зала́дзіць 1, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Закласці, закрыць чым‑н. дзірку, адтуліну. Заладзіць дзірку ў плоце.

зала́дзіць 2, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Разм.

1. што, са злучн. «што» і без дап. Пачаць настойліва гаварыць, паўтараць адно і тое ж. — Заладзіў.. адно: «Не паеду, не паеду», — злавалася Насця. Пальчэўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць зацяжна ісці (пра дождж), дзьмуць (пра вецер). Бывала, вясной ці ў глыбокую восень як заладзяць дажджы, дык вуліцу так размесіць жывёла, што прайсці ніяк нельга. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм.

1. Вымушаная затрымка ў рабоце, дзейнасці каго‑, чаго‑н. Ад цямна да цямна не пакідаў поля і Уладзімір Аляксеевіч. Абы-якая замінка ці маленькая няўпраўка, ён ужо там. Пальчэўскі. Нельга дапускаць ніводнай, нават самай маленькай замінкі ў руху паяздоў. Васілевіч.

2. Тое, што замінае, абцяжарвае; перашкода. Кожная грудка лёду, кожны парог-гарбінка, выступ зямлі, узгорачак становяць.. [ручайкам] замінкі.. ў іх імклівым руху. Колас. [Маргун:] А гэту замінку мне пакінь. (Паказвае на вінтоўку). Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; зак., каго-што.

Разм.

1. Цягнучы, зняць з чаго‑н., адкуль‑н. Звалачы мяшок з воза.

2. Цягнучы, перамясціць куды‑н. [Пятрусь] звалок драбіны з дарогі і, апусціўшы галаву, пайшоў дадому. Колас.

3. Сабраць, сцягнуць у адно месца. Звалачы галлё ў кучу.

4. Угаварыць, прымусіць пайсці куды‑н. — На рыбу .. [бацьку] Яўхім звалок. Кажа, у дождж ловіцца добра. Савіцкі.

5. Украсці, сцягнуць. Андрэю нельга было адыходзіць далёка, сабакі маглі пранюхаць і звалачы мяса, а ліхі чалавек — украсці аглоблі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

безжыццёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены жыцця, мёртвы. Візэнер з жудасцю адпіхнуў ад сябе ўжо безжыццёвае цела. Шамякін.

2. Нерухомы, вялы, малавыразны. Правая рука [Каршукова] абыякава ляжала на Ядвісіным плячы. Гэтая безжыццёвая халодная рука чамусьці раздражняла Ядвісю. Асіпенка. У яго [гаспадара] быў безжыццёвы, пусты позірк, і пад вачыма ляжалі цені. Лупсякоў.

3. Без прыкмет якога‑н. жыцця, руху. Моцны звонкі гук набліжаўся, і нельга было зразумець, адкуль ён ідзе: ні то з горада, ні то з безжыццёвых караблёў, што стаяць па той бок бухты. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1–7 знач.).

2. (звычайна з прыназоўнікамі «з» і «без»). Разм. Выбар, адбор. Лес тут быў калгасны, высякалі яго многа і без разбору. Б. Стральцоў. Я разумею: крытыкаваць .. трэба, без гэтага нельга, але крытыкуй з разборам. Хадкевіч.

3. Разгляд судовай справы. Судовы разбор. □ [Сымон:] Адбудую хату нанава, гаспадарку нанава завяду.. Вось толькі .. разбору дзела дачакацца! Купала.

•••

На (пад) шапачны разбор; на разбор шапак — пад канец справы, пад канец (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Няправільнасць у дзеяннях, учынках, выказваннях, думках і г. д. Памылка ў разліках. □ [Прыборны:] — Тактычная памылка. Нельга падрыўнікоў пасылаць адных. Іх трэба прыкрываць, абараняць... Шамякін. Першая.. [Сцёпкава] памылка была ў тым, што з таго часу, як Аленка паехала ў Загор’е, ён ні разу не зайшоў да іх. Колас.

2. Няправільнае напісанне слова. Словы, на якіх мы маглі зрабіць памылку, .. [настаўніца] падкрэслівала тонам або працяжным вымаўленнем. Скрыган.

•••

Памылка друку — памылка ў тэксце, дапушчаная ў час набору, друкавання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыміры́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ідзе на прымірэнне, не дапускае пагаднення. К. Чорны — гэта перш за ўсё непрымірымы змагар з уласніцкім светам. Адамовіч. З гэтага вечара.. [Ігар] стаў непрымірымым ворагам Алеся, хоць і да таго адносіны паміж імі былі нацягнутымі. Сіняўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Непрымірымы характар.

2. Такі, што нельга прымірыць. Непрымірымая барацьба. □ Прыгожая, выпеставаная, .. [Эма] выклікала ў мяне толькі пачуццё непрымірымай варожасці... Лупсякоў. У голасе яго гучала непрымірымая мужчынская нянавісць да таго, другога, хто замяніў яго і напэўна выцесніў нават з ўспамінамі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязло́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга перамагчы, знішчыць; вельмі моцны. Няхай грыміць па белым свеце слава Пра шчасце мірнае, пра Новы год, Пра родную савецкую дзяржаву, Пра мужны і нязломны наш народ. Астрэйка. Ішлі мы ў маршах агнявых Нязломнай грознай сілай. Хведаровіч.

2. перан. Стойкі, цвёрды ў перакананнях, намерах і пад. Фучык сціснуў карандаш да болю, Ён маўчыць, нязломны камуніст. Ляпёшкін. // Які выражае цвёрдасць, стойкасць. Нязломная вера. □ [Вольга:] — А пра Буралома я табе дам знаць. Гэта — правакатар. Такое маё нязломнае перакананне. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадэманстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Наглядна, публічна паказаць. Прадэманстраваць кінафільм. □ Прадстаўнікі Беларусі прадэманстравалі цікавыя праграмы, прысвечаныя прапагандзе спорту і турызму. «Звязда». На стале ў Панцеляймона Кандратавіча ляжаў кавалак рэйкі, тол. Ён тут жа прадэманстраваў, як і дзе трэба закладваць тол, падрываць рэйкі, каб іх нельга ўжо было выкарыстаць. Дзенісевіч. // Знарок падкрэсліць, праявіць, паказаць. Адзін бюргер выпіў залпам двухлітровы збан. Прычым прадэманстраваў сваю лоўкасць, падняў збан адной рукою, што не так лёгка зрабіць. Гурскі. [Юнак] стараўся прыслужыць.. [дзяўчыне], прадэманстраваць сваю адданасць і вернасць. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тытані́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тытана ​1; вызначаецца велізарнай фізічнай або маральнай сілай, розумам, талентам. Тытанічны герой «Адвечнай песні», Мужык.., стаў для Купалы чымсьці накшталт маральнага крэдытора. Бярозкін.

2. Уласцівы тытану ​1; вялікі па сіле, размаху; грандыёзны. Нельга не здзіўляцца яго [А.Я. Багдановіча] сапраўды тытанічнай працаздольнасці. «Полымя». Ул.І. Ленін вёў у Кракаве тытанічную рэвалюцыйную работу. «Работніца і сялянка». З кожным годам усё больш велічна і неадхільна паўстае ў вачах сучаснікаў тытанічны подзвіг народа, які зламаў хрыбет шалёным звяругам. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)