прэтэндэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Той, хто прэтэндуе на што‑н., мае падставы на валоданне чым‑н., на атрыманне чаго‑н. — Скажыце, між іншым, — Ваўчок павярнуў на мяне твар і прыцішыў голас, — .. ёсць, акрамя нас, сёлета сур’ёзныя прэтэндэнты на пераходны сцяг Савета Міністраў і ЦК? Хадкевіч. // Той, хто прэтэндуе на атрыманне якога‑н. звання, узнагароды і пад. за выкананую працу. Прэтэндэнт на атрыманне ступені кандыдата навук. Прэтэндэнт на атрыманне дзяржаўнай прэміі.
[Ад лац. praetendens, praetendentis — які дамагаецца.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свая́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Заснаваны на сваяцтве, які мае адносіны да сваяцтва. Сваяцкія сувязі. □ Сваяцкія ніці паміж.. [жыхарамі вёскі] даўно пераблыталіся, а то і зніклі зусім, але тым не менш кожны з Гараўцоў лічыў сябе выхадцам з адной сям’і. Хадкевіч.
2. Блізкі па агульнасці паходжання.
3. Уласцівы сваякам, блізкім людзям; дружалюбны, сардэчны, цёплы. [Валасовіч-Гразнова:] — У мяне з ім [Адамам Ягоравічам] былі самыя блізкія сваяцкія адносіны. «Полымя». Рымар сам узяў такі сваяцкі тон. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стынь, ‑і, ж.
Сцюжа, холад. [Хмурынкі] нізка, нізка сцелюцца над самай зямлёй, чапляюцца за вяршыні дрэў, што аж пачарнелі ад вільгаці, ад стыні. Лынькоў. Над лесам паўстала дрыготкае жаўтлявае зарыва, там разганялі цемру і стынь зімовай ночы цёплыя агні горада. Хадкевіч. Лёгкая стынь прабегла па спацелай спіне. Карамазаў. / у паэт. ужыв. Хатынь, Даходзяць пакут адгалоскі Да нас праз магільную стынь. Смагаровіч. Надоўга дарогі нашы Разбегліся ў сінюю стынь. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэ́нар, ‑а, м.
1. Самы высокі мужчынскі голас. Лірычны тэнар. Драматычны тэнар. □ І набірае сілы песня, і нечы юначы тэнар ужо імкне ўгору, вядзе яе, звонкую, галасістую. Хадкевіч. І звінеў задорны тэнар, плылі ўслед за ім лагодныя мары. Ваданосаў. // Спявак, які мае такі голас. Міша сказаў, тэатральным жэстам выкінуўшы ў бок Альберта руку: — Прашу мець на ўвазе — лірычны тэнар. Ярашэвіч.
2. Духавы музычны інструмент, які ўваходзіць у склад духавога аркестра.
[Іт. tenore.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узло́бак, ‑бка, м.
Узвышанае месца на негарыстай мясцовасці. Праз колькі хвілін Чубар выйшаў за вёску і пакрочыў па дарозе, што вяла скрозь бульбяное поле на высокі і шэры ўзлобак, за якім недзе былі Журынічы. Чыгрынаў. // Самы высокі пункт якога‑н. узвышша. На пагорку, на самым яго ўзлобку ляжалі ў беспарадку і стаялі тырчма вялізныя каменныя глыбы. Хадкевіч. Вось людзі, чатыры цёмныя постаці, узышлі на самы ўзлобак, падаліся да яліны. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шаро́ш 1, ‑рашу, м.
Дробны крохкі лёд у выглядзе кашападобнай масы, які ідзе перад ледаставам або ў час вясновага крыгаходу. Бялява-шэрыя аблачынкі на рацэ, на якія .. [лётчык] звярнуў увагу з самалёта, аказаліся першымі маленькімі плывучымі астраўкамі шарашу. Хадкевіч. Светла-попельны колер хмар пад нагамі нагадвае то густы шарош на вадзе, то нядаўна астрыжаную аўчыну. Брыль.
шаро́ш 2, ‑рашу, м.
Спец. Лес, які сплаўляецца па рацэ бярвеннямі, не звязанымі ў плыт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вуса́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вусы, вусікі; з доўгімі або густымі вусамі. Вусаты чалавек. Вусаты кот. □ Аб шкло біўся аксамітнымі крыламі вялікі вусаты матыль. Б. Стральцоў. Вусаты, увесь у пыле, машыніст абвясціў перапынак. Хадкевіч. / у знач. наз. вуса́ты, ‑ага, м. Разм. — Аддай мне птушку! — наступаў вусаты на бялявага. Арабей. // З вусікамі, асцюкамі (пра расліны). Шапочуць вусатыя, нахіленыя да самай зямлі каласы жытоў і пшаніцы. Гамолка.
2. Састаўная частка назваў некаторых жывёл. Вусаты кіт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́сны 1, ‑аў; адз. няма.
Губы, рот. Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым і крыху строгім і сур’ёзным. Колас. Святлелі твары ў людзей, што сустракалі.. [чараду машын], словы радасці вырываліся з вуснаў. Хадкевіч.
•••
З вуснаў у вусны — распаўсюджвацца шляхам перадачы жывым словам, не пісьмова і без дапамогі іншых сродкаў.
Чуць з трэціх вуснаў гл. чуць.
ву́сны 2, ‑ая, ‑ае.
Які вымаўляецца, не пісьмовы. Вусны пераказ. Вусная мова. // Не замацаваны пісьмова. Вусная народная творчасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
залічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што.
1. Уключыць у склад каго‑, чаго‑н., у якую‑н. катэгорыю. Залічыць студэнтам. Залічыць на работу. □ — Можаш, Сцяпан Захаравіч, залічыць мяне ў брыгаду па зборцы машын, — сказаў Амяллян. Хадкевіч. // Адвесці да ліку пэўных асоб, прадметаў, з’яў. Залічыць у адстаючыя. Залічыць раман да лепшых твораў.
2. Прылічыць каму‑н., занесці на чый‑н. рахунак. Залічыць працадзень.
3. Палічыць засвоеным, выкананым, паставіўшы залік (у 1 знач.). Залічыць курсавую работу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́печак, ‑чка, м.
Абл. Выступ печы, якім карыстаюцца як прыступкаю, узлазячы на печ. Бацька паклаў рукавіцы на паліцу каля печы, распрануў армяк, кінуў яго на запечак. Галавач. Захар сеў на запечку, слухаў, што гаварылі. Каваль.
запе́чак, ‑чка, м.
Месца паміж сцяною і печчу. [Вайсковец] запаліў ліхтарык і свяціў ім па хаце, заглядаючы на печ, у запечак і пад палок. Колас. У хаце панаваў спакой, нават цвыркун, перабраўшыся некуды ў запечак, відаць, змарыўся і змоўк. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)