угадзі́ць, угаджу, угодзіш, угодзіць; зак.
1. каму. Дагадзіць каму‑н., зрабіўшы што‑н. прыемнае, патрэбнае, жаданае. — Куды ты спяшаешся, сынок? — занепакоілася маці. — Можа, чым табе не ўгадзіла? Грахоўскі.
2. Разм. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Потым аціраўся [здраднік] у Чыжэвічах ля царквы, пры нейкім складзе быў, нарэшце ж, за крадзеж угадзіў у турму. Кулакоўскі.
3. Разм. Кідаючы або ўдараючы чым‑н., папасці ў каго‑, што‑н. — Цаляў у галаву, а ўгадзіў у плячо. І я, пэўна, крыкнуў ад болю. Ракітны. [Пан Булыга] хацеў заехаць Валодзіку па нагах кульбаю, але з гарачкі не пацэліў і ўгадзіў пані Авяліне. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фанта́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Штосьці неверагоднае, створанае ва ўяўленні. А ноч спускаецца ніжэй і ніжэй на снегавыя абшары, і ўсё наўкол пачынае прымаць воблік невыразнай фантастыкі. Лынькоў. // Паказ з’яў, якія не існуюць у рэчаіснасці; казачная аснова ў творах мастацтва. Спецыфічная ж асаблівасць народнай казкі — фантастыка, выдумка. Чыгрын. // зб. Разм. Літаратурныя творы, у якіх апісаны з’явы і падзеі ў перабольшаным і звышнатуральным выглядзе. Фантастыка Гофмана. Аддзел навуковай фантастыкі ў бібліятэцы.
2. Нешта нерэальнае, нездзяйсняльнае. Узяць білеты на касмічны лайнер І паляцець у госці к марсіянам... Фантастыка? А колькі год мінула, Як першы спадарожнік стартаваў? Грахоўскі.
[Ад грэч. phantastikē — здольнасць уяўляць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаду́лі, ‑яў; адз. хадуля, ‑і, ж.
1. Два шасты з высока прыбітымі прыступкамі, стаўшы на якія можна хадзіць вялікімі крокамі. Хлопцы навучылі мяне хадзіць на высокіх хадулях. Бядуля.
2. перан. Пра што‑н. напышлівае, высакамернае, ненатуральнае. Ты гаварыў як роўны з роўнымі, не ўздымаўся перад намі, пачаткоўцамі ў літаратуры, на алімпійскія хадулі. С. Александровіч. Амаль у кожным з.. [вершаў] можна знайсці пэўную «жывінку», настрой, трапную дэталь, але яны губляюцца ў мностве збітых, пастаўленых на хадулі прыёмаў. Грахоўскі.
3. перан. Разм. Доўгія ногі. — Далекавата, — паморшчыўся.. [Васіль]. — А ісці такою гарачынёю... Міхась засмяяўся: — Каму далекавата, а табе з тваімі хадулямі... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвік, ‑а, м.
1. Металічны або драўляны стрыжань з вастрыём на канцы, прызначаны для змацавання чаго‑н. Рупная рука прыбівала цвікамі адарваную дошку. Бядуля. Вось Глеб махнуў рукою, нібы даў сігнал, і Данік пачаў заганяць цвік. Дуброўскі. // Калочак для вешання чаго‑н. Андрэй вярнуўся, павесіў на цвік шапку і сеў. Чарнышэвіч.
2. перан.; чаго. Разм. Галоўнае, значнае ў чым‑н. Слон — Галоўная персона, Слон — Заўсёды цвік сезона. Барадулін. Без выступлення Алены Мінаўны мы не маглі вярнуцца ў рэдакцыю. Яно было запланавана як асноўны цвік у перадачы, прысвечанай ходу жніва. Грахоўскі.
•••
Цвіком сядзець; сядзець як цвік гл. сядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чужані́ца, ‑ы, м. і ж.
1. Чужы, нетутэйшы чалавек. [Арцём:] — Я — нетутэйшы. Я, можна сказаць, чужаніца гэтаму сялу. Бажко. // Іншаземны захопнік, вораг. Чужаніцы з далёкай ішлі стараны То крыжовым паходам, то лютай вайною. Грахоўскі. Але не, не тая гэта Хата з смольнай сталяніцай, Тую хату грозным летам Падпалілі чужаніцы. Кірэенка.
2. Не родны, не сваяк. [Цыпруян:] — Ты мне чужая-чужаніца, а лепш за родную дачку. Калюга. Так і жыў Мацей чужаніцай у хаце: ні госць, ні гаспадар. Пальчэўскі.
3. Чалавек, які па духу, поглядах і пад. чужы якому‑н. асяроддзю. Ён [Цімох] быў у калгасе гультай, Калгасу заўжды чужаніца. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́тна і чутно́,
1. Прысл. да чутны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Можна чуць. І здаецца, Зязюля даўно адкувала, І не чутна За вокнамі Звону вясны. Грахоўскі. Чамусьці не відаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку. Лынькоў. Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ.
3. безас. у знач. вык. Разм. Ёсць звесткі, навіны, паведамленні пра каго‑, што‑н. Прайшла палова чэрвеня, а пра наступленне Чырвонай Арміі нічога пэўнага не было чутно. Машара.
4. у знач. пабочн. Кажуць, як кажуць. [Сушкевічава] жонка, папр[адава]ўшы будынкі, выехала адсюль і жыве, чутно, добра. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шквал, ‑у, м.
1. Раптоўны моцны парыў ветру (часам з дажджом). І раптам парывы магутнага шквалу На чорныя камні абрушылі пырскі. Звонак. Дождж мацнее. Заходні вецер наганяе цяжкія хмары і б’е па машыне вадзяным шквалам. Мяжэвіч.
2. перан.; чаго або які. Пра што‑н. раптоўнае, імгненнае, што праяўляецца з вялікай сілай, у значнай колькасці. Любіны думкі захліснуў шквал дзявочага смеху і гоману. Васілевіч. І кадр палкоўніцкі радзее, Змывае ўсё салдацкі шквал. Колас. // Моцная масіраваная стрэльба (з гармат, кулямётаў і пад.). На ўскраіне гарадка мітусіліся стракатыя постаці, але лезці пад шквал кулямётнага агню не адважваліся. Грахоўскі. Шрапнельны шквал быццам бы прыцішаўся, радзеў. Кулакоўскі.
[Англ. squall.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шматгало́сы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шматгалосся (у 1 знач.); поліфанічны. Шматгалосы хор.
2. Які складаецца з шматлікіх галасоў, гукаў, што гучаць адначасова; які ўтвараецца шматлікімі галасамі. З двара казармы вецер данёс шматгалосы гоман. П. Ткачоў. І раптам на тым баку вёскі пакацілася густое шматгалосае «ура!» Грахоўскі. // Які ўтварае многа гукаў; шумны. Натоўпы людзей шматгалосыя радамі ўліваюцца шчыльнымі. Пабачыш усе тут [у метро] прафесіі, сыноў розных нацый і рас. Панчанка. Помню цэх шматгалосы і змену начную, Помню ў шуме і громе, у промнях святла Кранаўшчыцу, кержачку вясёлую Нюру, Што з гарэзлівай песняй па цэху ішла. Дайнека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іна́кш, прысл. і злучн.
1. прысл. Тое, што і іначай (у 1 знач.). Ужо зусім інакш, сустракалі назаўтра хлопцы сясцёр. Грахоўскі. — У нашым становішчы трэба разважаць інакш. Маўр.
2. злучн. супраціўны. Тое, што і іначай (у 2 знач.). Данік разумеў, што там — вялікі бой, можа нават такі, як бітва пад Барадзіно.., інакш немцы не кідалі б столькі авіяцыі. Шамякін.
3. злучн. далучальны. Далучае члены сказа, якія растлумачваюць змест папярэдніх слоў ці сказаў. [Бабручыха] была баба, як кажуць, набожная — кожную справу ў сваёй гаспадарцы пачынала малітвай з трэбніка. Былі ў ім розныя «чыны», інакш — абрады, і малітвы. Брыль.
•••
Інакш кажучы гл. кажучы.
Так ці інакш гл. так.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́ўтра, прысл.
1. У наступны дзень пасля сягонняшняга. Сягоння субота, а заўтра нядзеля. З нар. песні. Сёння зробіш — заўтра як знойдзеш. Прыказка. // У недалёкім будучым; хутка. Не гавары, кім быў учора, Скажы, кім заўтра хочаш стаць. Жычка.
2. у знач. наз. за́ўтра, нязм., н. Наступны дзень за сягонняшнім. Адкласці на заўтра. Закончыць работу да заўтра. // Недалёкае будучае. На нашых вачах расце горад камуністычнага заўтра, які праз некалькі год стане прамысловым раёнам старажытнага Полацка. Грахоўскі. Уздымаліся тосты за гаспадароў,.. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.
•••
Да заўтра — а) да наступнага дня; б) прынятая форма развітання: да сустрэчы ў наступны дзень.
Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра гл. сягоння.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)