збо́рышча, ‑а, н.

Разм.

1. Вялікі натоўп людзей. [Стары] паварочваецца, аглядае зборышча, затрымлівае позірк на цыганцы, што плача. Лупсякоў.

2. Сход, сходка для сумеснай работы, сумеснага адпачынку і пад. Алесь Баравік, хаця на заводзе быў навічок, ужо ведаў пра гэтыя традыцыйныя маладзёжныя зборышчы. Шыцік. [Сымон:] Скажыце ж мне хоць: нашто гэта зборышча склікаецца? Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбарані́цца, ‑баранюся, ‑баронішся, ‑бароніцца; зак.

Абараніцца ад нападу, засцерагчыся ад чыіх‑н. непрыхільных, варожых дзеянняў. Дамець хоць крыкам памагаў яму, бо ведаў: не можа быць, каб Ларывон не адбараніўся. Сабаленка. [Гаспадары:] — Ой, добры чалавек, у нас мышэй і пацукоў поўна — мы ад іх адбараніцца не можам. А цябе, свежага, яны і зусім з’ядуць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Прывесці да ладу; агледзець, адрамантаваць. [Хлопец:] — Пакуль ты ўправішся, дык я воз абладжу. Чорны. [Праксэда:] — Пераселімся ў Варацец, у маю старую хату. Агледзім, абладзім яе дый жыць будзем. Сабаленка.

2. Разм. Уладзіць якую‑н. справу; арганізаваць. [Доніс:] — Спакойны будзь: мы ўсё абладзім, Хоць на таварны, а пасадзім. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бесстаро́нні, ‑яя, ‑яе.

Не схільны загадзя аддаваць перавагу якому‑н. боку (пры дыскусіі, спрэчцы і інш.); аб’ектыўны, нейтральны, справядлівы. Бесстаронні назіральнік. □ [Рэдактар:] — Вы [Ганна Сымонаўна] як чалавек новы ў нашым раёне, хоць і нарадзіліся тут, можаце быць чалавекам бесстароннім у адным пытанні. Дубоўка. І што кіруе ім [настаўнікам] у яго адносінах да .. [Ліды]? Бесстаронняе жаданне дапамагчы ёй? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; незак.

1. каго-што. Моцна ахалоджваць; прымушалі, мерзнуць, зябнуць. Вада марозіла рукі так, што аж дубянелі кончыкі пальцаў. «Звязда». // Нішчыць холадам, марозам. Марозіць прусакоў.

2. што. Замарожваць што‑н., каб захаваць надалей. Марозіць яблыкі.

3. безас. Пра марозную, халодную пагоду. Хоць снегу ўжо не было, але марозіла моцна. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міжво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не залежыць ад волі, свядомасці. Толькі яшчэ аднаго не мог пераадолець у сабе каваль — гэта пачуцця нейкай міжвольнай гідлівасці да нямецкіх вінтовак і пісталетаў, хоць імі ўжо карысталіся партызаны. Паслядовіч.

2. Выпадковы, ненаўмысны. Асабліва помніцца мне адзін дзень, у які нам давялося быць міжвольнымі памочнікамі дзядзькі Сымона. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашмарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Разм.

1. Намазаць; нацерці. — Ты б іх хоць шмальцам ці алеем пашмаравала .. — кажа бабка, мацаючы маміны рукі. Каліна.

2. і без дап. Шмараваць некаторы час. Косцік крыху змёў гразь шчоткаю, тую, якая паддавалася, а тую, якая сядзела моцна, замазаў гуталінам. Пашмараваў яшчэ крыху шчоткаю. Паставіў боты. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падло́г, ‑у, м.

Падробка з мэтай ашукаць каго‑н.; падман, ашуканства. [Вера:] Таварышы! Гэта ж падлог, жульніцтва. [Левановіч:] Што? Пісьмо фальшывае? Крапіва. Ад смерці бог фашыстаў не ўбярог, Хоць позна, разгадаў усё ж падлог — Убачыў іклы пад авечай маскай. Жычка. Усё як ёсць табе відаць адразу — І кроў, і здрада, і падлог, і гнеў. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напрацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

Папрацаваць многа, доўга, уволю. Папрацавацца за свой век. □ Дзень прамінуў для Міхася неўзаметку, хоць і нахадзіўся ён, і напрацаваўся за добры іншы тыдзень. Якімовіч. Вясёлыя былі дзянькі. Напрацуешся, напяешся, нарагочашся! Шамякін. // Стаміцца ад працы. На.. спіне, плячах, па расслаблена апушчаных руках было відно, што.. [маці] моцна напрацавалася. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прастакава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прастадушны, няхітры. [Лёня] мне спачатку здаўся сціплым, нават па-сялянску трошкі прастакаватым. Сабаленка. // Недалёкі, наіўны. [Максім:] — Прызнацца, .. [Яшка] і мне не падабаецца. Не ведаю нават чаму. Хоць вельмі і ліпне да мяне, такі ахвочы на паслугі. Наконт жа сувязі з паліцыяй і дэфензівай — наўрад ці ён здатны. Вельмі нейкі прастакаваты. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)