като́к 1, ‑тка, м.

1. Пакрытая лёдам гарызантальная пляцоўка для катання на каньках. А на катку кружыліся, праносіліся віхрам канькабежцы. Шыцік.

2. У будаўніцтве — прычапная ці самаходная машына, якая ўласнай вагою ўшчыльняе грунт, дарожныя пакрыцці і інш. На тэрыторыі завода з’явіліся вялікія каткі: заўтра пачнуць асфальтаваць галоўны праезд. «Беларусь».

3. Сельскагаспадарчая прылада для выраўноўвання глебы і здрабнення на ёй коркі.

4. Круглая драўляная калодка, на якой перакочваюць цяжкія прадметы. Перакочваць бярвенне на катках. □ Васілінка знаходзіць драўляны каток, бярэ ў запечку вілкі.., падважвае імі чыгун. Ус.

5. Абл. Кола (у 1 знач.). Дзесьці наперадзе плюхаў па лужынах конь, а каткі каціліся роўна, і шуршэў пад каткамі вільготны пясок. Галавач.

като́к 2, ‑тка, м.

1. Памянш.-ласк. да кот.

2. Ласкавы зварот да хлопчыка. — Ну, цяпер, каток ты мой, — казаў дзед да Андрэйкі, — аддасі мне свісцёлку на той час, пакуль ліст напішаш. Бядуля.

като́к 3, ‑тка, м.

Суквецце дробных кветак у выглядзе маленькіх пушыстых тронак (на вярбе, лазе і інш.). Жоўтыя пухаўныя каткі звісалі на вербалозінах, купаючыся на сонны і склікаючы пчолак і чмелікаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

біле́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Дакумент, які дае права праезду, уваходу, карыстання чым‑н., атрымання чаго‑н. (часцей за плату). Білет [у Лены] быў на руках, але да цягніка аставалася многа часу, і трэба было як мага разумней скарыстаць яго. Скрыган. [Базыль:] — Трэба пайсці ў праўленне, унесці адпаведную суму грошай і выпісаць [лесарубны] білет. Сіняўскі.

2. Дакумент, які сведчыць аб прыналежнасці каго‑н. да палітычнай або грамадскай арганізацыі. Партыйны білет. Прафсаюзны білет. Камсамольскі білет. // Дакумент, які сведчыць пра адносіны яго ўладальніка да якіх‑н. абавязкаў, навучальнай установы і пад. Ваенны білет. Студэнцкі білет. Адпускны білет.

3. Лісток з пытаннямі для тых, хто трымае экзамен. [Вера] і Валодзя разам увайшлі ў аўдыторыю, разам узялі білеты. Арабей.

•••

Банкаўскія білеты — крэдытныя знакі грошай, якія выпускаюцца эмісійнымі банкамі і замяшчаюць металічныя грошы ў якасці сродку абароту і плацяжу.

Белы білет — пасведчанне аб вызваленні ад ваеннай службы.

Воўчы білет (пашпарт) — у царскай Расіі: дакумент з адзнакай паліцыі пра палітычную ненадзейнасць яго ўласніка, які закрываў доступ у дзяржаўныя, навучальныя і інш. ўстановы.

Жоўты білет — пашпарт на жоўтым бланку, які ў дарэвалюцыйныя часы выдаваўся прастытуткам.

Зваротны білет — білет, які дае права на праезд у два канцы, туды і назад.

Казначэйскія білеты — а) у капіталістычных краінах — назва неразменных на каштоўныя металы папяровых грошай, якія выпускаюцца ў абарот фінансавымі органамі дзяржавы апрача эмісійных банкаў; б) у СССР — грашовыя знакі вартасцю ў 1, 3 і 5 рублёў, якія выпускаюцца для размену банкаўскіх білетаў (вартасцю ў 10, 25, 50 і 100 рублёў).

Крэдытны білет (уст.) — папяровы грашовы знак.

Латарэйны білет — картка, лісток, якія даюць права на ўдзел у латарэі.

[Фр. billet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клас, ‑а, м.

1. Сукупнасць прадметаў, з’яў, аб’яднаных на аснове якіх‑н. агульных прымет, якасцей; разрад, падраздзяленне. Да агульных назоўнікаў адносяцца імёны, пры дапамозе якіх абазначаюцца цэлыя класы аднародных прадметаў, з’яў, жывых істот. Граматыка. // У спецыяльнай тэрміналогіі: а) у логіцы — сукупнасць аднародных прадметаў, падобных адзін да аднаго сваімі істотнымі прыметамі, якасцямі. Клас з’яў; б) у біялогіі — адно з вялікіх падраздзяленняў у сістэматыцы раслін і жывёл. Клас паўзуноў. Клас папаратнікаў; в) у матэматыцы — сукупнасць лічбаў трох суседніх разрадаў лікаў. Першы клас складаюць першыя тры разрады: сотні, дзесяткі і адзінкі. // Разрад суднаў у залежнасці ад тыпу будовы і абсталявання. Клас мінаносцаў. Клас лінкораў. // Тып вагонаў поезда або кают парахода, абсталяваных з пэўнай ступенню выгод, праезд у якіх аплачваецца па ўстаноўленаму тарыфу. Каюта першага класа.

2. Вялікая група людзей, аб’яднаных аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў. Рабочы клас. Клас прыгнятальнікаў.

3. Падраздзяленне пачатковай і сярэдняй школы, якое аб’ядноўвае вучняў аднаго года навучання і аднолькавага аб’ёму ведаў. Пяты клас. Дзевяты клас. // Падраздзяленне вучняў мастацкай або іншай спецыяльнай школы, якія займаюцца пад кіраўніцтвам пэўнага выкладчыка або вывучаюць пэўны прадмет. Камерны клас. Клас скрыпкі, // Група вучняў пачатковай або сярэдняй школы, якія вучацца сумесна. Дысцыплінаваны клас. // Памяшканне ў школе, дзе праходзяць вучэбныя заняткі. У калідоры зазвінеў званок, заклікаючы выхаванцаў у класы. Шамякін.

4. толькі мн. (кла́сы, ‑аў). Дзіцячая гульня, якая заключаецца ў тым, што на зямлі рысуюць фігуру, падзеленую на клеткі, і, скачучы на адной назе, перасоўваюць ёю каменьчык, кусочак шкла і пад. з адной клеткі ў другую, а таксама фігура для гэтай гульні.

5. Мера якасці, ступень, ўзровень чаго‑н. Тэхніка высокага класа. // Кваліфікацыя, ступень падрыхтаванасці. Лётчык першага класа. // Разм. Высокі ўзровень чаго‑н. Паказаць клас гульні.

6. У дарэвалюцыйнай Расіі — адно з падраздзяленняў у табелі аб рангах, якое адпавядала пэўнаму чыну. Чыноўнік чатырнаццатага класа. // Ступень некаторых грамадзянскіх званняў. Саветнік юстыцыі першага класа.

[Ад лац. classis — разрад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)