красамо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўмее добра, прыгожа гаварыць; надзелены красамоўствам. — Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Багдановіч. — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. // Выказаны выразна, умела; поўны красамоўства. Красамоўны даклад. □ Кастусь з вялікай увагай слухаў прамову дырэктара, але красамоўныя і гучныя словы ўляталі ў адно вуха і выляталі ў другое. С. Александровіч.
2. перан. Які выразна перадае, паказвае што‑н. Красамоўны позірк. □ Коля, ідучы следам за Гусевым, даў Даніку красамоўны знак рукамі ўніз — правал. Шамякін.
3. перан. Пераканаўчы, наглядны, несумненны. Красамоўныя лічбы і факты аб вайне і міры прыцягвалі да сябе прахожых. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.
1. Спец. Стаць стушаваным, пры дапамозе тушоўкі зрабіць паступовы пераход ад цёмнага да светлага. Лініі на малюнку стушаваліся. // перан. Стаць менш прыкметным, выразным; згладзіцца. Потым і яшчэ былі такія экскурсіі, а потым вучыліся .. [хлопцы] пад зямлёю, але ўсё гэта неяк стушавалася ў памяці, выразна, да драбніц запомніўся толькі першы спуск. Лупсякоў.
2. перан. Разм. Сумецца, збянтэжыцца. Стушавацца на экзаменах. □ Дзяўчына раптам заўважыла, што ў загадчыка няма аднае рукі, і ад гэтага крыху стушавалася і адказала: — Не. Дуброўскі. Яўлампія Аляксандраўна няўлоўна павяла выгнутым брывом, Антон Пятровіч трохі стушаваўся і заспяшыў, каб чокнуцца з Віктарам, жонкай і дачкой. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́зы, ‑ая, ‑ае.
1. Цёмна-шэры з сіняватым адлівам; шэра-блакітны. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў. На змярканні з-за лесу папаўзлі шызыя, змрочныя хмары. Быкаў. Сонна пакружыўшы над шызым кустом вярбы на лузе,.. [вароны] таксама моўчкі разляцеліся ў розныя бакі. Ігнаценка. // З сіняватым адлівам (пра колер скуры). Чырвоны твар Пачулія стаў шызым. Самуйлёнак. Сашунчык ці «Казлянятка» — гэта Аляксандр Пятровіч Казлоў — франт перадпенсійнага ўзросту з шызым носам. Вірня. Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Шамякін.
2. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шызы голуб. Шызая чайка. Шызая плесень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наадваро́т, прысл.
1. У адваротным напрамку. Прачытаць слова наадварот.
2. Зусім інакш, не так, як трэба. Зрабіць усё наадварот. □ Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот... Бядуля. Лена адчыніла акно. Ад гэтага ў пакоі не стала халадней. Хутчэй наадварот: ноч была цёплая. Ваданосаў.
3. у знач. пабочн. У процілегласць таму, што сказана. Старыя злаваліся, а мы, наадварот, радаваліся. Якімовіч. Аксану больш за ўсё на свеце цікавіла свая сям’я, гаспадарка.. Люба, наадварот, цікавілася больш тым, што рабілася вакол. Васілевіч.
4. у знач. супраціўнай часціцы (у пачатку рэплікі). Зусім не. — Гэты ваш.. [знаёмы] не вельмі дасціпны чалавек, — сказаў Канстанцін Пятровіч. [Аляксандра Сцяпанаўна:] — Наадварот, ён меў рацыю. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тост, ‑у, М ‑сце, м.
Застольная прапанова выпіць віно ў гонар каго‑н., за што‑н.; здравіца. [Будыка:] — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. [Пракоп] раз-пораз абвяшчае тосты, цалуе старшыню калгаса Якуба Таўкача, цягнецца цераз стол, каб чокнуцца поўнай чаркай з Аленай Антонаўнай. Жычка. // Бакал віна, які выпіваецца ў гонар каго‑н., за што‑н. Калі прыгатаванне было скончана, .. [Анатоль] падняў сваю чарку і сказаў: — Першы тост я падымаю за цудоўных гаспадынь гэтага райскага кутка на зямлі! Ваданосаў. Паходны дом, Салдацкі дом ты наш — ..У сэрцах ты жывеш І не памрэш, І за цябе мы п’ём свой тост да дна. Астрэйка.
[Англ. tost.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчаці́на, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і шчацінне. Толькі дзік, Адзін-адзіны, Той, з кім заяц балбатаў, Хібы ўсе прыкрыў шчацінай Ад брушыны да хрыбта. Калачынскі. Жыў у Старобіне анучнік Шмуіл. Яго ведала ўся наша акруга, а ў Арабінаўцы — кожны падлетак, бо Шмуіл за анучы, шчаціну і ўсякае іншае шмуцце даваў, акрамя мыла, дзёгцю, яшчэ і цукеркі ды мятныя пернікі. Кулакоўскі. Пятровіч толькі ўключыў электрабрытву, каб спляжыць сівую шчаціну са свайго твару, як пачуўся званок. «ЛіМ». А з перавулкаў — жандары — Коні, шаблі, хрып, крык, Плямы раз’юшаных каркаў, Шчаціна ўздыбленых пік. Лойка. Падводы ж зрабілі круг, пераехалі цераз ручай і выбраліся на грэбень узгорка, парослага густой шчацінай маладога сасонніку. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Крэслячы, правесці шмат ліній; закрэсліць у многіх месцах.
2. Зрабіць накід (плана, схемы і пад.). [Кібальчыч:] Я тут не спаў, забыўшы страх, Спяшаўся жыць, пакуль не змог чарцёж накрэсліць на лістках. Вялюгін.
3. Разм. Напісаць. Мікалай Пятровіч паклаў гэты адзіны дакумент у папку, а ў кнізе, куды запісвалі выхаванцаў, размашыстым почыркам накрэсліў: Рыбкін Ілья... Падумаў і дапісаў — Іванавіч. Нядзведскі. Я адчуваў — і бачыў на сцяне, Як папярэднікі мае, Таварышы, раней мяне Крывёй накрэслілі свае імёны, Праклёны катам. Васілёк.
4. перан. Намеціць, вызначыць на будучае; прадказаць. Накрэсліць шлях развіцця. □ Ужо ў першы дзень знаёмства Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. А далей? Што лёс далей накрэсліў? Вёсны. Шчасце... Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усе́сціся, усядуся, усядзешся, усядзецца; пр. усеўся, уселася; заг. усядзься; зак.
1. Сесці, размясціцца дзе‑н. (звычайна зручна, надоўга). Галкі ўзняліся над дахам, зрабілі круг і, нахохленыя, уселіся на антэне. Карпаў. Пад дубам уселася цесна Брыгада, як штаб палявы. Калачынскі. Уладзік доўга масціўся на лавачцы, нарэшце ўсеўся, выставіўшы наперад крывую нагу. Кудравец. Антон Пятровіч выпіў квас, асцярожна паставіў на талерку пустую шклянку і зручней усеўся ў крэсле. Шашкоў. // Заняць месца для паездкі. Не кінуўся [Сагура] у кузаў, не — таптаўся ўсё ўбаку, чакаў хвіліны, пакуль не ўсядуцца ўсе. Ракітны. Турсевіч усеўся ў каламажцы, зняў шапку, памахаў прыяцелю. Фурманка рушыла з месца. Колас.
2. Прыняцца за якую‑н. справу ў сядзячым становішчы. Усесціся за чытанне газет. □ Хлопцы ўселіся вячэраць пры вогнішчы. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размеркава́ць, ‑мяркую, ‑мяркуеш, ‑мяркуе; зак., каго-што.
1. Раздзяліць, падзяліць паміж кім‑, чым‑н., прадаставіўшы кожнаму пэўную частку. Міша загадаў размеркаваць наяўныя запасы не менш як на тыдзень. Новікаў. // Вызначыць месцы для каго‑н., размясціць, расставіць дзе‑н.; паслаць куды‑н. Размеркаваць студэнтаў-выпускнікоў. □ Падрыхтавалі [партызаны] пазіцыю, размеркавалі на ёй байцоў, заняўшы два бакі дарогі. Колас. Раненых размяркуем па сёлах у сваіх людзей. Няхай. // Раздзяліць на групы, разрады, катэгорыі па якіх‑н. адметных рысах. Размеркаваць мінералы па групах.
2. Вызначыць паслядоўнасць чаго‑н., размясціць у якой‑н. паслядоўнасці. — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе. Колас.
3. Мяркуючы, падлічыць, вырашыць. У сваіх планах цётка даўно размеркавала, колькі кватарантаў можна змясціць у разгароджанай прыбудоўцы. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Рабіць уздыхі. — Добрая душа гэта паненка, — казала бабка і ўздыхала. Колас. Відаць, не лягчэй на сэрцы было і ў Паўліка, бо ён прыціх і толькі час ад часу ўздыхаў. Бяганская. / у перан. ужыв. Вада і неба былі чорныя, глуха ўздыхала бездань акіяна. Хомчанка. Уздыхаў на пероне цягнік, Залатыя губляючы іскры. Глебка.
2. перан.; па кім-чым. Сумаваць, тужыць. Уздыхаць па далёкай радзіме. □ [Цёця Каця:] Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч. [Чарнавус:] Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр. Крапіва. Трэці быў няўклюдны малы, які ўвесь час уздыхаў па нейкай сваёй гармоні. Лынькоў. // па кім. Быць закаханым у каго‑н. Добры быў хлопец, А зараз па ім Болей дзяўчына Не будзе ўздыхаць, — П’яніц дзяўчаты Не хочуць кахаць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)