ла́паць 1, ‑пця; Р мн. ‑пцей; м.

1. Сялянскі абутак, плецены з лыка, бяросты ці вяровак. Лазовыя лапці. Вяровачныя лапці. □ Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на кій. Хадкевіч.

2. перан. Разм. пагард. Пра адсталага, некультурнага чалавека.

•••

Абуць у лапці гл. абуць.

На лапці не аб’ехаць гл. аб’ехаць.

Плесці кашалі з лапцямі гл. плесці.

ла́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм. Хапаць, мацаць рукамі. [Груня:] Адыдзі! Раней вытры нос, а потым лапай... Гурскі. Маці цяжка ўздыхала, ўпоцемку лапала па чарэні — намацвала лучыну. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

1. Адсутнасць жадання працаваць, рабіць што‑н., займацца чым‑н. Пра бацьку ў вёсцы казалі, што праз ляноту сваю ён жыў у недагледжанай хаце. М. Стральцоў. // Стан вяласці, санлівасці. Лёнька аж прыжмурыў вочы: прыемна грэла ў спіну, цяпло расходзілася па целе і на ўсяго яго стала нагортвацца такая млявасць і нейкая лянота, што хоць пальцам не варушы. Капыловіч.

2. у знач. вык., каму з інф. Разм. Не хочацца, няма ахвоты. [Бондар:] — Ты далікатны! Так і выкіроўваеш, каб на баку паляжаць. Да таго ж лянота думаць... Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звяць, звяну, звянеш, звяне; зак.

1. Стаць вялым, бляклым; завяць. Кветкі звялі ад спякоты. Трава звяла. // перан. Страціць свежасць; змарнець. Хоць Барташэвічу і было больш за шэсцьдзесят год, усё ж ён яшчэ быў пругкім чалавекам, а жонка ў зорак пяць год звяла, як кветка ў спёку. Гурскі.

2. перан. Зрабіцца вялым, млявым. Цягавіты стары, каб прыйшлося, перамог бы яшчэ сваю ўтому пасля цяжкай дарогі і прайшоў бы яшчэ адным махам з пяцьдзесят кіламетраў, але тут задушыла яго трывога: ён зусім звяў. Чорны. І ногі і рукі ў Івана звялі. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

град, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Атмасферныя ападкі ў выглядзе крупінак лёду рознай велічыні. Вільготны сівер балюча біў у твар рэдкімі шрацінамі граду. Шамякін. Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам. Колас.

2. перан.; чаго. Мноства чаго‑н. Яе [Любы] з’яўленне на полі жанкі зноў сустрэлі градам заўваг. Васілевіч. Некалькі мужчын, хто з канём, а хто без каня, уцякалі ў лес пад градам куль. Нікановіч.

3. у знач. прысл. гра́дам. У вялікай колькасці; патокам. З Кірылы ліўся пот градам, кашуля на целе была мокрай. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́клік, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выкліка́ць — вы́клікаць (у 1 знач.); выкліканне.

2. Патрабаванне, запрашэнне з’явіцца куды‑н. З’явіцца па выкліку. □ [Ваўчок:] — Антон Ягоравіч прывёз тэлеграму з выклікам на рэспубліканскую нараду дырэктараў эмтээс і іх намеснікаў. Хадкевіч. Валя з дня на дзень чакала выкліку на экзамены, а з педвучылішча не было ніякай весткі. Васілевіч. // Запрашэнне, прапанова ўдзельнічаць у чым‑н. — Выклік на.. спаборніцтва прымаем, — сказаў Тамаш. Гурскі.

3. Гатоўнасць уступіць у барацьбу. Кінуць выклік грамадству. □ Дуб стаяў нерухома, з горда прыўзнятай вершалінай-галавой, нібы кідаючы выклік грознай стыхіі. Данілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апыну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Трапіць куды‑н., аказацца дзе‑н. Апынулася Арынка ў горадзе. Колас. Спалоханыя малпы выскачылі з клеткі і мігам апынуліся на мачтах. Маўр. // Трапіць у якое‑н. становішча. Апынуцца ў няволі. Апынуцца ў бядзе. □ Для.. [шафёра] цяпер была яснай небяспека, у якой яны апынуліся. Якімовіч. Трэба было дбаць аб людзях, якія апынуліся ў няшчасці. Гурскі.

•••

Апынуцца (аказацца) за бортам — аказацца выключаным з якой‑н. справы.

Апынуцца (быць) на розных берагах — разысціся ў поглядах, перакананнях з кім‑н.

За дзесятай гарою апынуцца — аказацца ў вельмі далёкім месцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рукапа́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ажыццяўляецца без зброі ці халоднай зброяй (пра бой, сутычку). Бабка Антосіха стаяла з качаргою ля парога, нібы грэнадзёр, рыхтуючыся да рукапашнай схваткі. Нядзведскі. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі з іх уцалелі. Гурскі.

2. у знач. наз. рукапа́шная, ‑ай, ж. Бой, сутычка без прымянення зброі або з прымяненнем халоднай зброі. Завязалася рукапашная што называецца — не на жыццё, а на смерць. Брыль. [Саламацін:] У іх тут рукапашная была. [Падымае штык]. Штыком арудаваў немчура. Крапіва. Жывыя мерцвякі .. ішлі ў рукапашную, глушылі прыкладамі адкормленых граміл з адборных штурмавых батальёнаў. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызапа́сіць, ‑пашу, ‑пасіш, ‑пасіць; зак., што і чаго.

Зрабіць запас чаго‑н. Я трохі грошай прызапасіў і рашыў не марнаваць часу, а ваяваць за свой праект. Хомчанка. Не, на два тыдні — мала. Харчы трэба прызапасіць не менш як на два месяцы. Гурскі. Ты мне, Кузьма, падкінь які воз саломы, — просіць Птах. — А я табе к зіме трохі газы прызапашу. Навуменка. // Падрыхтаваць, зрабіць што‑н. загадзя. Мы ўжо даўно прызапасілі ёмкія кляновыя дручкі, нарэзалі гладкіх дубовых кацёлак. Якімовіч. — Брускоў і грабільнаў я прызапасіў раней, вунь тырчаць пад застрэшшам. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак.

1. Скачучы, наблізіцца да чаго‑н., апынуцца дзе‑н. Тады падняўся з кювета і на адной назе прыскакаў да машыны той баец, што назваўся шафёрам. Кулакоўскі. [Вавёрка] учора была на гэтай яліне і пакінула некалькі нераструшчаных шышак, каб заўтра прыскакаць і датрушчыць іх. Лобан.

2. Прыехаць на кані наўскач (верхам або ў экіпажы, фурманцы). Неўзабаве на плошчу прыскакалі казакі. Гурскі. Запраглі мы па пары коней лепшых, расселіся на дзве фурманкі ў форме паліцаяў ды без супынк[у] ад лесу да Дабрадзееўкі гадзіны за дзве і прыскакалі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыцэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

1. Падрыхтавацца да стральбы, навёўшы зброю на цэль. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Лупсякоў. Рагозін ускочыў у акоп, схапіў вінтоўку, прыцэліўся і стрэліў. Гурскі. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. Аніся ўжо выліла ўсю ваду з лейкі, а Шаевіч ніяк не мог прыцэліцца і сфатаграфаваць яе. Сабаленка.

2. перан. Разм. Намерыцца зрабіць што‑н.; абраць аб’ект дзеяння, уздзеяння. [Цярэшка:] — Скажам, табе захочацца ўхапіць лепшую валоку панскай зямлі, і я на яе прыцэліўся, от і счэпімся загрудкі — каламі не разбароніш. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)