няго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Якога нельга выкарыстаць; непрыгодны, дрэнны. Нягодны праект. □ [Маразюк:] — А будзе ж час, што і ты, Антось Іванавіч, саступіш некаму месца, як я табе саступіў. — Ты не саступіў! — злосна адказаў Антось. — Цябе зволілі, як нягоднага гаспадара. Чарнышэвіч.
2. Нізкі ў маральных адносінах; паганы, нядобры. Язэп спачатку слухаў Кацю прыхільна, але потым не сцярпеў: — Такія, што і нашым і вашым служаць, — самыя нягодныя людзі. Асіпенка. [Мартын:] — Няма ў цябе сэрца, Аўгіня... Ты нягодная і няшчырая. Колас. / у знач. наз. няго́дны, ‑ага, м.; няго́дная, ‑ай, ж. [Дзед:] — Ох, нягодная, не хоча з Веркай гуляць. Ну, мы ж ёй пакажам. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нараві́сты, ‑ая, ‑ае.
Упарты, з норавам (звычайна пра коней). — У майго бацькі быў конь наравісты, дык як стане, як укопаны. Хоць кол на галаве чашы — ні з месца.. — гаварыў меднабароды Язэп Рудзько. Дуброўскі. [Ячны:] — Кабыла ў .. [Цупрона] была наравістая. Упудзілася раз і панясла з гары. Брыль. // Разм. Натурысты, капрызны (пра ўпартага чалавека). Але ж і наравісты хлопец! Далі ім тут, відаць, волю. Во ён табе, упёрся, як баран. Савіцкі. // Які выражае ўпартасць, наравістасць. Наравісты характар. / у перан. ужыв. Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален павіваецца, бы пасмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у высокіх берагах. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. што і чаго. Пасучыся, стаць тлустым, прыбавіць у вазе (пра жывёлу). // Разм. Ад спакойнага, добрага жыцця стаць, зрабіцца поўным, тлустым (пра чалавека).
2. што. Разм. Гуляючы, набыць што‑н. Нагуляць апетыт. // каго-што. Груб. Стаць цяжарнай, нарадзіць дзіця, не будучы замужам. — Хэ, — абазваўся другі голас, — ціхая-ціхая [Люба], а чэрава нагуляла. Чорны.
3. што і чаго. Разм. Гуляючы ў якую‑н. гульню, выйграць што‑н. Нагуляць грошай.
4. Разм. Правесці нейкі час гуляючы; нагуляцца (у 1 знач.). Па Федзьку выходзіў бацька з папружкаю. — Я вось табе нагуляю, — гаварыў ён, складваючы папружку ўдвая. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напрасі́цца, ‑прашуся, ‑просішся, ‑просіцца; зак.
1. Просьбамі ці намёкамі прапанаваць сябе ў якасці чаго‑н., дабіцца дазволу на што‑н. Напрасіцца ў экспедыцыю. Напрасіцца на работу. □ [Вольга Назараўна:] — А хіба я ў вас шыць сама напрасілася? Вы ж на калені станавіцца збіраліся. Корбан. Мятла супакоіў.. [Максіма], сказаў, што ўсё ўладзіцца, і нават сам папрасіўся ў дружкі. Машара. Пацяроб папрасіўся, каб яму дазволі зрабіць невялічкі даклад. Зарэцкі.
2. Сваімі паводзінамі выклікаць якія‑н. адносіны да сябе. Напрасіцца на камплімент.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, з’явіцца. І само сабой напрасілася рашэнне, .. вусны самі сказалі: — Табе тут не месца. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыва́рак, ‑рку, м.
1. Гатаваная страва. Я злазіў у будан, узяў міску і пайшоў да катла па снеданне — прыварак касцам даваў калгас. Сачанка. Я з жонкай жыву на кватэры прыватнай, Калі з прываркам, калі без прыварку. Барадулін.
2. Прадукты харчавання, якія ідуць на прыгатаванне стравы. У лесе нічога не расце: ні хлеб, ні бульбіна, ні які другі прыварак... Паслядовіч. Звычайна на прыварак ішлі бульбяныя лушпайкі, бураковае бацвінне. А сёння пракідалася нават цэлая дробная бульба. Сабаленка. // Заправа, якая дадаецца да галоўных прадуктаў пры гатаванні гарачых страў; прыкраса. Прыварак у боршч. □ Такія-сякія прадукты мы табе збяром. Насып[лем] крупы ды прыварку да яе. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. прывёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; заг. прывязі; зак., каго-што.
Везучы, даставіць куды‑н. Вясёлы паравічок прывёз неўзабаве на ваганетках.. новых людзей. Чорны. — Кацярынка!.. Запражы каня і прывязі мне доктара... Нікановіч. Андрэй не помніў, як наклаў і прывёз у гумно першыя два вазы. Чарнышэвіч. // Прыехаўшы адкуль‑н., даставіць што‑н. узятае, купленае і пад. Часам прывязе [бацька] звычайны кавалак каменнага вугалю, падае Міколку: — Вось табе новая цацка! Лынькоў. [Люба:] Не ведала, што ты ўмееш чытаць, а то прывезла б кніжак. Мурашка. / у перан. ужыв. Бародзіч прывёз навіну пра Гаруса. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяву́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.
2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. развёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.
1. з кім і без дап. Скасаваць шлюб. [Максім Сцяпанавіч] знаў, што .. [Вера Антонаўка] з год як развялася з архітэктарам Юркевічам і жыве ў Маскве з сынам. Карпаў.
2. Напладзіцца ў вялікай колькасці. — Колькі тут за вайну развялося ўсялякай дзічы! Гурскі. [Ціток:] — У адным месцы, кажуць, так развялося гэтых мышэй, што яны лаваю пайшлі на горад. Лобан. // Разм. Узнікнуць, з’явіцца ў вялікай колькасці. [Сцёпка:] — Яшчэ трэба сказаць табе, што паэтаў цяпер развялося, як камароў у балоце. Колас. Развялося шмат цяпер машын, — Аж да бурапеннага Байкала Паляцеў на самалёце сын. Кусянкоў.
3. Паддацца развядзенню, утварыць раствор. Сінька добра развялася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак., каго-што.
1. Выклікаць раздражненне, дзейнічаючы якім‑н. раздражняльнікам. Раздражніць слізістую абалонку.
2. Давесці да стану нервовага ўзбуджэння; раззлаваць. [Дзед:] — Нечым не дагадзіў, сам не ведаю, як раздражніў.. [пчол]. Рылько. У двары [Мішка] прычапіўся да свайго трохгадовага сына, раздражніў яго, і той загарлапаніў на ўвесь падворак. Ракітны.
3. Разм. Выклікаць, распаліць (якое‑н. жаданне). Раздражніць апетыт. □ — Кубкам забеленага пойла, што яны ўвальюць табе ў страўнік праз гумавую кішку, не заспакояць, а нанава раздражняць прагу да ежы. Машара. // Заахвоціць, схіліць да чаго‑н. Сваёю зухаватасцю [мужчыны] раздражнілі іншых — і хутка на вуліцы зрабіўся карагод. Гартны.
4. Разм. Абвастрыць, растрывожыць. Раздражніць хваробу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́стань 1, ‑і, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставацца — расстацца; расставанне. Пры ростані не гаварылі, дзе сустрэнуцца, бо ведалі — заўтра абавязкова ўбачацца на гэтым жа самым месцы. Адамчык.
2. Час, праведзены далёка ад блізкіх. І ростань доўгая здаецца хвіляю. Каму сказаць мне слова, што табе бярог? Барадулін. Толькі ў прыгодніцкіх раманах праз дзесяць год ростані маці не пазнае роднага сына, брат — брата. Шамякін.
ро́стань 2, ‑і, ж.
Месца перакрыжавання дзвюх або некалькіх дарог. А ўнук яго з вінтоўкаю залёг За вадакачкаю, на ростані дарог. Панчанка.
•••
На ростанях — у стане вагання, няўпэўненасці пры выбары далейшага шляху.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)