расчу́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
Паддацца пачуццю хвалявання, замілавання, жалю. Камісар адчуў глыбокую ўдзячнасць да гэтага разумнага, смелага хлопца і расчуліўся да слёз. Шамякін. Прамова .. [Цімохава] была гарачая, сам прамоўца расчуліўся, і сляза вось-вось гатова была скаціцца з яго вострых і хітрых вачэй. Колас. Ваня расчуліўся ад нечаканай ласкі. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свіргата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.
Разм.
1. Шчабятаць. І ластаўкі, падобныя на ноты, Свіргочуць на лянівых правадах, А ты ад непасільнай адзіноты Варочайся пад непрытульны дах. Гаўрусёў.
2. Скрыгатаць. Драты звіняць, драты свіргочуць, згінае рэйкі паравоз... Дудар. Велізарны мядзведзь сам запрогся ў калёсы і ўпрыскочку ідзе, аж свіргочуць атосы. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уляпі́цца, улепіцца; зак.
Разм.
1. Прыляпіцца, прыліпнуць. Фарба ўляпілася так, што не ададраць.
2. Учэпіста ўзяцца за што‑н., ухапіцца, учапіцца. Уляпіцца за поручні. □ — Пхайце ззаду! — крыкнуў фурман.. і сам уляпіўся за аглоблю. Колас. Ганна памкнулася спыніць [Костуся], але хлопец нічога не хацеў чуць і ўжо моцна ўляпіўся рукамі за клямку. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паслухмя́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які слухаецца каго‑н.; пакорны. Марцінава жонка Анэта была ціхая, паслухмяная жанчына. Бывала, нідзе не пачуеш яе голасу, ні дома, ні на вуліцы. Чарнышэвіч. Пятрок самы паслухмяны ў брыгадзе работнік. Ракітны. А разумны, паслухмяны конь сам і дарогу выбіраў, сам, без падгону, дзе трушком бег, дзе клыпаў памалу. Хомчанка. // Які лёгка падпарадкоўваецца жаданню, волі каго‑н. Не вельмі паслухмяныя пальцы пані Генавефы самаахвярна гоцалі па клавішах. Брыль. І мая паслухмяная настрою памяць адразу ж замест новага дасціпнага паркану ставіць стары частакол. Васілевіч. // перан. Які лёгка прыводзіцца ў дзеянне, лёгка паддаецца апрацоўцы; падатлівы. Майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць, каб станок быў паслухмяны. Шахавец. А скора паслухмяныя машыны святло сваё адсюль дадуць акрузе. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нетутэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
Які не нарадзіўся або не жыве ў гэтай мясцовасці; прыезджы. Арандаваць зямлю папрыязджалі нетутэйшыя людзі. Чорны. // Які не адносіцца да гэтай мясцовасці; чужы. Неўзабаве Руневіч заўважыў у натоўпе.. дзіўнага ягамосця ў цывільнай нетутэйшай вопратцы. Брыль. Як і сам чалавек, гэтак і яго песня была нетутэйшая і незразумелая нам. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павідне́ць, ‑ее; зак.
1. безас. Стаць відней, пасвятлець. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Як быццам трохі павіднела — дрэвы ўжо так шчыльна не абступалі хлопца, некранута-чысты снег, здавалася, свяціўся сам па сабе. Шахавец.
2. Стаць відным, бачным. Павіднела ля лесу поле, за ракой парадзеў туман. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпя́ць, ‑пну́, ‑пне́ш, ‑пне́; ‑пнём, ‑пняце́; зак., каго-што.
Разм.
1. Прыхіліць, прыперці да чаго‑н.
2. Прымацаваць дзе‑н., у якім‑н. месцы, прывязаць да чаго‑н. Гаспадар прыпяў Дзіка [сабаку] на самую кароткую прывязь, а сам стаіўся за вуглом. Сабаленка.
3. Зачыніць або запяць што‑н. часова або няпоўнасцю. Прыпяць акно занавескай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастагна́ць, ‑стагну, ‑стогнеш, ‑стогне; зак.
1. Стагнаць некаторы час. Увярэдзілася, варочаючы калоды ў лесе, маці. Паенчыла, пастагнала з тыдзень і згарэла, як свечка. Грахоўскі. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.
2. перан. Паплакаць, пажаліцца. [Васіль Кузьміч:] — Любіш пастагнаць. Прызнайся, колькі ямак збожжам засыпаў? Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́плеч, прысл.
У непасрэднай блізкасці з кім‑н., плячо з плячом, поруч, побач. Каля пярэдняга воза поплеч ішлі Сымон Мікуць і Міхал Стальмаховіч. Чорны. І вось так прыпала якраз, што Уладзіку давялося ляжаць у тым асінніку поплеч з дзядзькам Сцяпанам. Краўчанка. Падняў Бурмагін роту ў атаку, сам поплеч з хлопцамі бег. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
залыга́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго.
Разм.
1. Накінуць вяроўку на рогі, на шыю (валу, каню), зашмаргнуўшы або завязаўшы вузлом. Вытрымаўшы з тыдзень, Ціток сам залыгаў карову, ноччу завёў у Сарокаў двор і прывязаў яе да плота. Лобан.
2. перан. Узяць пад сваю ўладу, прымусіць падпарадкоўвацца. Чалавека аблыталі, залыгалі, выкарыстаўшы яго слабасць. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)