падкало́ць 1, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.

1. Прыкалоць, загінаючы або падгінаючы знізу. Падкалоць падол.

2. Прымацаваць шпількамі, сашчэпкамі, дадаючы да таго, што ўжо маецца. Падкалоць дакументы.

3. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, непрыемнае. — А вы, дзядзька, мусіць, некалі хвацкім кавалерам былі? — непрыкметна падколе Ваньку які-небудзь жартаўнік. Васілевіч. Васіль не адразу зразумеў жарт — ведаў, што бацька можа моцна і падкалоць часам, гэтак знянацку. Шамякін.

падкало́ць 2, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., чаго.

Накалоць дадаткова. Падкалоць дроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Даць магчымасць падысці, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Густы хмызняк шчыльна прыкрываў засаду. Партызаны падпусцілі .. [немцаў] метраў на дваццаць і тады адкрылі агонь. Дзенісевіч.

2. перан. Разм. Надаць (мове, выказванню і пад.) дадатковы сэнс, якое‑н. адценне; дапоўніць сказанае чым‑н. Маўчаць Іван Пятровіч не ўмеў — ён увесь час каменціраваў гульню: то жарт падпусціць, то прыказку якую прыгадае, то анекдоцік раскажа. Васілёнак.

•••

Падпусціць шпількусказаць што‑н. непрыемнае, з’едлівае; падкалоць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.

Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сканда́л, ‑у, м.

1. Падзея, якая ганьбіць яе ўдзельнікаў, ставіць іх у няёмкае становішча. Я думаў, што зараз будзе вялікі скандал, бо я не толькі не змагу сказаць ніводнага слова, але і павалюся на сцэне. Рамановіч.

2. Сварка з крыкам, бойкай і пад. Саўка Мільгун.. нечакана змяніў свае паводзіны і скончыў скандалам і яшчэ нырнуў яго, войта, нажом у бок. Колас. Рэўнасць і крыўда штурхалі Веру Антонаўну на скандал. Карпаў. Усё абышлося ціха, без скандалу. Васілевіч.

[Фр. scandale.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сме́шна,

1. Прысл. да смешны.

2. безас. у знач. вык., звычайна каму або з інф. Пра жаданне смяяцца. [Ядвіся] ж тут, але яго вочы не бачаць яе. І смешна ёй і радасна. Колас. Было смешна глядзець, як мой тоўсты дзядзька, нібы тая качка, перавальваючыся на кароткіх ножках, ціха падкрадваецца да куста. Каршукоў.

3. безас. у знач. вык., звычайна з інф. Дзіўна. Смешна, першыя дні шэрага хлеба не хапала. Мыслівец. Якая там стрэльба?.. Яе, папраўдзе сказаць, смешна і называць стрэльбай. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таргану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Рэзкім рухам крануцца з месца. Самалёт таргануўся і яшчэ больш заваліўся ўлева — шасі загразла. Хомчанка. Гулка страляючы круглымі колцамі шызага дыму, трактар шалёна зароў, таргануўся, як у ліхаманцы, наструніўся і асеў назад. Б. Стральцоў. // Зрабіць сутаргавы рух. — Даша! — У Загурскага раз-другі тарганулася шчака. — Ты жартуеш, Даша? Асіпенка. У маці нервова таргануліся вусны, яна памкнулася была сказаць ужо нешта злоснае... «ЛіМ». — Дачка... — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!.. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм.

1. Упасці з размаху, з сілай. [Крукаў:] — Я і без таго не сказаць каб дужа ўжо моцна трымаўся на нагах, а тут такая каўзота, што калі б і цвярозы быў, дык і то, можа, не адзін раз трахнуўся б вобзем. Васілёнак.

2. Моцна, з сілай стукнуцца аб што‑н. Прабыла булава ў небе гадзіны тры і ляціць назад. Удовін сын выставіў правую далонь. Булава трахнулася аб далонь і пераламалася напалам. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цярплі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае цярпенне (у 1 знач.); здольны з цярпеннем пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. Цярплівы мужны наш народ. Астрэйка. Страшна сказаць — ён [Таўлай] паміраў шэсць месяцаў, ведаў пра гэта, а ўсё ж заставаўся самім сабою: цярплівы, спакойны, мілы. Брыль.

2. Здольны рабіць што‑н. доўга, настойліва, з цярпеннем. Хіба вельмі вучоны чалавек можа .. [літары] разблытаць, нібы цярплівая гаспадыня скудлачаны маток нітак. Бядуля. // Доўгі, упарты. Цярплівая праца.

3. Поўны цярпення (у 1 знач.); які выражае цярпенне. Цярплівыя адносіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палі́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Грамадская дзейнасць, барацьба, у якой адлюстроўваюцца карэнныя інтарэсы класаў і іхнія ўзаемаадносіны; дзейнасць дзяржавы ў галіне ўнутранага жыцця і міжнародных адносін. Знешняя палітыка. Унутраная палітыка. Міжнародная палітыка. □ — Правільная палітыка нашай камуністычнай партыі, — гаварыў Кастусь, — палітыка ўсямернага развіцця індустрыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі — апраўдала сябе выдатна. Брыль. // Агульны напрамак дзейнасці дзяржавы, якога‑н. класа, партыі. Агрэсіўная палітыка. Палітыка мірнага суіснавання. Палітыка нейтралітэту. // Напрамак дзейнасці дзяржавы, палітычнай партыі ў той ці іншай галіне ў пэўны перыяд. Новая эканамічная палітыка. Нацыянальная палітыка. // Падзеі і пытанні ўнутранага і міжнароднага грамадскага жыцця. Максіму хацелася таксама сказаць што-небудзь аб палітыцы, але ён дні тры ўжо не чытаў газет і таму баяўся сказаць неўпапад. Шамякін.

2. Разм. Характар паводзін, які вызначае адносіны да каго‑, чаго‑н. — Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзіця з ражном перці... Ды бога пабаялася б.. — Усё гэта хітрыкі дзеда, і маці добра разумее яго палітыку. Але што ты з гэтым дзедам зробіш. Лынькоў.

3. Разм. Удзел у рэвалюцыйным руху, у рэвалюцыйнай рабоце. Цяпер.. [Параска] жыла без мужа: яго засудзілі паны на восем год за палітыку. Дамашэвіч.

[Грэч. politikē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назва́ць, ‑заву, ‑завеш, ‑заве; ‑завём, ‑завяце, зак., каго-што.

1. Даць імя, назву і пад. каму‑, чаму‑н. Прыбыткоўскія назвалі сваю дачку Ганнай. Чорны. Ленін прапанаваў назваць бальшавіцкую партыю Камуністычнай. «Весці». // Даць азначэнне (якім‑н. словам), ахарактарызаваць; аднесці да ліку каго‑, чаго‑н. Паселішча гэта нельга было назваць вёскай. □ Няхай казкай цябе назавуць, Маладая мая паэма. Глебка.

2. Сказаць імя, прозвішча, назву каго‑, чаго‑н., адрэкамендаваць. Незнаёмы хлопец назваў сябе і сказаў, чаго ён сюды прыехаў. Колас. — Эдвард Лявэр, — назваў сябе палонны, паціскаючы на развітанне яшчэ раз хлопцаву руку. Чорны. Добры дзень, — сказаў.. [Карніцкі] пасля пэўнай паўзы Шынкевічу такім тонам, у якім выразна чулася патрабаванне назваць сябе. Паслядовіч. // Паведаміць аб кім‑н. Назваць саўдзельнікаў. □ [Бацька] назваў.. забойцаў, прасіў адпомсціць, падаць у суд. Шамякін. // Ведаць назву. Навокал быў свет жывых істот і рэчаў, якія я ўмеў назваць. Брыль.

3. Сказаць, аб’явіць. Назваць лічбу. Назваць дзень. □ [Люба:] — А куды ты паедзеш? — Валя назвала горад. Чорны. — Колькі трэба заплаціць? — ціха спытаў Ярохін. Пілот назваў суму. Шамякін.

4. Вылучыць куды‑н. Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Машу. Шамякін.

5. Разм. Тое, што і наззываць. Назваць гасцей поўную хату.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)