вы́хадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Разм.
1. што. Абысці пехатою многія мясціны. [Сусед:] — У часе грамадзянскай вайны я ўсе тутэйшыя месцы выходзіў. Галавач. Падлеткам за чужою чарадой Я выхадзіў выжары і пагоркі. Вітка.
2. Прабыць у стане хадзьбы які‑н. час; пахадзіць. У грыбныя часы.. дзядзька Марцін браў каробку і хоць выхадзіць палавіну дня, затое ж прынясе такіх баравікоў, што хоць вязі на выстаўку. Колас. [Лук’янская] выхадзіла некалькі дзён па Камароўцы і не магла дапытацца Шпулькевіча. Чорны.
3. што. Дабіцца чаго‑н., доўга або неаднаразова ходзячы. — А вы вось яшчэ пахадзілі б па полі, — смяяўся з.. [мужыкоў] дзед: — Можа што і выхадзілі б. Колас.
4. каго. Старанна даглядаючы, дабіцца папраўкі хворага. Пасля кантузіі Маша выхадзіла.. [Сіўцова] з матчынай цярплівасцю. Васілевіч.
5. каго-што. Выгадаваць, выкарміць, выняньчыць. Выхадзіць малады сад. Выхадзіць дзяцей без маткі. □ [Цётка Фядора:] — Няхай бы ўжо лепей ягняты прапалі. Усё роўна не выхадзіш іх, не дачакаешся карысці. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́раўняцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і выраўнавацца. Маршчына не сыходзіла з ілба. Яна толькі выраўнялася і стала глыбейшая. Чорны.
2. Разагнуцца, выпрастацца. Ганна добра відна была.. Рукі былі сашчэплены так, што здалося — не разарве ніхто. Навек. І сама сядзела так, бы не выраўняецца век. Мележ.
3. Размясціцца па прамой лініі; параўняцца. Рабочыя выраўняліся, самкнуўшыся ў стройную калону. Пестрак. // перан. Даганяючы, зраўняцца з іншымі. Колькі летась давялося пахадзіць, паабіваць парогі, каб прыслалі спецыяліста, а цяпер, калі праўленне вылезла з прарыву, выраўнялася, забіраюць работніка з самага цяжкага ўчастка. Сапрыка.
4. Вярнуцца з нахіленага ў гарызантальнае ці вертыкальнае становішча. Самалёт выраўняўся і ўзяў курс на поўнач. Шахавец. [Насця] паклала руку на другі рычаг — машына выраўнялася і, плаўна пагойдваючыся, пайшла па асветленым фарамі прагале. Хадкевіч.
5. перан. Развіваючыся, павялічваючыся, зрабіць непрыкметнай розніцу паміж чым‑н. Рунь паступова выраўнялася. Хлапец выраўняўся і пастрайнеў. // Пазбавіўшыся ад недахопаў, стаць роўным, паслядоўным; ураўнаважыцца. Настрой паступова выраўняўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)