прапіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.
1. каго. Афіцыйна зарэгістраваць факт пражывання каго‑н. дзе‑н. Прапісаць кватарантаў. □ Праўда, без даведкі ў горадзе не прапішуць, і на работу ўладкавацца цяжка, і на вучобу не паступіш. Савіцкі.
2. што і з інф. Выпісаць, назначыць (якое‑н. лякарства, лячэнне). Прапісаць лякарства. Прапісаць пасцельны рэжым хвораму.
3. што і без дап. Пісаць некаторы час. Прапісаць увесь дзень.
4. каго. Разм. Паведаміць у друку аб чыіх‑н. учынках, паводзінах і пад. [Праціеўскі:] Ну, а як ён цябе ў газету прапісаў?! Чорны.
•••
Прапісаць іжыцу каму — зрабіць строгае ўнушэнне, прачытаць натацыю, адлупцаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прываражы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; зак., каго.
У забабонных уяўленнях — варажбой выклікаць любоў, прыхільнасць да каго‑н. [Жанчына:] — Прываражыла яна яго, не іначай, як прываражыла. У яе і маці варажбітка была. Шамякін. // Выклікаць любоў да сябе, прымусіць пакахаць сябе. Чым цябе ён так прываражыў? Ці больш кветак табе ён насіў? Ці больш песень прапеў пад акном? Танк. Не кідайся людзям у вочы, бо ты ж не якая-небудзь дзеўка-круцёлка, якая робіць усё напаказ, каб хутчэй прываражыць «самага выгаднага» жаніха. Рылько. // перан. Прывабіць, зачараваць. Лес прываражыў .. [Пазняка] і сваім асеннім хараством, і зімовай сваёй дрымотнай чароўнасцю. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыве́ціць, ‑вечу, ‑веціш, ‑веціць; зак., каго-што.
Уст. Разм. Прыязна, ласкава сустрэць каго‑н., аднесціся да каго‑н. Людзі тут сустрэнуць і прывецяць, Бо не горш, як іншыя, жывуць. Аўрамчык. Бабулька шчыра перажывае, што сама ў гасцях, што не можа прывеціць .. незнаёмага чалавека. Сіпакоў. Я кажу: «Ты даўно на прыкмеце, Мая хата багата і маці прывеціць». Панчанка. // Даць прытулак каму‑н. Не заходзячы ў хату, Ты ведаеш добра наперад, Як цябе тут прывецяць. Кляўко. Цётка Хіма, здаецца, не ведала, дзе пасадзіць Галю з Вадзімкам, што ім даць есці, чым іх прывеціць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыраўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што да каго-чаго.
Зрабіць роўным каму‑, чаму‑н.; прыпадобніць да каго‑, чаго‑н. Другі, шпаркі, як барабан, голас даводзіў, што плуга да плуга не прыраўнуеш. Чорны. Вядома, што нельга было прыраўнаваць .. [майстэрню] да старой бляхарні. Мурашка.
прыраўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго і без дап.
Адчуць рэўнасць да каго‑н. Я табе цяпер проста скажу: тады на свяце я нават крыху прыраўнаваў да цябе. Броўка. — А я люблю людзей, якія могуць вось так захапляцца, — адказала Валянціна Андрэеўна, не зводзячы вачэй з Яраша. — О, я прыраўную, Валя. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Абмяняць каго‑, што‑н. на другое падобнае або на другога падобнага. Размяняць палонных. // У шахматнай гульні — зрабіць размен фігур. Размяняць ферзёў.
2. Абмяняць адны грашовыя купоны або манеты на больш дробныя ў адпаведнай колькасці. [Алесь:] — Толькі паўрубель гэты дзеду ўсё ж аддамо. Размяняем на медзь і аддамо. Караткевіч. Размяняю зарплату на медзякі — І грашыма цябе засыплю! Барадулін. // Пачаць расходаваць, траціць (буйную купюру). [Гарык:] «Дарагая матуля, жыву нішто сабе: учора размяняў апошні чырвонец». Скрыган. / Пра гады. [Трахім:] І так зажыўся на гэтым свеце — хвала богу, восьмы дзесятак размяняў... Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́ла, ‑а, н.
1. Выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл; лыч. Носам хмыкнула Хаўроння, Адвярнула рыла, Рада тым, што дзівака Лоўка абхітрыла. Дзеружынскі.
2. Верхняя або пярэдняя выцягнутая частка чаго‑н. З кішэні капота тырчала куртатае рыла бутэлькі. Асіпенка. Юрка пачуў, як зноў яму балюча ткнулі ў плечы рылам аўтамата, што тупым і цяжкім жалезным прутам. Пташнікаў. Кулямётчыкі павярнулі тупое рыла «максіма» на коннікаў. Хомчанка.
3. Груб. Твар чалавека. — У цябе ж не твар, а такое зладзейскае рыла, якога свет не бачыў! Чорны.
•••
Ні вуха ні рыла гл. вуха.
Суконнае рыла (уст.) — гандляр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скепты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да скептыцызму (у 1 знач.). Скептычная філасофія.
2. Схільны да скептыцызму (у 2 знач.). — У ружовым канверце — значыць, любіць, — суцяшае мяне Аня Славіна. — Не было пад рукою іншага, — смяецца скептычная Насця Дзятлава. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе скептыцызм. Скептычны тон. □ Праўда, кволы ты надта, хто цябе возьме, — акінуў .. [Апанас] скептычным позіркам Лёню. Нядзведскі. Аптэкар Плакс, хоць і цёмна было, але зрабіў на твары сваім бязмежна скептычную міну. Зарэцкі. // Прасякнуты скептыцызмам, поўны скептыцызму. Скептычныя адносіны да людзей. □ На самай справе, карціна «Мяцежнікі» атрымалася змрочная, глыбока скептычная. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смуро́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Непрыемны, агідны пах. У бочцы было гулка, душна ад пары і нейкага густога смуроду. Самуйлёнак. У бруднай і цеснай майстэрні стаяў страшэнны смурод ад скур і дзёгцю. С. Александровіч. // перан. Пра якую‑н. абстаноўку, асяроддзе, што выклікаюць агіду. [Лабановіч:] — Што прайшло, таго не вернеш, і няма тут чаго каяцца. Добра ўжо і тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота... Тфу, паскудства! Колас.
2. Разм. пагард. Пра чалавека. [Зыгмусь:] І давядзі справу да канца так, каб праз некалькі дзён гэты стары смурод узяў цябе замуж. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смыле́ць, ‑ліць; незак.
1. Балець, пячы (ад апёкаў, раздражнення скуры, ран і пад.). Смылелі папечаныя пальцы, пахла дымам вопратка, аж блажыла; і глыбока-глыбока ныла ў сярэдзіне. Пташнікаў. Стаміўся я. Не слухаюцца ногі. Смыляць, гараць, нібы яны ў агні... Бялевіч. Дубянеюць ногі, смыляць паабдзіраныя аб калючы снег рукі. Грахоўскі.
2. перан. Трывожыць, мучыць (пра душэўны боль). [Ганна:] — Я не крыўдую на цябе, але сэрцу балюча. Смыліць яно, штодня смыліць. Лынькоў. [Гаварушка:] — Ужо і ў мяне душа пачынае смылець. Лобан.
3. Гарэць без полымя, слаба гарэць; тлець. Цьмяна смылеў на камінку гнілаваты корч. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцячы́, сцяку, сцячэш, сцячэ; сцячом, сцечаце, сцякуць; пр. сцёк, сцякла, ‑ло; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Збегчы па нахіленай паверхні ўніз (пра вадкасць). Як сцякла вада і тужэла зямля, абмытае каменне на ўзлеску блішч[а]ла пад сонцам. Чорны.
2. Знемагчы ад страты крыві. А калі знянацку куля Абарве маё жыццё, Помні, за цябе, матуля, Сын крывёю чыстай сцёк. Астрэйка.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вычарпацца, скончыцца. Калі ёсць мукі скрыня, то і свіння — гаспадыня, а калі мука сцячэ, дык і гаспадыня не спячэ. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)