напрацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

Папрацаваць многа, доўга, уволю. Папрацавацца за свой век. □ Дзень прамінуў для Міхася неўзаметку, хоць і нахадзіўся ён, і напрацаваўся за добры іншы тыдзень. Якімовіч. Вясёлыя былі дзянькі. Напрацуешся, напяешся, нарагочашся! Шамякін. // Стаміцца ад працы. На.. спіне, плячах, па расслаблена апушчаных руках было відно, што.. [маці] моцна напрацавалася. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недаліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Няветлівы ў абыходжанні з людзьмі; грубы. — Ты не злуй, ён п’яны і, праўда, крыху недалікатны. Чорны. [Міхась] распачаў перагаворы з недалікатным гаспадаром двара. Якімовіч. // Няскромны, нетактоўны. Недалікатнае пытанне. Недалікатная парада.

2. Пазбаўлены мяккасці, рэзкі; неасцярожны. Недалікатны дотык. Недалікатныя рухі.

3. Які мае грубую афарбоўку, пах і пад. Недалікатныя духі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхлусі́ць, ‑хлушу, ‑хлусіш, ‑хлусіць; зак., што і без дап.

Разм. Апавядаючы пра што‑н., дадаць хлусні, выдумкі; прылгаць. Пра акунёў .. [Васіль], вядома, крыху прыхлусіў — не такія ўжо яны там і вялікія. Якімовіч. Адны ўмеюць складна расказаць пра перажытае, ёсць здатныя прыхлусіць, ды так, што самі вераць у тое, чаго ніколі не было. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

першаго́дак, ‑дка, м.

1. Дзіця або маладая жывёліна на першым годзе жыцця. У кожнай птушынай чарадзе, якая адлятае ў вырай, разам з маладымі, слабымі яшчэ першагодкамі, ёсць дужыя, вопытныя птахі. Мехаў.

2. Той, хто першы год знаходзіцца дзе‑н., служыць дзе‑н. Курсант-першагодак. □ Найбольш любілі мае першагодкі хітрыя задачкі і загадкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераадзе́ць, ‑адзену, ‑адзенеш, ‑адзене; зак.

1. што. Зняўшы адно, надзець што‑н. іншае. Пераадзець касцюм. // каго. Адзець у іншую вопратку. Бядуючы і вохкаючы, Валодзева маці хутка пераадзела нас у сухое, перавязала маю руку. Якімовіч.

2. кім або ў каго. Адзець каго‑н. з мэтай маскіроўкі так, каб нельга было пазнаць. Пераадзець мужчыну жанчынай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кашма́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які суправаджаецца кашмарам, напоўнены кашмарамі. У кашмарных снах, у пакутлівых уяўленнях .. [Саша] часам бачыла Пецю раненым, сцякаючым крывёю на абмерзлых скалах, у снягах далёкай поўначы. Шамякін. Яны праімчаліся на матацыклах, як віхор, бязладна страляючы направа і налева, і зніклі, як кашмарны прывід. Якімовіч.

2. перан. Разм. Жахлівы, агідны. Кашмарнае мінулае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́ты, ‑аў; адз. няма.

Металічная рашотка на вокнах, на дзвярах. [Вагон] сурова пазіраў на Міколку грознымі вокнамі з тоўстымі жалезнымі кратамі. Лынькоў. Вузкія вокны перакрыжаваны жалезнымі кратамі. Якімовіч. // Агароджа з такіх рашотак. Наперадзе мільгнулі чыгунныя краты агароджы. Самуйлёнак.

•••

За кратамі — у турме (быць, аказацца і пад.).

За краты — у турму (сесці, пасадзіць і пад.).

[Лац. crates.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зірка́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вострым зрокам; зоркі. Што з таго, што дзед Мікалай — такі зіркасты і дасціпны — заўважыў... Пагаманілі і толькі. Якімовіч.

2. З вялікімі вачамі; вірлавокі. А вочы чаго варты: зіркастыя, стальныя, бязлітасныя.. Дзіва што шчупакі без жалю знішчаюць не толькі іншую рыбу, але і сваіх родных дзетак! Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змардава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад змардаваць.

2. У знач. прым. разм. Змучаны, знясілены. Працавала [Кацярына] на багатых, Марна сілы кладучы, Змардаванаю дахаты Прыпаўзала ўначы. Броўка. Арына не спала ўсю ноч. Раніцаю ўстала змардаваная, пахудзелая. Карпаў. // Які выражае змучанасць, знямогу. На бледным, як палатно, худым і змардаваным твары блішчалі адны вочы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калга́с, ‑а, м.

У СССР — кааператыўная арганізацыя сялян, якія дабравольна аб’ядналіся для сумеснага вядзення буйнай сацыялістычнай сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове грамадскіх сродкаў вытворчасці і калектыўнай працы. Перадавы калгас. Старшыня калгаса. // зб. Калектыў асоб, якія ўваходзяць у гэта аб’яднанне; калгаснікі. Неўзабаве на балотца прыйшоў увесь калгас. [Дзеці] аддалі бацькам рыдлёўкі і ўвесь свой інвентар. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)