ко́жны, ‑ая, ‑ае, займ.

1. (мн. ко́жныя, ‑ых, ужываецца толькі ў спалучэннях колькасных лічэбнікаў з назоўнікамі, а таксама з назоўнікамі, якія не маюць адзіночнага ліку). Адзін з усіх, узяты асобна; усякі. Аўтобус ходзіць кожныя пяць мінут. Кожны дзень. □ Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік.

2. у знач. наз. ко́жны, ага, м.; ко́жная, ‑ай, ж. Усякі чалавек. Кожнаму сваё. □ Запомніць кожнаму не шкодзіць: Герой Не той, Хто дагары нагамі ходзіць. Корбан.

•••

Кожны божы дзень гл. дзень.

На кожным кроку гл. крок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

любі́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё любві; дарагі, блізкі сэрцу. Любімая дачка. □ Шчаслівай дарогі, таварыш любімы, заўсёды, усюды з табою радзіма! Дубоўка.

2. Якому аддаецца перавага перад іншымі; асабліва дарагі каму‑н. Любімы настаўнік. Любімая справа. □ Чырванеючы ад хвалявання і рашучасці, Лёня заказаў музыкам свой любімы вальс «Бярозку». Брыль.

3. у знач. наз. любі́мы, ага, м.; любі́мая, ‑ай, ж. Той (тая), каго любяць. Я толькі з любімай магу захапіцца Успененым морам, паводкай зары. Панчанка.

•••

Наступіць на любімы мазоль гл. наступіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрэ́ляны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якога стралялі; забіты са стрэльбы (пра дзічыну). Стрэляная слонка. // Які пабыў у баях, абстраляны. Стрэляны салдат. // перан. Вопытны, бывалы, які ўсё зведаў і да ўсяго прывык. [Валодзя:] — [Цішка] сам гаварыў. Да таго ж, відаць, стрэляны хлопец. Федасеенка. / у знач. наз. стрэ́ляны, ага, м. Стрэлянаму, цёртаму ў жыцці з успамінам хочацца прайсці па слядах юнацтва. Русецкі.

2. Выкарыстаны для стральбы. Калі манеўры скончыліся, Слабодка хадзіла збіраць на балота стрэляныя патроны. Навуменка.

•••

Стрэляны верабей (стрэляная птушка) гл. верабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таўстаску́ры, ‑ая, ‑ае.

1. З тоўстай скурай, скуркай, душнай. — Што ж гэта за людзі? — здзівіўся ў думках Антось. — ... Ага, вунь жа і Васіль .. Сапраўдны тэхнік!.. А рукі як ходзяць!.. Такія таўстаскурыя пальцы, а гэтак жвава рухаюцца... Кулакоўскі. Маша паклала апельсін, на які паказала пакупніца. — Здыміце. Гэты надта таўстаскуры. Прокша.

2. перан. Які не здольны адчуць, успрыняць што‑н.; нячулы, неспагадлівы (пра чалавека). Таўстаскуры эгаіст. □ [Шаціла:] — Нават Ігар, і той не такі таўстаскуры. Я аднойчы бачыў слёзы ў яго на вачах. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хале́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да халеры (у 1 знач.). Халерны вібрыён. Халерная эпідэмія. // Які бывае пры халеры, выкліканы халерай. Халерны панос. // Звязаны з эпідэміяй халеры. Халерны год.

2. Які захварэў на халеру. Халерны хворы. / у знач. наз. хале́рны, ага, м.; хале́рная, ‑ай, ж. Барак для халерных. // Прызначаны для хворых на халеру. Халерная бальніца.

3. Разм. груб. Вельмі дрэнны, непрыемны. [Павал:] — Я на цябе жаднае крыўды не маю. [Тамаш:] — Ну дык чаго ты звягаеш.. Што гэта за народ халерны. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому дадзена шчасце (у 1 знач.), які мае, адчувае шчасце, радасць, захапленне ад каго‑, чаго‑н. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль. Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі. Гілевіч. / у знач. наз. шчаслі́вы, ага, м.; шчаслі́вая, ‑ай, ж. А гадзіннік? Шчаслівы яго Кіне так, без увагі, Бо заўсёды ад шчасця свайго Ён п’яны, як ад брагі. Куляшоў. // Прасякнуты шчасцем, поўны шчасця. Віхураю закалыханы, Шчаслівыя сніў [Баракаў] ужо сны... Куляшоў. Поўніць гоман, спеў шчаслівы Сёлы, гарады. Колас. // Які выражае сабой шчасце, радасць; выкліканы шчасцем, радасцю. Тацяна засмяялася ціхім шчаслівым смехам. Зарэцкі. — Няўжо праўда? — гледзячы на Любу шчаслівымі вачыма, не паверыў.. [Хадкевіч]. Васілевіч.

2. Які прыносіць, дае радасць, шчасце, дабрабыт і пад.; напоўнены шчасцем, радасцю. [Аўдоцця:] Падзякуйце, дзеткі мае, за сваю шчаслівую долю нашай роднай Камуністычнай партыі. Крапіва. Мой родны Мінск, Табою ганаруся І слаўлю твой шчаслівы, светлы лёс. Прыходзька.

3. Якому шанцуе, спрыяе шчасце, удача. Ага, і праўда. Шчаслівы ты, Вадзім. За накрыты стол трапіў. Паўлаў. — Іншая справа — табе: ты кучаравы, а кучаравыя — шчаслівыя. Машара. // у знач. наз. шчаслі́вы, ага, м.; шчаслі́вая, ‑ай, ж. Той, каму заўсёды спадарожнічае ўдача.

4. Які прыносіць, прынёс шчасце, радасць, удачу. Шчаслівы білет. □ Але нядоўга цягнулася такое шчаслівае паляванне. Лынькоў. Міны, якія паставіла.. Цюленева, былі шчаслівымі: на іх падарваліся два воінскія эшалоны. «Маладосць». // Удачны, паспяховы. Дружнай працы плён шчаслівы Наўсцяж шуміць сцяной... Броўка. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. // Зручны, добры, удалы. — Ты падумай толькі, якая гэта шчаслівая ідэя! Зарэцкі. Падвярнуўся шчаслівы выпадак — у школу спатрэбіўся фізрук. Парахневіч.

•••

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Шчаслівай дарогі! гл. дарога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дарогі (у 1 знач.). Дарожнае палатно. Дарожнае будаўніцтва. □ Працэджваючыся праз дарожны пясок, ручаёк са звонам уліваўся ў вузенькую рачулку. Бядуля. Недзе дарожныя вербы сівыя шумяць... Танк.

2. Звязаны з дарогай, падарожжам. Дарожнае жыццё. Дарожнае знаёмства. Дарожныя запісы. // Прызначаны для дарогі, падарожжа, паездкі. Дарожны плашч. □ Міколка таропка злазіць з ложка і бяжыць да бацькавай дарожкай скрынкі. Лынькоў.

3. у знач. наз. даро́жны, ага, м. Разм. Падарожны. Мароз дарожным падпявае. Колас.

•••

Дарожны майстар гл. майстар (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе, маецца ў рэальнасці. Цяпер ужо Каралькоў крычаў на ўсё поле, абвінавачваючы мяне ва ўсіх грахах, існых і выдуманых. Шамякін.

2. у знач. наз. і́снае, ага, н. Тое, што існуе ў рэальнасці. Прымаць жаданае за існае. □ Нават маўклівы матэматык Рамашка не стрымаўся, каб не сказаць колькі слоў у абарону дакладных навук, без якіх, як ён адзначыў, нельга ўявіць нічога існага на зямлі. Дамашэвіч.

3. Сапраўдны, рэальны. — У нас ёсць адзін селянін, Шкробат Тарэнта. Ён самы існы п[рыхільнік] справядлівасці. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́таржны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да катаргі (у 1 знач.). Катаржныя работы.. Катаржная турма. Катаржныя лагеры.

2. перан. Невыносна цяжкі, пакутлівы (пра жыццё, працу). Мільёны людзей жылі ў краіне. Але не было ніводнага кутка ў ёй, дзе б ад катаржнай працы не стагнаў, не плакаў, не спяваў сумных песень паднявольны чалавек. Каваль. Штогадовыя дзяржаўныя падаткі, паборы і павіннасці ў карысць мясцовай адміністрацыі рабілі жыццё [селяніна] катаржным. Алексютовіч.

3. у знач. наз. ка́таржны, ага, м.; ка́таржная, ‑ай, ж. Уст. Тое, што і катаржанін, катаржанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падва́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да падвала (у 1 знач.). Падвальнае акенца. □ — Вы што тут робіце? — нахіліўшыся над падвальнай дзіркай, крычыць.. [жанчына]. Гарбук. // Размешчаны ў падвале. Частка рабочых з двара і падвальных кватэр перабралася наверх. Бядуля. У падвальным памяшканні — сталоўка. Таўлай. // Які ўласцівы падвалу; такі, як у падвале. Падвальная сырасць. Падвальная цемра. // у знач. наз. падва́льны, ага, м. Рабочы, які працуе ў вінным падвале. — [Ясь:] .. у мяне спірытус астаўся яшчэ з таго часу, як падвальным быў. Чарнышэвіч.

2. Які займае падвал у газеце. Падвальны артыкул.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)