спатыка́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спатыкнуцца.

2. Ісці, няспрытна, няёмка ступаючы (ад слабасці, стомы і пад.). Ад стомы .. [конь] хістаўся ў бакі, спатыкаўся. Мележ. Два разы прагна, глыбока зацягнуўся [Шура], і закружылася галава, стаў спатыкацца, як п’яны. Навуменка.

спатыка́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да спаткацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Утрымаць сябе ад праяўлення якіх‑н. пачуццяў, ад здзяйснення якіх‑н. жаданняў. — А мужычкам і нядрэнна жывецца на свеце, — сказаў сваяк пана ляснічага, пазіраючы на сялян. — Кастусь, пачуўшы гэтыя словы, ледзь стрымаўся. С. Александровіч. Я хацеў агрызнуцца, але стрымаўся. Маці зла не жадае. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сям-та́м, прысл.

Месцамі, у некаторых месцах. Між верб сям-там блішчаць ракіты. Колас. Замест дубровы толькі гнілыя пні сям-там асталіся. Чарнышэвіч. Сям-там з-пад ігліцы вытыркаюцца купкі зялёнак. Навуменка. [Сёмка:] — Каб не зарабіў сям-там у рыскамі — то ў хаце і капейкі не было б. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыу́мф, ‑у, м.

1. Урачыстая сустрэча палкаводца і яго войска ў Старажытным Рыме ў сувязі з дасягнутай перамогай.

2. Бліскучы поспех, выдатная перамога; урачыстасць. Трыумф ленінскай нацыянальнай палітыкі. □ Міцеў трыумф пачаўся ў красавіку, калі ён занёс дырэктару заяву з просьбай прыняць экзамены за тры чвэрці дзевятага класа. Навуменка.

[Лац. triumphus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвіхры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Узняць віхрам, закружыць, завярцець. Прапелер узвіхрыў слупы пылу. Краўчанка. Мацней дыхнуў сіб[е]рны вецер, гайсануў вершалінамі дрэў-прысад, узвіхрыў хмары снегу, засвістаў, загуў. Сіняўскі. / у перан. ужыв. Дзве сілы абудзілі, узвіхрылі Міцевы пачуцці: вайна і Сюзана. Навуменка. // Паставіць віхром, растрапаць (пра валасы). Узвіхрыць чупрыну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́мень, ‑і, ж.

Густая цемната (у 1 знач.). У прамежках між хатамі, дзе не свецяць вокны, цемень, як дзёгаць. Навуменка. Твар.. [жанчыны] у цемені цяжка было разглядзець. Колас. // чаго. Цёмная, дрэнна асветленая прастора. [Астаповіч] адамкнуў млын, і ўвайшоў у цемень гэтых сцен, так добра яму знаёмых за многа год. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шасце́нне, ‑я, н.

Абл. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шасцець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Свісту не чуваць, а толькі ціхае, амаль нячутнае шасценне ў перапынку паміж выбухамі. Навуменка. Пераможнаю радасцю гучаць жалезныя колы вагонаў, і гэтае гучанне падхоплівае зарэччы, чарот, ператвараючы яго ў цэлую мяцеліцу адрывістага смеху-шасцення. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імпрэ́сія, ‑і, ж.

1. Суб’ектыўнае адчуванне, перажыванне; мімалётнае ўражанне, настрой.

2. Кароткі літаратурны твор эмацыянальна-суб’ектыўнага характару. Імпрэсія ў прозе. □ У аўтабіяграфічнай імпрэсіі «З далёкіх пералётаў» Танк любоўна намаляваў вобраз маці-казачніцы з часоў бежанства. У. Калеснік. Стыль лірычнага, гумарыстычнага апавядання або імпрэсіі моцна адрозніваецца, скажам, ад стылю аповесці, рамана. Навуменка.

[Лац. impressio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасня́к, ‑у, м.

1. Сасновы лес. Езджай дарогі няма — чарналессе, зарослыя чэзлым сасняком балоты. Навуменка. Тут зусім нядаўна Шумеў сасняк калматы. Аўрамчык.

2. зб. Сасновыя дошкі, бярвенне, галлё і пад. Акцызнік зноў «збіраў усіх у кучу», сеўшы на свежы лоўж сасняку, які быў скіданы ўчора абы-як на просецы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́нечкі, ‑чак; адз. няма.

1. Разм. Памянш.-ласк. да сені. Калі ў сенечках пачуліся цвёрдыя крокі і ў пакойчык зайшоў змакрэлы старшы лейтэнант, я ведаў, што рабіць. Навуменка.

2. Абл. Кладоўка пры хаце; клець. А некаторыя [настаўнікі] цішком наведваліся ў каморы і сенечкі, дзе мелі свае рэзідэнцыі абранніцы іх сэрца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)