пры́святак, ‑тка, м.
Разм.
1. Невялікае свята. У вёсцы гэты дзень [1 верасня] стаўся прысвяткам, бо маткі і бацькі таксама неяк удзельнічалі ў ім. Дубоўка. Кожны прысвятак ці свята У Сцяпана поўна хата — Сват і кум і так знаёмы Чуюць тут сябе, як дома. Крапіва. Якраз прысвятак надарыўся, што з коньмі людзі не рабілі. Калюга.
2. Перадсвяточны дзень. І гэты прысвятак прад самым святам — Падмесці сцежкі і пяском прысыпаць жоўтым. Семашкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыстара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., чаго.
Раздабыць, прыгатаваць што‑н., звычайна з цяжкасцямі, намаганнямі. Суцяшалі гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалі, то грашамі, то дроў прыстараюцца. Лынькоў. — Я хутка прыстараюся чаю, ці гарбаты. Як лепей называць па-беларуску: чай ці гарбата? Колас. Да сустрэчы Раіса рыхтавалася, як ніколі. Ёлку ўпрыгожыла, гарэлкі накупляла, добрай закускі прыстаралася. Гроднеў. Вяселле адгрымела ўраз, І жыць у цешчы Зяць застаўся, Бо ўласнага жылля Яшчэ не прыстараўся. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раскаваць.
2. перан.; у знач. прым. Вызвалены ад акоў (у 2 знач.), вольны, нічым не абмежаваны. Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў, Што буду я вольны, што буду шчаслівы. Што гэткае ўстане жыццё прада мною Маё і маёй раскаванай радзімы. Купала. Распірае прожылкі ліста сокам раскаваных нетраў. Арочка. «Зубры», як сімвал раскаванай сілы, На ўсе будоўлі шле працоўны Мінск. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раско́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм.
1. Яздой або катаннем зрабіць слізкім, коўзкім. Раскоўзаць заснежаную сцежку.
2. Размяць, расцерці, раскідаць, размазаць (нагамі, целам). Пасля таго, як сук абламаўся, чалавек, відаць, сеў на зямлю і сядзеў там, бо было відно, як ён раскоўзаў абцасамі імшыстую зямлю і пассоўваў хвойныя іголкі. Чорны. — Аднойчы я сам чуў, як брыгадзір Мікалай Таўкач паскардзіўся, што ты раскоўзаў ля гумна свежую сцірту саломы. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да саней. З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Чорны. Відаць, недалёка вёска, бо там-сям санны след быў зацярушаны сенам, а сена тут здалёк не возяць. Бураўкін.
2. Звязаны з яздой, перавозкамі на санях; які адбываецца на санях. Цяпер у цішыні музея гармата сніць Кавлова санны рэйд. Вялюгін. // Прыгодны для язды на санях. Тыдзень ужо, як лягла санная дарога. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слане́чнік, ‑у, м.
1. Аднагадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з буйным жоўтым суквеццем на высокім сцябле (вырошчваецца ў асноўным для атрымання алею з насення). На палях, апрача пшаніцы, рассцілаюцца цэлыя лясы сланечніку. Пестрак. Ніжэй згіналі цераз плот цяжкія шапкі цыбатыя сланечнікі. Адамчык.
2. Насенне гэтай расліны, якое ядуць як ласунак. [Максім Сцяпанавіч:] — І танцаваць не ўмею. Не навучыўся, бачыш, у маладосці, бо гэта, як і лусканне сланечніку, страшэнным мяшчанствам лічылася. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спаце́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты потам; потны. Змораны, спацелы, я адчапіў бароны, каб ехаць на абед. Грамовіч. Жанчыны сядзяць на мяхах, выціраюць спацелыя твары. Асіпенка. Госць пачынае пацепваць плячыма, бо спацелая кашуля ліпне да цела. Карамазаў.
2. Пакрыты вільгаццю; запацелы. Макар працёр спацелую шыбу далоняй і прыпаў да рамы. Дуброўскі. Ужо не было чаго і рабіць, а брыгадзір Апанас Высеўка ўсё хадзіў між тых пахучых мэдлікаў ды спацелыя каласы гладзіў. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тупі́ца, ‑ы.
1. ж. Тупая сякера, каса і пад. [Юрка:] — Чаму ты тупіцаю колеш? [Юзік:] — Бо тата не дае вострае сякеры. Кажа, што я яшчэ калена рассяку сабе. Чорны.
2. м. і ж.; ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж. Разм. зневаж. Тупы, някемлівы, абмежаваны чалавек. [Сяргей Кірылавіч:] — Цэхавыя інжынеры амаль не займаюцца тэхнікай. А большасць жа з нас не тупіцы ад прыроды, хочуць вучыцца, расці. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уз’е́сціся, уз’емся, уз’ясіся, уз’есца; уз’ядзімся, уз’ясцеся, уз’ядуцца; пр. уз’еўся, уз’елася; зак.
Разм. Раззлавацца, накінуцца на каго‑н. з папрокамі, абвінавачваннямі, пагрозамі; пачаць помсціць каму‑н. — Я табе так скажу, — быццам і не чуў Мацеевых слоў, вёў далей Хмыль. — Жыць кожнаму трэба... Вось ты на мяне на сходзе ўз’еўся, а за што? М. Стральцоў. [Гаўрута:] — Добра зрабілі, што не задзіраліся з .. [жулікамі], бо гэтая шайка, калі б уз’елася, нарабіла б вам бяды. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упадаба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Прыйсціся па густу. [Прахор:] — Ну, глядзіце сабе, як вам — упадабаецца [хата] ці не ўпадабаецца. Зарэцкі. Шафёр нешта буркатаў сабе пад нос. Відаць, матыў нейкай новае песні ўпадабаўся яму. Кавалёў.
2. Палюбіцца, спадабацца. [Вашыновіч:] — От бо маладыя цяпер якія! Я ж кажу, няхай здаровы жывуць.. Табе яна ўпадабалася, то ты бяры яе сабе на здароўе, але будзь ты чалавекам! Чорны. Асабліва ўпадабалася Міканору Хадоська. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)