раздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.

1. Зняць з каго‑н. адзенне. Мы раздзелі малога, урач агледзеў яго, аслухаў. Кулакоўскі. // Распрануць.

2. Разм. Аграбіць, зняўшы з каго‑н. адзенне. Ды сама [Хадора] амаль не ў споднім, Твар збялеў, што ў меле: — Ах, мой Савачка, мой родны, А мяне ж раздзелі! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што і з дадан. сказам.

Убачыць сон, убачыць што‑н. у сне. Спаў Даніла ў гэтую ноч.. добра і сасніў сваю жонку Ульяну. Кулакоўскі. І сасніла [Маша] дзіўны сон. Шамякін. Можа сасніць караваншчык сівы, Што недзе над Мінскам, Пад самым сонцам, Пра шчасце курлыкаюць журавы. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суравы́, ‑ая, ‑ое.

1. Грубы, нябелены (пра тканіну, ніткі і пад.). Мех быў новы, з суравога палатна. Пташнікаў. // Зроблены з грубай нябеленай тканіны. Суравы абрус. □ На дварэ днела; шэрае святло прабівалася ў .. пакой [Наталі] праз шчыльную суравую фіранку. Гартны.

2. Абл. Сыры. [Антось:] — Вось глядзі: агуркі суравыя і маласольныя — колькі хочаш. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цясля́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і цяслярскі. Арцём, адпачыўшы, бярэцца за работу. Аполак у яго ўжо гатовы. Плоскім цяслярным алоўкам ён размячае яго на кавалкі. Ракітны. Потым жа, калі завялі пчол у калгасе, Тодар стаў пчалаводам, а Грысь хоць заўжды і дапамагаў яму ва ўсім, больш займаўся цяслярнай справай. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ярчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Станавіцца больш яркім; ззяць, зіхацець. Святло набліжалася і ярчэла даволі хутка, але раптам згасла. Кулакоўскі. Ярчэюць залатыя россыпы зор. Лынькоў. // перан. Станавіцца больш выразным, бачным, адчувальным. Толькі нязменна ярчэе Ленінскай праўды святло. Глебка. Людскія рукі ў працы нылі, А зрок ярчэў ад шчасця жыць. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адплява́цца, ‑плююся, ‑плюешся, ‑плюецца; ‑плюёмся, ‑плюяцеся; зак.

1. Плюючы, ачысціць рот ад чаго‑н. [Аўдзей:] — Учора павёў.. [кабылу] да калодзежа.., а яна як вырвецца з маіх рук ды як капане заднімі нагамі, дык увесь твар мне заляпіла, ледзь адпляваўся. Кулакоўскі.

2. перан. Сплёўваючы, выказаць агіду да чаго‑н., нежаданне мець з кім‑н. справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залыга́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго.

Разм.

1. Накінуць вяроўку на рогі, на шыю (валу, каню), зашмаргнуўшы або завязаўшы вузлом. Вытрымаўшы з тыдзень, Ціток сам залыгаў карову, ноччу завёў у Сарокаў двор і прывязаў яе да плота. Лобан.

2. перан. Узяць пад сваю ўладу, прымусіць падпарадкоўвацца. Чалавека аблыталі, залыгалі, выкарыстаўшы яго слабасць. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змаўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць і змо́ўчаць, змоўчу, змоўчыш, змоўчыць; зак.

1. Прамаўчаць; не адказаць. Спрачацца з прафесарам было рызыкоўна, і Сцёпка змаўчаў. Колас. Брыгадзір хацеў агрызнуцца, але, глянуўшы на жанчын, у вачах якіх прачытаў спачуванне Алене, змоўчаў. Скрыпка.

2. пра што. Наўмысля не сказаць. Пра нагу змаўчала, калі гаварыць шчыра — ашукала ўрача. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяздзе́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа мець дзяцей, бясплодны. У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. М. Стральцоў.

2. Які не мае сваіх дзяцей. Смяюха — гэта жанчына гадоў пад шэсцьдзесят, бяздзетная і замужам ніколі не была. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збаві́цель, ‑я, м.

Той, хто збавіў або збаўляе каго‑н. ад небяспекі, смерці; выратавальнік. Усе верылі Зіне, спадзяваліся на яе, бачылі ў ёй свайго збавіцеля ад пакут, а то можа і ад смерці. Кулакоўскі. Вынеслі з пакояў стол. На яго ўзлез Антось. — Таварышы! Пойдзем сустракаць Чырвоную Армію! Збавіцеляў нашых! Яны ўжо блізка. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)