад ніжэйшых інстанцый да вышэйшых. У кнізе звыш двухсот дакументаў... Тут прадстаўлены ўвесь урадавы апарат знізу даверху. Г. Кісялёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ды́хавіца, ‑ы, ж.
1. Частае і цяжкае дыханне пры захворванні бронхаў; задышка. Пакутаваць дыхавіцай. □ [Нупрэй:] Добрыя вы хлопцы, з вамі хоць пагаварыць можна. А нашы бегаюць, спяшаюцца, таго і глядзі дыхавіцу нагоняць. Губарэвіч. Іван зірнуў на Джулію — на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. Быкаў.
2. Упадзіна ў ніжняй пярэдняй частцы грудной клеткі. [Юрыя] білі, не разбіраючы куды — у жывот, пад дыхавіцу, тапталі ботамі. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассе́яны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассеяць.
2. у знач. прым. Раскіданы на вялікай прасторы. Рассеянае насельніцтва. □ Збіраліся салдаты з рассеяных часцей. Чорны.
3. у знач. прым. Аслаблены ў выніку распаўсюджання ў розных напрамках. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.
4. у знач. прым. Такі, у якога рассейваецца ўвага; няўважлівы. — Са мной гэта часта здараецца, ды — нічога, я чуў, што і прафесары бываюць рассеяныя. «Полымя». // Які выказвае няўважлівасць. Рассеяны погляд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́тня, -і, мн. -і, со́цень і со́тняў, ж.
1. Сто якіх-н. адзінак (прадметаў, рублёў і пад.).
Дзве сотні кніг.
Заплаціць не адну сотню за мэблю.
2. мн. Трэцяя ад канца лічба шматзначнага ліку.
3. звычайна мн. (со́тні, -яў), разм. Вялікая колькасць, мноства каго-, чаго-н.
Сотні студэнтаў.
4. Вайсковае падраздзяленне, якое першапачаткова складалася са ста чалавек.
Стралецкая с.
Казацкая с. (падраздзяленне, якое адпавядае эскадрону).
|| памянш. со́ценька, -і, ДМ -ньцы, мн. -і, -нек, ж. (да 1 знач.; разм.).
|| прым. со́ценны, -ая, -ае (да 1 і 4 знач.).
С. білет.
Соценная вага (вага, на якой прадмет, што ўзважваецца, ураўнаважваецца ў сто разоў лягчэйшай гірай; спец.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)