по́лька 1,
гл. палякі.
по́лька 2, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Танец у хуткім тэмпе, а таксама музыка да гэтага танца. [Надзя і Саша] танцавалі польку, кадрыль, факстрот. Гроднеў. Пасля Лізавета і Наталля выціналі голасам польку і колькі разоў прайшлі танцам па хаце. Чорны.
[Чэшск. polka.]
по́лька 3, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Мужчынская стрыжка, пры якой валасы на скронях і на патыліцы злёгку падстрыгаюцца. Першым кінуўся ў вочы Станеўскі. Узмужнелы, пастрыжаны, як мелі звычай стрыгчыся нямецкія вайсковыя — пад высокую польку, з чорнымі і бліскучымі ад брыльянціну валасамі. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасціна́, ‑ы; мн. просціны, ‑цін; ж.
Прадмет пасцельнай бялізны — доўгі і шырокі кавалак тканіны, пераважна белай, які рассцілаецца на матрац або падкладваецца пад коўдру. Палатняная прасціна. □ Таццяна асцярожна несла дзіця, якое моўчкі прытулілася да яе і глядзела назад, дзе засталася яго маці. — На, загарні яго, — сказала адна жанчына і, выцягнуўшы з кошыка прасціну, падала яе Таццяне. Шамякін. Страшна было спаць .. на беленькіх, хатняй палатніны, таксама расшытых па краях просцінах. Караткевіч. На многіх сенніках былі ўжо засланы просціны, ляжалі падбітыя падушачкі, а самі гаспадыні прыхарошваліся. Пальчэўскі. // Доўгі і шырокі кавалак спецыяльнай тканіны, якім выціраюцца пасля купання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прая́ва, ‑ы, ж.
1. Незвычайнае здарэнне. «Што за праява?» — падумаў Сяргей і пачуў, як па яго спіне захадзілі мурашкі. Колас. І яшчэ адбылася з Хілімонам адна праява — больш ніхто яго не бачыў у старой пашарпанай ватоўцы. Сабаленка. Нейкі час Хацяноўскі быў сам не свой — заблытала яго гэтая жахлівая і ганебная праява, растрывожыла душу. Кулакоўскі.
2. З’ява, праяўленне. І ўсё ж у вачах стаялі праявы роднай вёскі, малюнкі перажытага. Марціновіч. Гісторыя слова грунтуецца на гістарычных падзеях, на розных праявах жыцця грамадства. Юрэвіч. Вялікі, магутны навакольны свет, поўны прыгажосці і сілы, праяў і падзей. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Прышрубаваць; закруціць. Прыкруціць гайку. // Прымацаваць да чаго‑н. з дапамогай шрубы, балта і пад. Клін патрэбна было пазам пакінуць на правую па ходу цягніка рэйку і прыкруціць балтамі. Краўчанка.
2. Закручваючы, прымацаваць; прывязаць. Прыладзіў [Зіновій Цімафеевіч] пучок мачалы, дротам прыкруціў да кія. Важнецкі квач атрымаўся. Нядзведскі.
3. Закруціць трохі або тужэй; падкруціць. Прыкруціць кран. // Круцячы, пакручваючы (рычажок, ручку), зменшыць што‑н., збавіць сілу, моц чаго‑н. Прыкруціць кнот у лямпе. □ Андрэй запаліў вялікі калгасны ліхтар.., прыкруціў агонь — меншы не так патушыць вецер — і пайшоў на ферму. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак.
1. Скачучы, наблізіцца да чаго‑н., апынуцца дзе‑н. Тады падняўся з кювета і на адной назе прыскакаў да машыны той баец, што назваўся шафёрам. Кулакоўскі. [Вавёрка] учора была на гэтай яліне і пакінула некалькі нераструшчаных шышак, каб заўтра прыскакаць і датрушчыць іх. Лобан.
2. Прыехаць на кані наўскач (верхам або ў экіпажы, фурманцы). Неўзабаве на плошчу прыскакалі казакі. Гурскі. Запраглі мы па пары коней лепшых, расселіся на дзве фурманкі ў форме паліцаяў ды без супынк[у] ад лесу да Дабрадзееўкі гадзіны за дзве і прыскакалі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыце́рціся, прытруся, прытрэшся, прытрэцца; прытромся, прытрацеся; пр. прыцёрся, ‑церлася; заг. прытрыся; зак.
1. Трохі, няпоўнасцю сцерціся, зацерціся. У кожным разе рысунак быў старадаўні, гэта відно было з таго, што некаторыя рысы яго даволі-такі прыцерліся. Чорны.
2. Шчыльна падагнацца да чаго‑н. у выніку спецыяльнай апрацоўкі. Дэталі машыны добра прыцерліся. // перан. Прыстасавацца, прыладзіцца. Цяпер Назар прыцёрся ўжо каля зяця, і, здаецца, яму і на свеце больш нічога не трэба. Сабаленка. Трэба пароўну, па-чэснаму. Каб не атрымлівалася так, што хто скарэй прыцёрся к новаму старшыні, той і наверсе. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пстры́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Рэзкі адрывісты ўдар пры разгібанні ўказальнага або сярэдняга пальца, сагнутага вялікім пальцам. Рыгор злавіў.. [Алега] ў канцы калідора, заціснуў галаву пад пахай і пачаў адлічваць дзесяць пстрычак. Ваданосаў. [Міхась] спакойна выцягнуў з кішэні пачак папярос, закурыў і пстрычкаю адкінуў запалку ў куток. Савіцкі.
2. Разм. Пра малую, несур’ёзную жанчыну ці дзяўчыну. [Фрыдхен] возіць штодня вясковае малако ў малачарню, а па паўдні сёй-той бярэ іх коні, наймае. Сама яна тады, зразумела, не едзе. Фрыдхен ездзіла раз, ды баіцца адна, пстрычка гэтая. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разві́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Месца, дзе што‑н. разгаліноўваецца, разыходзіцца (звычайна на дзве часткі). [Бусел] аблюбаваў зручную развілку метраў на пятнаццаць ад зямлі, пачаў цягнуць туды галлё і рабіць гняздо. Самусенка. Мы ляжалі на зялёнай мураве непадалёку ад развілкі дарог, дзе стаяць слупы з указальнікамі. Навуменка. Вёска ляжала ў развілцы дзвюх гразкіх і балотных рачулак. Танк.
2. Месца, дзе разыходзяцца дарогі, вуліцы і пад. Па Маскоўскай вуліцы аўтобус нырнуў пад Заходні мост, затрымаўся на развілцы і рушыў прама. Новікаў. — Дойдзеш да развілкі на Ружанскай шашы, чакай. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раско́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расколваць — раскалоць і расколвацца — раскалоцца.
2. Месца, па якім што‑н. расколата або раскалолася; трэшчына. Лінія расколу.
3. перан. Раздзяленне каго‑, чаго‑н. на групы, часткі, абумоўленае наяўнасцю рознагалоссяў. У час спробы зрабіць раскол у партыйнай арганізацыі палітзняволеных Хмель быў выкрыты і выключаны з радоў партыі. Хромчанка. Гурын арганізоўвае раскол партыі.. і абвяшчае сябе кіраўніком адколатай групы. Машара.
4. Рэлігійна-грамадскі рух у Расіі, які ўзнік у сярэдзіне 17 стагоддзя, быў накіраваны супраць царквы і закончыўся ўтварэннем шэрагу сект.
5. Стараверства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растру́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.
Разм. Ударыўшы, націснуўшы чым‑н., раздрабіць. Віктар Пясецкі, падняўшы з зямлі гадзіннік, у якім ён, наступіўшы нагою, раструшчыў шкло, злосна паглядзеў на мужчын і падаўся ў кусты. Гурскі. [Галя] ударыла, мусіць, па воку, бо на .. [Васіля] аднекуль са столі раптам пасыпаліся іскры, вострыя, колкія, бы там хто раструшчыў лямпачку на дробныя чырвоныя кавалачкі. Пташнікаў. // Пашкодзіць, разбіць (пра косць і пад.). Драпежнік не паспеў забіць .. [перапёлку], адно раструшчыў грудную клетку. Чыгрынаў. / у безас. ужыв. Не то асколкам, не то кавалкам адарванага бетону .. [Якімцаву] раструшчыла левае плячо. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)