нясто́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ведае стомы; вынослівы. Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Настойлівы, упарты. Паэт быў шчырым у сваіх ацэнках і нястомным у пошуках новага, што магло б узбагаціць паэзію. Майхровіч.
2. Неаслабны, пастаянны. Я прыпамінаю Палессе з яго нястомным гоманам птушак. Галавач. Павел, калі яго пасля брыгадзірства паслалі кіраваць работай клуба, выдатна спраўляўся і з гэтым абавязкам. Патрэбны былі нястомная выдумка, кемлівасць і душа. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адпіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.
1. што, каму. Даць пісьмовы адказ на запытанне, пісьмо і інш. — А ты, Павел, адпішы Эльзе, перадай прывітанне ад усіх нас. Чарнышэвіч.
2. што, каму. Разм. Перадаць у спадчыну па завяшчанні, апісаць. [Цар:] — Каторы з вас дастане тую свінку.., таму ўсё царства адпішу! Якімовіч.
3. каго. Уст. Зняўшы з уліку, перавесці, перадаць куды‑н. Адпісаць з часці салдата.
4. Уст. Адабраць па вопісу; канфіскаваць. Адпісаць панскую маёмасць у фонд дзяржавы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Змераць, памераць нанава, яшчэ раз. Перамераць куплены адрэз. □ Павел перамераў крокамі абодва пакоі — у дзяўчат ён быў крыху большы. Шахавец. Большасць галасоў паказала, што ўсю прыбалотную зямлю трэба перамераць і перарэзаць. Чорны.
2. Змераць, памераць усё, многае. Перамераць усё збожжа. Перамераць усе прысядзібныя ўчасткі.
3. перан. Разм. Шмат прайсці, пахадзіць па якой‑н. тэрыторыі. З таго часу шмат прайшло гадоў. Многа дарог перамералі мае ногі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памо́чнік, ‑а, м.
1. Той, хто памагае каму‑н. у чым‑н.; памагаты (у 1 знач.). [Грыша] лепш за ўсіх займаўся ў аўтамабільным гуртку, першым навучыўся вадзіць машыну і быў добрым памочнікам Сцяпану Захаравічу ў дарозе. Жычка.
2. Службовая асоба, якая дапамагаў па службе іншаму, асноўнаму работніку і з’яўляецца яго намеснікам. У воласці я застаў пісара і яго памочніка. Колас. Павел адразу пазнаў у .. [хлопчыку] малодшага брата Івана Сянчэні — Сярожу, які вучыўся на памочніка машыніста. Шахавец.
3. Разм. Тое, што і памагаты (у 2 знач.). Кірыл стаў фашысцкія памочнікам, вылюдкам, як сама Амельяніха яго называла. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экано́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
1. што. Разумна расходаваць, эканомна выкарыстоўваць. Святлану на ўсіх сходах у прыклад ставілі — што і рабіць стараецца, нормы перавыконвае, гаруча-змазачныя матэрыялы эканоміць. Місько. Сувязь абарвалася. Павел яшчэ раз праверыў кірунак, адзначыў месца, дзе застаўся карабель, і выключыў ліхтар. Трэба было эканоміць электраэнергію. Шыцік. // Выкарыстоўваць найбольш мэтанакіравана, ашчадна. Эканоміць кожную мінуту рабочага часу. □ Быў аддадзены загад дыверсійным групам эканоміць тол. Усе адчувалі — рыхтуецца нейкая вялікая аперацыя. Дзенісевіч.
2. Максімальна скарачаць выдаткі. Эканоміць на матэрыялах. □ Білеты былі вельмі дарагія і пасля прыходзілася моцна эканоміць, сядзець на хлебе і вадзе. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
празвіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
1. Утварыць звонкі, высокі гук. Ужо празвінеў першы званок, а Павел усё яшчэ не з’яўляўся. Шахавец. // Пачуцца, прагучаць (пра звонкі гук, голас). Танклявы галасок маленькай Верачкі празвінеў за сталом так нечакана, што ўсе сціхлі і павярнуліся да яе. Каршукоў.
2. перан. Стаць вядомым. [Аксіння:] — Глінчыха вунь, Наталька Чарнавус ды другія некаторыя гэтым летам на ўвесь раён празвіняць. Кулакоўскі. [Баяніст:] Наш ансамбль будуць запісваць для радыё. І пра цябе [Гэлю] запішуць. На ўвесь свет празвініш! Губарэвіч.
3. Звінець некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кляймо́, ‑а́; мн. кле́ймы (з ліч. 2, 3, 4 кляймы́), кле́ймаў; н.
1. Пячатка, знак, якія ставяцца на вырабах і паказваюць гатунак тавару, назву прадпрыемства і пад. Фабрычнае кляймо. Завадское кляймо. □ Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша. Шамякін. // Выпалены знак на скуры жывёлы. // Метка, звычайна ў форме літар, выпаленая на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 года).
2. перан.; чаго або якое. Знак, сведчанне чаго‑н. (звычайна ганебнага). Кляймо забойства. □ Занятак адкладвае на кожнага своеасаблівае кляймо. Бядуля.
3. Прылада, якой кляймуюць.
•••
Каінава кляймо — след злачынства на кім‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упрэ́гчы 1, упрагу, упражэш, упражэ; упражом, упражаце, упрагуць; пр. упрог, упрэгла; заг. упражы; зак., каго.
1. Запрэгчы ў павозку, воз і пад. Сурвіла, не чакаючы больш фармальнага дазволу, шпарка ўпрог у аглоблі кабылу і рушыў на двор ратушы. Чорны.
2. перан. Разм. Уключыць у работу, прымусіць многа працаваць. Вы, Павел Андрэевіч, відаць, па злосці мяне ў дакладчыкі ўпісалі. — Прафесар зірнуў Будніку ў твар. — Я ж разумею, даклад вам даручалі, а вы і мяне ў яго ўпрэглі. Галавач.
упрэ́гчы 2, упрагу, упражэш, упражэ; упражом, упражаце, упрагуць; пр. упрог, упрэгла; заг. упражы; зак., што.
Тое, што і упражыць. Упрэгчы боб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.
1. з кім. Абмяняцца думкамі аб кім‑, чым‑н., коратка пагаварыць. Перагаварыць з сябрам па тэлефоне. Перагаварыць адзін на адзін. □ Студэнты вылучылі дэлегацыю з пяці чалавек, якім даручана было перагаварыць з рэктарам універсітэта. Галавач.
2. пра што, што і без дап. Пагаварыць з кім‑н. пра ўсё, многае. І хоць шмат чаго перагаварылі яны за той вечар, аднак не ўсё расказаў Павел пра сябе. Пальчэўскі.
3. каго. Разм. Пагаварыць даўжэй, больш за іншых, прымусіць замоўкнуць іншых. Не хацелася сварыцца з Сашам .. — усё роўна, ведала, яго не перагаворыш. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невіду́шчы, ‑ая, ‑ае.
Які страціў зрок; сляпы. Навошта рэкі і моры, Навошта хмары і зоры, Навошта палі і пушчы, Калі чалавек невідушчы? Дайнека. Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на доўгі кій і праводзячы цягнік невідушчымі вачыма. Хадкевіч. / у знач. наз. невіду́шчы, ‑ага, м.; невіду́шчая, ‑ай, ж. Нязручна было ісці невідушчаму: здавалася, вось-вось за што-небудзь зачэпішся і пляснешся. Марціновіч. // Які не заўважае, не бачыць таго, што адбываецца навокал. — Табе добра так гаварыць! — адкінулася на спінку крэсла Лёдзя і ўтаропіла перад сабою невідушчы позірк. Карпаў. Дзед Павел рынуўся ў гушчар, чапляючыся за карчы, налягаючы невідушчымі ад страху вачамі на кусты. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)