Строк1 ‘авадзень’ (Маш., Дразд., Сцяц. Сл., Скарбы; кіраў., Нар. сл.), ‘здрок, Gasterophilidae’ (Федар. 4, Сцяшк. Сл.; брэсц., гродз., шчуч., ЛА, 1), строк, стрэк ‘авадзень’ (гродз., свісл., шчуч., баран., асіп., пін., гарад., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), страк, стрэк ‘страказа’ (дзятл., шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. строка́, стрёк ‘авадзень, сляпень’, ц.-слав. стръкъ, чэш. streček, славац. streček, н.-луж. stśak, в.-луж. ćělčk, серб.-харв. штр̑к ‘тс’, балг. щръ́клица. Прасл. *strěkъ (рэканструкцыя Махэка₂, 585). Вытворнае ад *strěkati, гл. стрыка́ць. Шустар-Шэўц (1367–1368) як праславянскае ўзнаўляе *strečьkъ. Арашонкава і інш. (Весці, 1969, 4, 129) бел. строк параўноўваюць з літ. straglỹs//straklys ‘страказа’, stràkas ‘бойкае дзіця’, strakùs ‘здольны высока падскочыць’, straksėti ‘падскокваць’, што, магчыма, датычыць толькі значэння ‘страказа’, гл. Астрэйка, АКД, 8. Фасмер (там жа), прынамсі параўнанне з strakùs лічыць ненадзейным, а Махэк₂ (там жа) у якасці паралелі прыводзіць ням. stechen ‘калоць’ з ‑к‑ замест g і ўстаўкай ‑r‑.

Строк2 ‘тэрмін’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС; беласт., Сл. ПЗБ; Жд. 1, Ян.; в.-дзв., Шатал.). З рус. срок ‘тс’ з устаўным т (паходзіць ад *sъrekti ‘дамовіцца’, гл. рэкнуць).

Строк3 ‘від шва’ (Сл. рэг. лекс.), стро́чка ‘шво’ (Мат. Гом.). Узыходзіць да прасл. *strokъ ‘укол, пракол’, звязанага чаргаваннем з прасл. *strěkati ‘калоць’ (ЕСУМ, 5, 448). Адсюль страчы́ць ‘шыць, вышываць суцэльным швом’ (ТСБМ), ‘шыць уручную’ (мядз., Сл. ПЗБ). Параўн. страка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́жань ‘асяродак, сарцавіна расліны’, ‘згустак гною ў нарыве’, ‘вось або апора чаго-небудзь’, ‘сярэдзіна ракі, быстрыня’ (ТСБМ, Варл.), ‘асяродак нарыва’, ‘сарцавіна смалістага дрэва або смалісты сук’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘сарцавіна’, ‘шчыльная драўніна’, ‘палена’, ‘асяродак (у морквы)’, ‘адросткі пяра пасля лінькі птушак’, ‘згустак малака’ (Сл. ПЗБ), ‘стрыжань дрэва’, ‘асяродак скулы’, ‘быстрыня; незамерзлае месца ў рацэ’ (Бяльк., Сцяшк.), ‘асяродак у хвоі’, ‘бруд, гной у нарыве’ (Янк. 1, Сл. Брэс.), ‘самае глыбокае месца ў возеры, рацэ’, ‘згустак гною ў нарыве’ (Растарг.), ‘стрыжань скулы’ (кіраў., нараўл., Шатал.; Юрч. Вытв.), ‘стрыжань дрэва, нарыва’ (ТС, Шымк. Собр., Касп.), стры́жэнь ‘моцны струмень у цячэнні ракі’ (ТС), ‘агрэх’ (ПСл), стрыжэ́нь ‘галоўны корань дрэва’ (Сцяшк.), стрыжі́нь ‘смалістае дрэва’ (кам., Ск. нар. мовы), стрыжо́нак ‘стрыжань (дрэва, нарыва)’ (Мат. Гом.), стрыжэ́ністый ‘з тонкім слоем абалоні (пра дровы)’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.). Параўн. укр. стри́жень ‘стрыжань (дрэва, скулы, ракі)’, рус. сте́ржень ‘тс’, ‘стрыжань у механізмах’, стре́жень ‘быстрыня ў рацэ’, рус.-ц.-слав. стрьжень ‘сарцавіна’, ц.-слав. стържьнь ‘тс’, польск. rdzeń, zdrżeń, чэш. stržeň ‘стрыжань нарыва’, славац. stržeň ‘сарцавіна дрэва; мядовы сот’, серб.-харв. стр̏ж ‘сарцавіна’, харв. старое stržen ‘тс’, славен. stržên ‘стрыжань дрэва, нарыва, ракі’, макед. срж ‘касцявы мозг; сарцавіна’. Прасл. *strьženь або *strьžьnь (рэканструкцыя Фасмера, 3, 757–758), роднаснае ст.-прус. strigeno ‘мозг’, далей, швед. streke ‘стрыжань цячэння’ (*strikan‑); гл. Траўтман, 290; Мее, Études, 432. Фасмер (там жа) першасным значэннем слова лічыць ‘сарцавіна’. Бязлай (Eseji, 138) фармальныя адрозненні тыпу рус. стержень ‘асяродак’ і стрежень ‘быстрыня’ лічыць неістотнымі, паколькі яны ўзаемазамяняльныя і адлюстроўваюць старыя (мажліва, яшчэ даславянскія) адрозненні ў даўжыні. Сной (у Бязлай, 3, 336–337) рэканструюе прасл. *strьžę, Р. скл. *strьžene, В. скл. *strьženь ‘сярэдзіна рачнога патока’, якое, на яго думку, узыходзіць да прасл. *strigti ‘стрыгчы’, з семантычным развіццём ‘нешта адрэзанае’ > ‘стужка, паласа’ > ‘рачны паток’. Значэнні ‘стрыжань дрэва, нарыва’ ён тлумачыць як метанімічны перанос ‘сярэдзіна рачнога патока’ > ‘сярэдзіна ствала дрэва, нарыва і да т. п.’. Гл. яшчэ Сной₁, 617; ЕСУМ, 5, 441 (разглядаюцца як амонімы стрижень1, 2 ‘асяродак’, ‘быстрыня ў рацэ’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)