сапяжа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Пашыраны ў Беларусі сорт летняй грушы, якая дае круглыя жоўтыя салодкія плады. А потым усюды ў Навасёлках — і на прысядзібных участках, і ў калгасным садзе, дзе растуць тысячы бэр, сапяжанак, антонавак, белых наліваў, — зоймецца белае зіхатлівае зарыва... Паслядовіч.

2. Плод гэтай грушы. Вылі вяснушкі на шчаках Смуглявай гэтай гараджанкі, Нібы радзімкі на баках Налітай сонцам сапяжанкі. Аўрамчык.

[Ад уласн. імя.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заку́ска, ‑і, ДМ ‑кусцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. закусваць ​2 — закусіць ​2.

2. Р мн. ‑сак. Стравы, якія з’ядаюцца для апетыту перад абедам або пасля выпітага віна, гарэлкі. Халодныя закускі. □ Усе падышлі да стала, дзе з-за высока накладзеных усякіх закусак выглядалі бутэлькі са сваімі, калгаснымі наліўкамі. Чорны.

3. Салодкія стравы і фрукты, якія падаюцца пасля асноўнай яды. Пасля супу падалі кашу. А на закуску — кампот. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ласу́нак, ‑нку, м.

1. Што‑н. вельмі смачнае; улюбёная страва. Хатнія ласункі. □ Грыбы [госці], вядома, хвалілі, дый удаваліся яны такія, што маглі лічыцца ласункам. Лужанін. [Чайкі] то стралой узнімаюцца ўгору, то куляй ляцяць уніз за ласункамі, якія пасажыры кідаюць за борт. Філімонаў.

2. звычайна мн. (ласу́нкі, ‑аў). Салодкія кандытарскія вырабы і наогул усё смачнае; прысмакі. Танкісты пачалі дзецям соваць ласункі, хто галеты, хто цукар. Няхай. У парк рэдка хто заглядваў, і мядзведзям ужо не прыносілі ніякіх ласункаў. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́льма, ‑ы, ж.

1. Паўднёвае вечназялёнае дрэва з высокім прамым ствалом і кронай з перыстых або веерападобных лістоў. Разам з дубам, клёнам і вязам падымаліся пальмы. Маўр. Каля акна стаялі вагоны — фікус і пальма. Федасеенка.

•••

Какосавая пальма — высокая пальма з кольчатым ствалом і перыстым лісцем, якая дае плады ў выглядзе вялікіх арэхаў.

Фінікавая пальма — пальма з кронай вялікіх перыстых лістоў, якая дае салодкія плады — фінікі.

Пальма першынства — першае месца ў дасягненні чаго‑н. (ад звычаю ў старажытнай Грэцыі ўзнагароджваць пераможцу ў спаборніцтвах пальмавай галінкай або вянком).

[Лац. palma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парэ́чкі, ‑чак; адз. парэчка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Кустовая ягадная расліна сямейства агрэставых. У гародчыку буялі парэчкі і дзікая ружа з агрэстам. Пташнікаў. Грышка пераскочыў цераз плот у сад, пасля папоўз між кустоў парэчак і агрэсту аж у канец саду, дзе ўжо пачынаўся лес. Чарот. Ідуць радамі ў шапках шэрых Кусты парэчак і ажын. Глебка.

2. зб. Кіславата-салодкія ягады гэтай расліны чырвонага, жоўтага або чорнага колеру. Віно з парэчак. □ І я, задаволены гэткай сустрэчай, Успомніўшы Прыпяць і вёску сваю, Купіў на дарогу празрыстых парэчак ў жанчыны, падобнай на маці маю. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Манту́ліць ’прыкінуцца бедным, каб пажывіцца’ (Нас.), манту́лы ’ласункі, прысмакі’ (слаўг., Нар. словатв.), ’хаўтурны абед’, ’гасціна з прычыны якога-небудзь свята’, ’дармавая выпіўка’, ’палескія дранікі’, ’бліны і памінальныя стравы’, ’выгоды жыцця, лёгкія даходы’ (Нас. Сб.; паўд.-усх., КЭС), ’хлеб і іншыя харчы, сабраныя для духавенства’ (там жа), манту́лік ’сырнік’ (лоеў., Мат. Гом.), манту́льнік, манту́лка ’мужчына і жанчына, якія любяць жыць за чужы кошт’ (Нас.). Укр. мантули ’ахвяраванні, сабраныя для каляднікаў ці жабракоў’, гуц. ’пірагі з кукурузнай мукі з сырам’, манту́лкисалодкія падарункі, баранкі, прывозімыя з кірмашу’, манту́лити ’выпрошваць падачкі’; рус. варон. манту́лить ’карміцца рэшткамі з панскага стала’, мантульник, мантульница ’той, хто корміцца рэшткамі з панскага стала’, ’хто напрошваецца да іншых на абеды, у госці’. Усходнеславянскае. Утварэнне з суфіксам ‑ул‑, якое не мае нейкага аднаго адпаведніка ў іншай мове. Утварылася ў выніку кантамінацыі; у ім перакрыжавалася некалькі першасных балтыйскіх і усх.-слав. (бел.) лексем. Так значэнне ’ласункі, слодыч’ звязваецца праз лексему ламту́ты (гл.) з літ. lemtùtas ’дабрачыннасць і інш.’, значэнне ’дармовыя частаванні, лёгкія даходы’ можна экстрагаваць з літ. mantà ’багацце’, mantas ’выгода, карысць’, mantáuti ’старацца нажыцца’ і бел. мантачыць ’выпрошваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

смак, ‑у. м.

1. Адчуванне, якое ўзнікае ў выніку раздражнення слізістай абалонкі языка рознымі рэчывамі; здольнасць успрымаць такое адчуванне — адно з пяці знешніх пачуццяў. Салодкі смак. Кіслы смак. Горкі смак. Органы смаку. □ [Чалавек] адчуваў толькі чырвоны туман у вачах і салоны смак крыві ў роце. Караткевіч. Дзеці любаваліся чырвонымі карэньчыкамі [радыскі], каштавалі іх на смак і з удзячнасцю пазіралі на маленькую гаспадыню. Бяганская. // Якасць, уласцівасць ежы, якая адчуваецца ў час яды. Дануся ад душы засмяялася, калі даведалася, што я па смаку не адрозніваю гатункаў цукерак і яны для мяне ўсе аднолькава салодкія. Карпюк. Смак гэтых сушаных яблык.. [Язэпка] яшчэ і цяпер памятае. Бядуля. // Апетыт, прыемнае адчуванне ад яды. Варанае мяса і хлеб з’елі з такім смакам, якога даўно не ведалі. Пянкрат. Акраец хлеба ў торбу ўзяў, кавалак сала ўзяў для смаку. Дубоўка. Ходзіць бабка лесам-гаем У хусціначку збірае Даланясты ліст кляновы — Хлеб на ім пячы жытнёвы,.. А бабоўнік кучаравы — Каб не страціць смак да стравы. Танк.

2. перан. Задавальненне, ахвота. [Міхась] прыпёрся спіной да левага крыла «Пабеды» і доўга стаяў, са смакам пакурваючы папяросу. Корбан. [Тамаш] убіраў у сябе гукі маршаў з такім смакам, нібы піў невядомае смачнае пітво. Бядуля. Калі студэнт выйшаў на двор і спыніўся каля лаўкі, завознікі слухалі якраз вусаценькага мужчыну, які са смакам і веданнем расказваў пра былога гаспадара млына. Брыль. // Цікавасць, схільнасць да чаго‑н.; сутнасць, сэнс чаго‑н. Страціць смак да жыцця. □ Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва. [Чалавек:] — Я люблю рызыку. Як па лязе брытвы ходзіш... Во ў чым смак... Асіпенка.

•••

Дайсці да смаку гл. дайсці.

(Не) да смаку (быць, прыйсціся і пад.) — (не) падабацца, (не) спадабацца каму‑н. Жаласлівасць чужых цётак Ваню была не да смаку. Бядуля. [Маланка] баялася, ці прыйдуцца да смаку гасцям яе аладкі. Грамовіч.

Увайсці ў смак гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)