ме́сяц, ‑а, м.
1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.
2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.
•••
Поўны месяц — поўня.
Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
атрыма́цца, ‑аецца; зак.
1. Выйсці, удацца, аказацца якім‑н. (у выніку якога‑н. дзеяння). Новая кватэра атрымалася даволі ўтульная. Шахавец. Жарту не атрымалася, атрымалася голая, суровая праўда. Васілевіч. // Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. З яго атрымаецца добры доктар.
2. Здарыцца, адбыцца як вынік чаго‑н. Як цікава атрымалася тады, у дзень.. першай, сустрэчы з Андрэем. Васілевіч. Ды толькі канфуз атрымаўся з пуцёўкаю — Не ў той, заблудзіўшы, ён [лектар] трапіў калгас. Непачаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэвера́нс, ‑а, м.
Пачцівы паклон з прысяданнем, прыняты ў буржуазна-дваранскім побыце як знак прывітання, падзякі і пад. — Добры дзень, — сказаў Лаўрыновіч, убачыўшы дзяўчынку. Тая адказала і, узяўшы пальчыкамі за спаднічку, зрабіла рэверанс. Лобан. Дзяўчына ў чырвонай хустачцы няўмела прысядала, стараючыся зрабіць рэверанс. Чорны. // перан. Перабольшанае выказванне пачцівасці. Асаблівай апекай заходне-беларускія нацыянал-фашысты атулілі інтэлігенцыю. Робячы рэверансы перад ёй, яны прыпісвалі ёй нават першую ролю ў гістарычных, працэсе. У. Калеснік.
[Фр. révérence.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассе́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассячы, рассекчы.
2. у знач. прым. З ранай, нанесенай чым‑н. вострым; з рубцом ад такой раны. Ад усяго перажытага за гэты дзень у мяне ўсё яшчэ кружыцца, пабольвае галава. Шчыміць, торгае рассечанае брыво. Місько. У Саўкаву леснічоўку траплялі і тыя, каго цар збіраўся загнаць.. у ваенныя казармы. Сярод іх быў і добры Язэпаў знаёмы — Пятрок, хлапец з рассечанаю шчакою з маёнтка пана Жардзецкага. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што.
1. Парушаць чый‑н. спакой, непакоіць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. — Дзень добры, — павіталася Зоя Уладзіміраўна. — З бібліятэкі вас турбуюць. Шыловіч. Ці стомлены буду, Ці лень успадзе — Турбуй мяне, дружа, І ў ночы, і ў дзень. Гілевіч. [Раіса:] — Мне думалася, што на гэтай рабоце мяне ніхто не будзе турбаваць, нікому я не патрэбна буду. Ды і ні на што я больш не здатна. Лобан.
2. Пастаянна хваляваць, трывожыць, не даваць спакою. Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Наўперад мільгала яна цьмяна і нясмела, але патроху ўсё болей і болей акрэслівалася, часцей і часцей турбавала дзедаву галаву. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сімвалі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які змяшчае ў сабе сімвал; сімвалізуе што‑н. Сімвалічны знак. Сімвалічны вобраз. □ Ужо сам загаловак «Новае рэчышча» сімвалічны. Гіст. бел. сав. літ. На вокладцы кнігі М. Гамолкі «Дзень добры, школа!» намалявана амаль сімвалічная сцэна. Шкраба. // Які сведчыць пра наяўнасць сімвала ў чым‑н. Глыбокі сімвалічны сэнс набывае фінал паэмы. Івашын.
2. Умоўны. Але невялікі, хутчэй за ўсё сімвалічны ганарар у «Першай беларускай», я ўпэўнены, ніхто б не прамяняў на зарплату за якую іншую працу. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хутарскі́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да хутара. Хутарскія будынкі. □ Дзень добры, роднае сяло! Бывай, сядзіба хутарская!.. Арочка. // Які жыве на хутары. На дварэ вусаты дзядзька — хутарскі гаспадар — ладзіў воз. Чорны. І мы з табою закахацца Паспелі ў хутарскіх дзяўчат. Панчанка. // Уласцівы хутараніну, жыццю на хутары. І як жа тут сказаць ёй, Людзе, пра ўсё, як яе вырваць адгэтуль, з гэтай старой глухамані, з гэтай хутарской ідыліі, у якую яна і сама, здаецца, урастае з прыемнасцю? Брыль. [Рыгор] не замыкаўся ў сваёй хутарской адзіноце. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нішчы́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Не прыпраўлены скаромным, без скаромнага; посны. Мы атрымлівалі толькі агульную норму хлеба і два разы на дзень у сталоўцы нішчымны .. крупнік. Сяргейчык. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай. Якімовіч.
2. Без нічога, без якіх‑н. дабавак. [Хана] такая худая, што мне робіцца шкада яе, і я аддаю ёй усе грушы, а на перапынку елі нішчымны хлеб. Каліна. // Пусты. Часамі ў гумно ўрываўся лёгкі ветрык, паварушваючы звіслыя са страхі нішчымныя каласкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прывы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў прывычках, увайшоў у прывычку. Полаз і Вітушка паабедалі з прывычнай сялянскай паважнасцю. Шамякін. Пётра падышоў да сцірты і сказаў прывычнае «добры дзень». Пташнікаў. Увесь наш прывычны парадак механічнай работы пачаў трашчаць на ўсіх застаўках. Скрыган. // Добра знаёмы, звычайны. Халасцяцкі пакой, пусты, .. па-роднаму прывычны, зараз здаваўся.. [Банжыну] чужым. Шыцік.
2. Які выпрацаваў прывычку да чаго‑н., прывык да чаго‑н. Але прывычны паляўнічы зрок Адгадваў сярод густой травы, Па росах збітых воўчыя сляды. Танк. Лучына дыміць і чадзіць. Непрывычнаму чалавеку было б кепска пры гэтым асвятленні, а прывычнаму — лепей і не трэба. Бядуля. Упартыя мазгі, як прывычны конь, заварочваюць на старую дарожку. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. пад’едзь; зак.
1. Едучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У наступную ноч да катла пад’ехалі на санках партызаны. Шчарбатаў. Прыцемкам да Ермаліцкіх пад’ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Грахоўскі. // Заехаць пад што‑н. Пад’ехаць пад мост. // Праехаць нейкую частку шляху на падарожным транспарце. Цяпер я пакаяўся, што не падаўся на бальшак, дзе мог пад’ехаць на падарожнай машыне. Якімовіч.
2. Разм. Прыехаць куды‑н. У той жа дзень Стрыжак загадаў Тышкевічу весці групу на аб’яднанне з атрадам Ваталава. Сам абяцаў пад’ехаць пазней. Асіпенка. [Палавінка] па развітанне моцна паціснуў Кавалёвай руку і абяцаў сам пад’ехаць у калгас. Дуброўскі. // З’ездзіць куды‑н. на нейкі час. [Аканом:] — Дзень добры, панове. Феакціст Антонавіч вельмі прасіў да яго пад’ехаць на гадзіну якую. Галавач.
3. перан. Разм. Падлізацца да каго‑н.; дабіцца чаго‑н. хітрасцю, ліслівасцю. Пад’ехаць да начальства. □ [Вруй] цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад’ехаў ён да Саўкі. Колас. Хлопцы былі пранырлівыя, умелі пад’ехаць да жанчын, ласкай выпрасіць тое, чаго і сілай не возьмеш. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)