кругавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да круга, адбываецца па кругу. Кругавы маршрут. Кругавыя працэсы.

•••

Кругавая абарона — лінія абароны, якая ўтварае замкнуты ланцуг вакол якога‑н. пункта.

Кругавая парука — а) калектыўная адказнасць усіх членаў якой‑н. групы людзей за дзеянні гэтай групы або асобных яе членаў; б) узаемнае ўкрывальніцтва, узаемная выручка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ква́дра ’кожная з чатырох фаз месяца’ (ТСБМ, Нас., ТС, Касп., Шат., Сл. паўн.-зах., Шэйн, Бяльк., Сержп. Грам., Шпіл., Мядзв.), ’чвэрць гадзіны’ (Нас.), ’стадыя, фаза, перыяд’ (ТСБМ), ’чвэрць’ (Гарэц.), укр. квадра ’фаза месяца’ — запазычанні з польск. kwadra ’тс’. У значэнні ’чвэрць’ ужо ў ст.-польск., якое ў сваю чаргу з італ. quadra ’чвэрць кола або круга’. Гл. Брукнер, 286; Слаўскі, 3, 453–454; ЕСУМ, 2, 413.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

німб, ‑а, м.

1. Ззянне ў выглядзе круга вакол галавы як сімвал святасці (на іконах, карцінах рэлігійнага зместу). // Пра які‑н. ззяючы круг. Ліхтары ў німбах, як месяц пад поўню, калі варожыць на змены, — угары туман. Пташнікаў.

2. перан. Атмасфера славы, поспеху вакол каго‑, чаго‑н. Німб славы. □ Я ганарыўся німбам сваім, я шанаваў сваё званне. Вярцінскі.

[Ад лац. nimbus — воблака, туман.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўкру́г, ‑а, м.

1. Палавіна круга. Чырвоны паўкруг сонца ўзнімаўся дзесьці там далёка-далёка, дзе відаць самы край небасхілу. Кавалёў.

2. Паўзамкнутая дугападобная лінія; тое, што мае форму такой лініі, размешчана па такой лініі; паўкола. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Колас. Калі левая гусеніца апісала паўкруг, Дзмітрый мімаволі прыціснуўся да спінкі сядзення. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Вузкая лента (пераважна стальная) з дзяленнямі, якая накручваецца на валік, змешчаны ў футарале, і служыць для вымярэння чаго‑н. Разам з Іванам Сямёнавічам вучні рулеткай вымяралі двор, забівалі ў зямлю калочкі. Курто.

2. Прыстасаванне для азартнай гульні ў выглядзе рухомага круга з нумараванымі ямкамі, па якім коціцца шарык, а таксама сама гэта гульня.

[Фр. roulette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тала́нта ’другі крок у гульні ў цурку’ (ТС), тала́нты ’дзіцячая гульня: з круга большай палачкай падымаецца з зямлі і адбіваецца ўбок меншая палачка, якую другі ўдзельнік гульні павінен злавіць і ўкінуць у круг’ (слуц., Нар. словатв.). Няясна; відаць, не можа разглядацца асобна ад іншых падобных па структуры гульневых тэрмінаў, параўн. бала́нта ’дзіцячая гульня ў цурку’ (ТС), паля́нта ’від гульні, лапта’ (Скарбы). Магчыма, да лац. tālea ’дубец, кол’ аналагічна да іт. palla ’шар, мяч’ > польск. palant ’кій, якім б’юць па мячу’, параўн. палянт (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кон, ‑у, м.

1. Месца, дзе ставяцца фігуры, якія трэба выбіваць (пры гульні ў гарадкі, пікара і пад.). Абчарціць кон. Паставіць фігуры на кон. // Фігуры, расстаўленыя на гэтым месцы ў адпаведнасці з правіламі гульні. Выбіць кон з круга. // Месца, куды кладуць стаўку ў азартных гульнях. На коне ляжала капеек пяць медзі. Гарэцкі.

2. Адна партыя якой‑н. гульні. Згуляць кон у гарадкі.

•••

Ставіць на кон гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ваўчо́к 1, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да воўк.

ваўчо́к 2, ‑чка, м.

1. Цацка ў выглядзе круга або шарыка на шпяні, якая пры хуткім вярчэнні доўга захоўвае вертыкальнае становішча.

2. Разм. Невялікая круглая адтуліна ў дзвярах турэмнай камеры для назірання за вязнямі. У дзвярах быў прароблен ваўчок, круглая дзірка, каб варта магла бачыць, што робіцца ў камеры. Колас. // Вочка ў дзвярах кватэры.

•••

Круціцца ваўчком гл. круціцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзевя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Лічба 9. Напісаць прыгожа дзевятку. // Разм. Назва розных прадметаў (круга ў мішэні, тралейбуса маршруту № 9 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 9. Трапіць у дзевятку. Прыехаць дзевяткай.

2. Разм. Група з дзевяці чалавек або з дзевяці аднародных прадметаў. Строем, важка, як на парадзе, дзевяткамі плылі самалёты. Алешка.

3. Ігральная карта з дзевяццю ачкамі. — Добрыя карты! — шапнуў Зязюльскі, глянуўшы на званковую дзевятку і на храстовага караля. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круг, ‑а, М крузе; мн. кругі, ‑оў; м.

1. Частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю. Вылічыць плошчу круга. // Шлях руху каго‑, чаго‑н., падобны на акружнасць. Бусел зрабіў некалькі кругоў над балотам, знізіўся і сеў. Дуброўскі. // Шлях аратага або сельскагаспадарчай машыны па ўсяму полю і назад да месца адпраўкі. Круг за кругам гракі ходзяць услед за трактарам. Бялевіч.

2. Круглы ўчастак якой‑н. паверхні. Правільны круг сажалкі абсаджаны маліннікам. Бядуля. // Такі ўчастак, абмежаваны замкнутым ланцужком людзей. [Хруцкі] выходзіў на цесны круг і так выбіваў барыню, што неўзабаве ў яго на спіне выступала потная пляма. Парахневіч.

3. Прадмет, падобны па форме да круга або кола. Выратавальны круг. □ [Шашура] палажыў на калені Крыўца булку хлеба і круг каўбас[ы]. Мележ. // Прыстасаванне спецыяльнага прызначэння ў выглядзе пляцоўкі круглай або авальнай формы. Паравозны круг. Ганчарны круг. // Замкнуты ланцужок людзей, размешчаных адзін каля аднаго. Стаць у круг. □ Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч. // Хвалі, якія разыходзяцца па акружнасці ад цэнтра. Кінеш камень, знікне ў вадзе, а кругі ідуць і заміраюць... Дубоўка.

4. перан.; чаго. Пра замкнуты ланцуг дзеянняў, спраў, працэсаў, якімі вычэрпваецца што‑н. Першы круг шахматнага турніра. // Пералік, аб’ём чаго‑н. Круг абавязкаў. Круг ведаў.

5. перан.; чаго. Тое, што і кола (у 6 знач.). Круг дзейнасці.

6. перан.; каго або які. Тое, што і кола (у 7 знач.). Увайшоў у дом, у круг сямейны, Як ўваходзяць сваякі. Пысін.

•••

Квадратура круга гл. квадратура.

Круг кровазвароту — замкнуты шлях руху крыві ў арганізме.

Палярны круг — паралель, якая праходзіць на 66″ 33′ ад экватара на Поўнач або на Поўдзень і лічыцца граніцай халоднага кліматычнага пояса.

Даць круг гл. даць.

Зрэзаць круг гл. зрэзаць.

Кругі пад вачамі ў каго — сінякі пад вачамі ў каго‑н. ад хваробы, стомы, бяссонніцы.

Кругі перад вачамі (у вачах) — у вачах у каго‑н. цямнее (пацямнела) ад стомы, слабасці і пад.

На круг — у сярэднім, па прыблізных падліках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)