панто́н, ‑а, м.

1. Пласкадоннае судна, якое служыць апорай для наплаўнога моста або для падтрымкі на вадзе якіх‑н. збудаванняў. У першы рэйс пантонаў, які прадаўжаўся 50 хвілін, было перакінута на заходні бераг 250 байцоў. «Беларусь». Ля самай вады ляжалі непрыбраныя бярвенні — праз раку будаваўся часовы мост на пантонах. Савіцкі. // Наплаўны мост, збудаваны на такіх суднах. Навесці пантон.

2. Спец. Прыстасаванне для падымання суднаў, якія затанулі.

[Фр. ponton.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́рыва, ‑а, н.

Разм. Тое, што кураць; папяросы, тытунь. Пан Войцех хапіўся, што няма курыва, і папрасіў мяне спусціцца на першы паверх, купіць у кіёску папярос. Карпюк. «Можа, закурыць у яго ёсць. А то і рыба не клюе і курыва выйшла», — падумаў Раманчык і пайшоў ад берага насустрач чалавеку. Пальчэўскі. // Дым ад курэння. Столь і сцены белыя Курывам ахутаны, Дні і ночы цэлыя Засядаюць, гутараць. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здараве́нны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Высокага росту, моцнага целаскладу; дужа здаровы (пра чалавека). Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем] быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Тарпак быў здаравенны, грудасты, шыракаплечы, і яго «пярэпалахі» выклікалі агульны смех. Колас.

2. Вельмі вялікі; велізарны (пра рэчы, прадметы). Гумно здаравеннае. Зірнеш на ніз — ледзь не закружыцца ў вачах. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размалява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад размаляваць.

2. у знач. прым. Упрыгожаны ўзорам, арнаментам, намаляваным фарбай. І вось у бліжэйшую нядзелю пачалі з’язджацца сваякі. Першы прыкаціў у размаляваным вазку дзед Юрка з бабаю Крысяю. С. Александровіч.

3. у знач. прым. Разм. неадабр. Які ярка і груба нафарбаваў сабе твар, нагрыміраваўся. [Кастусь] зірнуў на Пацалуеву, якая сядзела размаляваная, нібы прыйшла не на сход, а на пагулянку. Прокша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́тнік, ‑а, м.

1. Уст. і высок. Воін, баец. Ратнікаў першай Айчыннай вайны Халодным жвірам акрыла поўнач. Барадулін. Ля рычагоў кіравання, ля кулямётаў сядзяць выпрабаваныя ратнікі. За першы ваенны тыдзень яны вынеслі на сваіх плячах столькі жахаў ваеннага пекла! Беразняк.

2. Гіст. Салдат, радавы дзяржаўнага апалчэння ў дарэвалюцыйнай Расіі. Барадатыя ратнікі апалчэння засумавалі па дому, па дзецях і рады былі бавіцца з хлапчукамі. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старэ́нькі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Ласк. За стары (у 1, 3 знач.); вельмі стары. Старэнькія бабкі гаротна ківалі галовамі і цяжка ўздыхалі. Колас. На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Гэта відаць праз нашы малыя, старэнькія вокны. Брыль.

2. у знач. наз. старэ́нькі, ‑ага, м.; старэ́нькая, ‑ай, ж. Стары чалавек. Забыўся старэнькі, як некалі ён Трымаўся за шнур свой упарта. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сту́дзень 1, ‑я, м.

Першы месяц каляндарнага года. А ў студзені — на белым полі Наўкруг чысцюткія снягі... Даруй, зямля, што я ніколі Аддаць не здолею даўгі. Матэвушаў. — Халадэча! У студзені мароз быў невялікі, а ў лютым з першых дзён раз’юшыўся... М. Ткачоў.

сту́дзень 2, ‑ю, м.

Разм. Тое, што і студзіна, квашаніна. Вылі на стале таксама масла, пульхныя дамашнія пірагі, талерка студзеню, пакрытага белым тлушчам. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сца́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Узяць рэзкім рухам (рук, зубоў); схапіць. — Я ведаю, не першы раз, — увесь заварушыўся Яўхім, — нічога, мы яе [рыбу] сцапаем... Пестрак.

2. перан. Арыштаваць, затрымаць, злавіць. Застаецца больш рэальным адно меркаванне: .. [Марынчук] напароўся на немцаў ці на паліцыю, і тыя яго сцапалі. С. Александровіч. На месцы засады .. [Косця] дасць сігнал, хлопцы выскачаць і сцапаюць бургамістра, а Косця паможа ім. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыумвіра́т, ‑у, М ‑раце, м.

Саюз трох палітычных дзеячаў у Старажытным Рыме ў перыяд заняпаду рэспублікі, які меў на мэце захапіць вярхоўную ўладу (першапачаткова — калегія з трох асоб, якая выбіралася з якой‑н. спецыяльнай мэтай). Першы трыумвірат. // Жарт. Пра трох асоб, якія аб’ядналіся для сумеснай дзейнасці. — Дык давайце заключым трыумвірат! — крычаў Янка, — Давайце! — І сябры з запалам паціснулі адзін аднаму рукі ў знак свайго саюзу. Колас.

[Лац. triumviratus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапу́н, ‑а, м.

Разм.

1. Тое, што і хапуга. І ўсё, што толькі хоць якую Прыгоднасць мае і цану, Яно ўжо там не павякуе, Пяройдзе ў рукі хапуну. Колас.

2. Атрад карнікаў. У вёскі пацягнуліся паліцэйскія і нямецкія атрады праводзіць аблавы.. Гэтыя атрады называлі хапунамі. Лынькоў. Першы хапун наляцеў у Заграддзе знячэўку. Немцы ачапілі вёску, а паліцаі, падабраўшыся непрыкметна агародамі, пайшлі па хатах. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)