стащи́ть сов.

1. в разн. знач. сцягну́ць, мног. пасця́гваць; звалачы́, мног. пазвалака́ць;

стащи́ть ло́дки в во́ду сцягну́ць (пасця́гваць) ло́дкі ў ваду́;

стащи́ть с ноги́ сапо́г сцягну́ць з нагі́ бот;

2. (снести в одно место или куда-л.) зне́сці, мног. пазно́сіць, сцягну́ць, мног. пасця́гваць;

стащи́ть мешки́ в склад зне́сці (пазно́сіць) мяшкі́ ў склад;

3. (украсть) разг. сцягну́ць;

кто стащи́л мой каранда́ш? хто сцягну́ў мой ало́вак?

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

перацярпе́ць, ‑цярплю, ‑церпіш, ‑церпіць; зак.

1. што. Перажыць, перанесці, выцерпець усё, многае. Перацярпець усе нягоды. □ Пройдзе ўсё... Не плачу, Ўсё перацярплю, Веру я: што ўбачу Тых, каго люблю. А. Александровіч. Спачатку давялося перацярпець боль няўдач. «ЛіМ». // Церпячы, пераадолець, знесці што‑н.; пацярпець які‑н. час. Перацярпець спакусу. □ Галай стаяў, абапёршыся аб сцяну. Хацелася піць. «Перацярплю. Адправяць у турму, там і нап’юся...» Асіпенка.

2. чаго і без дап. Зазнаць шмат пакут, гора і пад. Колькі ён перацярпеў за свой век!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туне́ль, ‑я, м.

Штучны скразны праход у гарах або пад зямлёй для транспарту, пешаходаў, каналаў і пад. Раптам тунель скончыўся, і перад намі раскрылася панарама Нью-Йорка. Новікаў. Час ад часу цягнік улятаў у тунель, і тады грукат колаў мацнеў, пераходзіў у гром, і на вушы, як у самалёце, пачынала знесці сціснутае паветра. «Полымя». // Доўгі праход, які ўтвараецца чым‑н. Верхавіны гэтых дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунель. Чарнышэвіч. Іван Васільевіч гаспадарлівым вокам азіраў пабудовы, дарожкі, тунелі з вінаградных лоз, што некалі давалі прываблівы цень. Шамякін.

[Англ. tunnel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асі́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Аказацца мацнейшым у барацьбе, сутычцы, бітве; перамагчы, адолець. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць. Танк. — Не змаглі вы самі асіліць Золата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі. // перан. Перасіліць, пераадолець, перамагчы пачуццё хвалявання, страху і пад. Не зможа нас лютае гора асіліць. Танк.

2. Выканаць работу, што патрабуе фізічных намаганняў, вялікай затраты часу. Мо таму, што не ўсе пакасілі За ракою лугі-мурагі, Не паспелі за дзень мы асіліць Копы знесці, злажыць у стагі? Непачаловіч. // Засвоіць, зразумець што‑н.; справіцца з чым‑н., пераадолеўшы цяжкасці, перашкоды. Асіліць англійскую мову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́сці, змяту, змяцеш, змяце; змяцём, змецяце; пр. змёў, змяла, ‑ло; заг. змяці; зак., каго-што.

1. Метучы, зняць, сцерці з якой‑н. паверхні. І рухам ветлай гаспадыні Марына з лавы пыл змяла. Колас. // Знесці, падхапіўшы сваім рухам (пра вецер, буру, завіруху). Ледзяною роўнай сцежкай Вецер венікам прабег, Ён на радасць канькабежцам Мігам змёў са сцежак снег. А. Александровіч.

2. перан. Знішчыць, ліквідаваць. Сваёй магутнай дыктатурай Змяцём буржуяў і паноў! Бялевіч.

3. Метучы, сабраць у адно месца. Змесці збожжа ў кучу.

•••

Змесці з твару зямлі — тое, што і сцерці з твару зямлі (гл. сцерці).

Як ветрам змяло — пра нечаканае знікненне каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сбро́сить сов.

1. в разн. знач. скі́нуць, мног. паскіда́ць, паскі́дваць;

сбро́сить с себя́ плащ скі́нуць з сябе́ плашч;

сбро́сить газ скі́нуць газ;

сбро́сить сто ты́сяч рубле́й скі́нуць сто ты́сяч рублёў;

2. карт. зне́сці;

сбро́сить ма́ску скі́нуць ма́ску;

сбро́сить бре́мя скі́нуць цяжа́р;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адарва́ць, -ву́, -ве́ш, -ве́; -вём, -вяце́, -ву́ць; -ві́; -ва́ны; зак., каго-што.

1. Рыўком, пацягнуўшы, аддзяліць (частку ад цэлага, што-н. прымацаванае).

Адарваць лісток календара.

2. звычайна безас. Адрэзаць, знесці (пра галаву, часткі цела) машынай, снарадам і пад.

Выбухам бомбы адарвала ногі.

3. ад каго-чаго. Рэзкім рухам, пераадольваючы супраціўленне, адняць, аддаліць.

А. ад падлогі.

4. перан. Разлучыць; аддзяліць, пазбавіць сувязі з кім-, чым-н.

Ад Васіля хлопцаў усё роўна не адарвеш.

5. перан. Перашкодзіць займацца чым-н., адцягнуць (ад думак і пад.).

А. ад работы.

А. ад чытання.

Адарваць з пупавінай — вырваць з коранем, выкараніць.

Вачэй не адарваць — вельмі захапіцца прыгажосцю каго-, чаго-н.

Вушы (галаву) адарваць (груб.) — набіць, пакараць.

З рукамі адарваць — узяць, купіць што-н. з вялікай ахвотай.

|| незак. адрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. адрыва́нне, -я, н. (да 1 знач.) і адры́ў, -ры́ву, м. (да 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мах 1, ‑у, м.

Адзін хуткі рух у паветры чым‑н., узмах. Явіч рушыў ужо ў дарогу, як чалавек прывітальным махам рукі спыніў яго. Чорны. // У спорце — адзін рух нагой, рукой або корпусам уперад, назад або ўбок.

•••

Адным махам; за адным махам — адразу, за адзін прыём, адначасова. [Калюгін:] — Вядома, да новай спецыялізацыі адным махам не пяройдзеш. Дуброўскі. [Андрэй:] — А то някепска было б за адным махам знесці і мой домік. Шахавец.

Даць маху гл. даць.

З усяго маху — размахнуўшыся, з усяе сілы.

мах 2, выкл.

Разм. Ужываецца для абазначэння хуткага руху (ад дзеясл. махнуць — махаць). Тут .. [варона] крыламі — мах, мах! І, як бачыш, каля лісіцы апынулася. Казка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спе́рці 1, сапру, сапрэш, сапрэ; сапром, сапраце; пр. спёр, сперла; заг. сапры; зак., каго-што.

Разм.

1. Знесці, ссунуць з месца што‑н. [Сёмка:] — Зрабі ты найлепшую грэблю, а выльецца вясною вада і сапрэ яе. Колас.

2. перан. Прагнаць з пасады, службы. [Вальдамар:] — Ну, ад жонкі адаб’ешся... Але цяпер не сапрэш Купчына з брыгадзірства. Мыслівец.

3. Украсці. Круціўся хітрым лісам ён [Мікіхвер], Хапаў — І гэта факт! Сапрэ. — і тут жа спісана — І, калі ласка, акт! «Вожык».

спе́рці 2, сапрэ; безас. зак.

Разм. (звычайна ў пр. сперла). Сціснуць, здушыць. У Андрэя сперла ў грудзях, здрадніцкі горкі камяк падпёр пад горла. Асіпенка. Ад хвалявання і крыўды ў Змітрака нешта сперла ў горле. Ваданосаў. Лёнька загрузаў па пахі ў снезе, але бег і бег, пакуль у грудзях не сперла дых. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зно́сіць несов.

1. (в одно место) сноси́ть; (тяжёлые предметы — ешё) ста́скивать;

2. (сверху вниз) сноси́ть; (тяжёлые предметы — ещё) ста́скивать;

3. (переписывать, переносить вниз) сноси́ть;

4. (разрушать) сноси́ть; (ветром, водой — ещё) срыва́ть, уноси́ть;

5. (срубать) сноси́ть;

6. карт. сноси́ть, сбра́сывать;

7. (уходя, брать с собой, похищать) уноси́ть;

8. перен. (терпеть) сноси́ть, переноси́ть, выноси́ть;

1-8 см. зне́сці I

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)