пацырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

1. Зацыраваць усё, многае. [Марына Паўлаўна:] — Прыбяжыш, як непрытомная, і за мыццё бялізны або падлогі возьмешся. А то пазашываць, пацыраваць, выпрасаваць трэба. Васілевіч.

2. і без дап. Цыраваць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачысце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць чыстым, чысцейшым. Нават бярозкі сталі прыгажэйшыя, і ўсё навокал пачысцела! Брыль. За некалькі дзён, старанна паголены, адмыты, Дзям’ян пачысцеў, на шчоках з’явілася ружовасць, блакітныя вочы пасвяжэлі, заблішчалі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашырэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм. Стаць шырокім, шырэйшым. За апошні час Юрка пашырэў у плячах, наліўся сілаю. Карпаў. Пашырэла раптам дарога — гэта да яе далучылася другая, што вяла з Хадакоў праз ельнік. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́каўка, ‑і, ДМ ‑каўцы; Р мн. ‑кавак; ж.

Тое, што і пупышка (у 1 знач.). Адны толькі паважныя дубы, узбагачаныя вопытам жыцця за свой доўгі век, не вельмі спяшаліся расчыняць свае покаўкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадме́сце, ‑я, н.

1. Пасёлак, размешчаны непадалёку ад горада, але за яго межамі.

2. Ускраіна горада, далёкая ад цэнтра. Праз пярэднія дзверы.. [сябры] ўскочылі ў трамвай і доўга ехалі, пятляючы па ўскраінах гарадскога прадмесця. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

празва́ць, ‑заву, ‑завеш, ‑заве; ‑завём, ‑завяце; зак., каго-што.

Даць мянушку. Сын быў рыжы, і яго яшчэ малым празвалі Рыжы Пятрук. Карпюк. У Малінаўцы.. [Юзіка] за высокі рост, сілу і грубы голас празвалі Громам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разведаць, распытаць пра каго‑, што‑н.; атрымаць звесткі аб кім‑, чым‑н. Разы два ці тры спрабавалі [партызаны] прапытаць у самога вусатага, што за «шорсткая» размова была ў свірне. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Які многа, ахвотна, шчыра працуе. Ганна, маці Лабановіча, была жанчына добрая, працавітая, руплівая, усё старалася зрабіць сама, за ўсіх заступалася. Колас. Спадабалася і сама гаспадыня, гэткая працавітая калгасніца, дзябёлая, дужая. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывандрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Вандруючы, прыбыць у якое‑н. месца, куды‑н. Гэта быў першы выгнаны вайною лось, які прывандраваў сюды, за Бесядзь. Чыгрынаў. Польская народная песня даўно прывандравала на беларускія землі. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылама́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыламаць.

2. у знач. прым. Надламаны, прыгнуты. Грузным мяшком бандыт з’ехаў пад абгарэлы пянёк, адну руку падкурчыўшы пад сябе, а другой хапаючыся за прыламаныя галінкі. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)