хударля́вы, ‑ая, ‑ае.

Сухарлявы, крыху худы. Твар у лейтэнанта быў зусім юначы, хударлявыя шчокі прасвечвалі румянцам. Хадкевіч. [Усмешка] заўсёды блукала на .. хударлявым і дробным твары [Дзяміда], хаваючыся ў каротка падстрыжаных вусах. В. Вольскі. Пятро паволі падышоў да Лены і моўчкі паціснуў яе хударлявую руку. Ваданосаў. [Нічыпар] падобны на цыганчука — хударлявы, смуглы, са жвавымі бліскуча-чорнымі вачыма. Мележ. Дарога ішла лесам. Паабапал раслі хударлявыя сасонкі і пакалечаныя бярозкі. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкумаццё, ‑я, н., зб.

Абрыўкі, кавалкі, асобныя часткі чаго‑н.; шкуматы. Са старой елкі.. пасыпалася леташняя ігліца, шкумаццё пасохлага моху і розная другая пацяруха. Лынькоў. І страсаюць з галін снегавое шкумаццё і іней дрэвы, выпростваюцца насустрач сонцу. Хадкевіч. / у перан. ужыв. І ўжо не сядзіцца ў ціхім Зацішку Таму, хто прачытвае Леніна кніжку, Хто скінуў старога жыцця шкумаццё, Хто новае творыць на вёсцы жыццё. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́ры, ‑аў; адз. няма.

1. Конская збруя без дугі і хамута, са шлеямі.

2. Спецыяльныя бакавыя шчыткі, прымацаваныя да вуздэчкі, якія не даюць магчымасці каню глядзець убок. Вупраж была новая, падагнаная, дабротная — вуздэчка з шарамі, наглянцаваныя раменныя шлеі. Хадкевіч.

3. перан. Перашкода, абмежаванасць, якая не дазваляе правільна разумець што‑н. Класавыя шоры буржуазных гісторыкаў.

•••

Браць (узяць) у шоры гл. браць.

Трымаць у шорах гл. трымаць.

[Польск. szory — збруя, вупраж.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далако́п, ‑а, м.

Рабочы, які капае магілы. Далакопы ўзяліся за рыдлёўкі, натоўп пачаў разыходзіцца, расцякаючыся па сцежках, што вялі да выхаду з могільніка. Хадкевіч. Магіла была гатова. Апёршыся на лапаты, чакалі далакопы, калі закопваць ім. Вярцінскі. // Той, каму даручана капаць, раскопваць што‑н. [Вера:] Мы з Чарнавусам касцямі не займаемся, гэта Гарлахвацкі іх перабірае. А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Галоўны далакоп — Аляксандр Пятровіч, а я яму памагаю. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгаво́р, ‑у, м.

1. звычайна мн. (адгаво́ры, ‑аў). Угаворы, парада не рабіць чаго‑н. [Міша:] — Пасылалі б мяне туды [на будоўлю], дык я ні адной хвіліны не раздумваў бы і ніякіх адгавораў не слухаў. Хадкевіч.

2. Словы, з дапамогай якіх адмаўляюцца што‑н. сказаць або зрабіць; адгаворка. Успамінаюцца словы: «Было і страшна, было і весела..» Гэта, Арцём, гучала ў цябе.. ну, проста як адгавор. Брыль. // Словы для апраўдання. На ўсе прычыны адгаворы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адлучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

Пакінуць якое‑н. месца на пэўны час; выйсці, адысці. Адлучыцца з дому. □ Марынка ўспомніла, як Паходня.. падышоў і пацалаваў яе, сказаўшы, што адлучыцца на якую гадзіну на калгасны двор па справах. Хадкевіч. // Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. □ Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Потым партызаны адлучыліся і пайшлі кожны сваім маршрутам. Колас. Віктар адлучыўся ад варот і знік у цемрадзі. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клапатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да клопатаў; паглыблены ў клопаты; руплівы. Клапатлівы гаспадар. □ Над пасекай гулі клапатлівыя нястомныя пчолы. Асіпенка. // Які выражае клапатлівасць; заклапочаны, неспакойны. Альбіна, не спускаючы вачэй са Станіслава, заўважыла яго клапатлівы роздум, яго несамавітую ўстрывожанасць, кінулася да яго. Сабаленка.

2. Звязаны з клопатамі, турботамі, які патрабуе клопатаў, турбот. Ваўчок зморшчыўся, як моршчыўся заўсёды, калі размова заходзіла пра новую і клапатлівую справу. Хадкевіч. // Поўны клопатаў, турбот. Клапатлівая дзейнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да запалу ​1 (у 1 знач.). Запальны шнур.

2. Прызначаны для запальвання. Запальныя кулі. Запальная бомба.

3. Гарачы, хвалюючы. Кажуць, Слава перадала ёй частку сваёй сілы, і хто ідзе міма бярозкі, той чуе, якім запальным заклікам да помсты прасякнут яе шум. Хадкевіч. У гарачыя з апальныя словы[Вера Засуліч] укладвае сваё глыбокае абурэнне супроць тых, хто ставіць палкі ў кола вялікага будаўніцтва. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’арганізава́цца, ‑зуецца; ‑зуемся, ‑зуецеся, ‑зуюцца; зак.

1. Аб’яднацца, стварыўшы якую‑н. групу, арганізацыю. [Тодар] далучыўся да былых акружэнцаў, што з’арганізаваліся ў партызанскі атрад. З імі і праваяваў усю вайну. Пальчэўскі. [Крывавязаў:] — Мы, восем чалавек артылерыстаў, пазаўчора з’арганізаваліся ў ячэйку. Хадкевіч. // Аб’яднацца. згуртавацца для якой‑н. мэты. [Янка Чабор] пісаў: «Давайце з’арганізуемся, каб агульнымі сіламі выдаваць свой уласны часопіс». Хромчанка.

2. Заснавацца, стварыцца, узнікнуць. Пры клубе з’арганізаваўся аматарскі хор.

3. Набыць арганізаваны характар. З’арганізавалася спартыўная вучоба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак., каго-што.

1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Макар Міхайлавіч пазірае, як набліжаецца вечар, і думае, што яму трэба спяшацца, каб застаць у лесе грузчыкаў. Мяжэвіч. Зося, як вярнулася з горада, не застала на полі старой дзічкі. Чорны.

2. Заспець, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч застала Паходню і Зараніка ў полі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)