узако́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Надаць чаму‑н. законную сілу, зацвердзіць, аформіць у адпаведнасці з законам. Узаконіць шлюб. // Увесці ва ўжытак на правах агульнага прызнання; даць чаму‑н. правы грамадзянства. Крытык павінен уявіць сабе сувязь паміж адзінкавым выпадкам і агульнымі рысамі жыцця, зразумець сэнс пэўнага выпадку, вытлумачыць яго прычыны, узаконіць яго існаванне. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бліжэ́й,

1. Выш. ст. да прысл. блізка. Марына ў моцным узрушэнні Бліжэй к танкісту падышла. Колас. З-за горкі пачулася роўнае гудзенне. Усё бліжэй і бліжэй. Юрэвіч.

2. у знач. вык. Больш блізка ў параўнанні з кім‑, чым‑н. іншым. Ты [Мірыям] мне бліжэй за бацьку і матку. Бядуля. Рабочы пасёлак жаўцеў крыху наводшыбе, а старое мястэчка было бліжэй. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюсю́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Размаўляючы, замяняць шыпячыя гукі свісцячымі.

2. перан. Падроблівацца пад узровень развіцця, склад думак, мову і пад. каго‑н. (звычайна дзіцяці). Нельга з дзецьмі на адным павышаным тоне размаўляць. Нельга і адно толькі сюсюкаць. Юрэвіч. // Абыходзіцца з кім‑н. як з малым дзіцем, няздольным адказваць за свае дзеянні; празмерна апякаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апра́ва ’рамка, аклад абраза; пераплёт кніжкі’. Рус. оправа ’рамка, аклад’, укр. оправа ’пераплёт; рамка, аклад’, польск. oprawa ’пераплёт, рамка’. Да апраўляць ’апрацоўваць, прыводзіць у адпаведны выгляд’, адкуль і ’ўстаўляць у аправу’. Значэнні ’рамка’ і ’аправа абраза’ адносна новыя з больш старога аправа ’рамка’. Ст.-бел. оправа ’паправа, наладка’ (магчыма, з чэшскай, сустракаецца ў Скарыны, хаця вядома і ў старапольскай); ’дакумент на права карыстання маёмасцю’ і ’маёмасць, запісаная на чыёсьці імя’ (Юрэвіч–Яновіч, Бел. мова, 97), звязана са старапольскім значэннем дзеяслова oprawić ’забяспечыць’, ст.-бел. оправити ’ўнагародзіць’ (Гарб.). Семантычны пераход у дзеяслове, магчыма, такі: ’паправіць, прывесці ў адпаведны выгляд, зрабіць аправу’ і ’паправіць (матэрыяльнае становішча), запісаць маёмасць, узнагародзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

на́дта, прысл.

1. Звыш меры, празмерна. Таргаваліся, таргаваліся [купцы], ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. Здаралася не раз, што есці надта хацелася, а мамка не прыносіла. Ядвігін Ш.

2. Вельмі, у вялікай ступені. Святланку гэтыя дні.. [бабуля] не выпускала на вуліцу, бо быў надта моцны мароз. Юрэвіч.

•••

Не надта (што) — не вельмі, так сабе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сузо́р’е, ‑я, н.

Участак зорнага неба, група зорак, аб’яднаная агульнай назвай. Высока, высока над вёскай мігаціць сузор’е Вялікай Мядзведзіцы. Брыль. Ноч. Пад сузор’ямі Стажараў Маўчыць зямля ў нямой цішы. Звонак. // перан.; каго-чаго. Група выдатных дзеячаў, пісьменнікаў і пад., якія працуюць сумесна, у адну эпоху. У М. Стральцова ўзнікла патрэба падзяліцца некаторымі сваімі думкамі пра найярчэйшае сузор’е выдатных песняроў XX стагоддзя. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Морг1 ’трупярня’ (ТСБМ). Праз рус. мову з франц. morgue ’тс’.

Морг2 морг̌, морх, морк ’старая мера зямлі = 0,71 га’ (ТСБМ, Мядзв., Гарэц., Шпіл., Выг. дыс., Чуд., Сцяшк., Шат., Бяльк.), навагр., ст.-дар. ’мера зямлі каля 0,56 га’ (Бел. хр. дыял., Прышч.), ’мера сенажаці ў селяніна’ (Нас.), ’мурог’ (петрык., Шатал.), маргі ’ўчастак лугу’ (Касп.), маргі жаць, маргі рабіць ’выконваць павіннасць па ўборцы збожжа для пана’ (полац., Хрэст. дыял.), ст.-бел. моркгъ, моргъ ’мера зямлі’ (XIV ст.) запазычана са ст.-польск. morg, morg, morga (Чартко, Пыт. мовазн., 118; Юрэвіч, Зб. Крапіве, 291; Кюнэ, 76, 78; Булыка, Лекс. запазыч., 154; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 77).

Морг3 (выкл.) і моргаць ’маргаць’ (ТСБМ), морьг! ’пра аднаразовае морганне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Да марга́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бытава́ць, ‑туе; незак.

Існаваць, мець пашырэнне, месца, быць вядомым. Колас ўжываў шмат слоў і выразаў, якія з аднолькавым правам бытуюць у рускай і беларускай мовах, але ніколі не рабіў штучных калек. Юрэвіч. Ва ўсім цяпер раскрываўся перад .. [Марынаю] новы сэнс, быццам усё, што жыло і бытавала навокал яе, стала раптам такім, якім павінна было быць заўсёды. Чорны. // Прадаўжаць існаваць. У Кушлянах да гэтага часу бытуе нямала вусных расказаў пра Францішка Багушэвіча. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Пазбягаць, цурацца каго‑н. Нейкі час .. [муж і жонка Раманюкі] жылі, як два чужыя чалавекі, выпадкова з’яднаныя гешэфтам: называлі адзін аднаго на «вы», чужаліся. Карпюк. Да .. [Пшанічнага] раптам перамяніліся ўсе дружбакі, пачалі чужацца хлопца. Быкаў. // Адмаўляцца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. (якіх‑н. дзеянняў, спраў, сфер жыцця і пад.). Крытык не чужаецца гісторыі, але кожны раз, калі звяртаецца да яе, спрабуе асвятляць з пазіцый сённяшняга дня. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Пацярпець. Заплакаў Дзяніска. — Я хачу есці. Ідзем дамоў. — Патрывай, Дзяніска, хвіліначку, патрывай, мой маленькі... Скора прыдзем да партызан, і яны ўсяго-ўсяго табе дадуць. Шамякін. — Галоўку напячэ, балець будзе, — вядзе сваё бабуля. — Нічога, патрываю, — адказвае ўнук. Юрэвіч.

2. Пратрымацца нейкі час. Падыходзіць чарга гаварыць мне. Маўчанне, якое патрывала нейкіх пяць-дзесяць хвілін, разрываецца дзедавай трубою: — Ды ты ж тое самае гаворыш, што і нашы. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)