серабры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. Рабіцца серабрыстым, набываць серабрысты колер, бляск. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася. Гурскі. // Выдзяляцца сваім серабрыстым колерам, бляскам, віднецца (пра што‑н. серабрыстае). На аддаленых вяршынях серабрацца воблакі. Бядуля. Усё дно ракі серабрыцца на сонцы, зіхаціць, усланае маляўкай... Краўчанка. // Сівець; зіхацець сівізной. На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй, якія, як і раней, захавалі свой сталёвы колер і сваю напорыстасць. Пестрак.
2. Зал. да серабрыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скало́ць 1, скалю, сколеш, сколе; зак., што.
Аддзяліць слой, кавалак чаго‑н. ударам, зняць з паверхні; збіць. Скалоць лёд з тратуара.
скало́ць 2, скалю, сколеш, сколе; зак., што.
1. Змацаваць, сашчапіць разам што‑н. (шпількай). Скалоць кавалкі матэрыі.
2. і каго. Зраніць у многіх месцах чым‑н. вострым, калючым. [Наста] скалола ў кроў іржышчам жорсткім босенькія ногі і моцна плакала. Астапенка. Учора да [Тарасевічаў] прыехалі фашысты, арыштавалі бацьку, .. усё нечага дапытваліся, але ён маўчаў, сцяўшы зубы. Тады фашысты штыкамі ўсяго яго скалолі насмерць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак., што.
1. Выкарыстаць як ежу. — Лепей бы мы іх [яйцы] спажылі, — жалкавала Куліна. — Каб жа знаццё тое, нізавошта не пакінулі. Даніленка. [Пушкарэвіч:] — Забіць — забіў, але спажыць не ўдалося. Качка ўтапілася. Гурскі.
2. Зрасходаваць, выкарыстаць, ужыць для сябе. Ты многа спажыў з той скарбніцы дабра. Вярні І папоўні, што сам з яе браў. Чарнышэвіч. Свет вялікі, усюды месца чалавеку хапае. І людзі жылі-пажывалі, ніякага ліха не зналі. Што сваімі рукамі зрабіў, тое і спажыў. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыска́ць, сышчу, сышчаш, свішча; зак., каго-што.
1. Прымусіць заплаціць; патрабаваць, атрымаць з каго‑н. у прымусовым парадку. За свой прыезд у панскі двор Сыскаць з Данілы сорак злотых. Колас. [Сцепаніда:] — Не аддам! А пасаг сышчу праз суд! [Якаў:] — Скулу сышчаш, а не пасаг... Парызыкуй. Галавач. // Вярнуць сабе што‑н. пазычанае каму‑н. Сыскаць хамут і аброць.
2. Разм. Знайсці; адшукаць. Гануля і Яўхім па натуры былі маўклівыя і панурыя. Жартуючы, пра іх казалі: «Чорт сем пар лапц[ей] стаптаў, пакуль такую пару сыскаў». Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укаці́ць, укачу, укоціш, укоціць; зак.
1. што. Закаціць што‑н. круглае або на колах унутр чаго‑н. Укаціць калёсы ў гумно. □ [Касперскі:] А бочку, хлопцы, укоціце ў склеп... Тут нельга пакідаць. Гурскі.
2. перан.; што каму. Разм. Зрабіць, учыніць (звычайна што‑н. непрыемнае). Укаціць вымову прагульшчыку. Укаціць вучню двойку. □ [Валянціна Міхайлаўна:] — А летась тут, у нас, памятаеце, колькі мы вам [Андрэй Іванавіч] уколаў укацілі. Васілевіч.
3. Разм. Уехаць куды‑н. Добра ціскануў па педалі і праз гадзіну ўкаціў у тую самую алейку з вязамі. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ану́, выкл.
Разм.
1. Выражае заклік ці прымушэнне да дзеяння. — Ану, сып! Палі! — пачаў прытупваць фарсісты салдат, нябачаныя каленцы выкідваць, запрашаючы іншых у круг. Гурскі. — Ты чаго тут? — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук.
2. (у спалучэнні з Р займ. 2 і 3 ас. адз. і мн.). Адпавядае па значэнню словам: «адчапіся», «адвяжыся» і пад. [Ярына:] — Ану цябе, Ігнат! От, як прыстане, дык хоць ты яму кол на галаве чашы. Бажко.
3. (у спалучэнні з часціцай «ж»). Можа быць. Ану ж ды выйдзе што-небудзь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калупну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. Аднакр. да калупаць. — Дзверы філёнчатыя, з чорнага дубу зробленыя. Я нават пазногцем калупнуў, ці цвёрдыя. Дык як з жалеза. Сабаленка.
2. перан. Глыбей разабрацца ў кім‑, чым‑н., заглянуць у сутнасць каго‑, чаго‑н. — Калупні паляўнічага, — манюка. Паскрабі рыбалова, — лускі, як на тым шчупаку. Гурскі. — А што, залаценькія, каб гэтага самага Загароўскага Малаха калупнуць... Зарэцкі.
3. перан. Паддзець, падсмяяць у размове, падкалупнуць. — Кожнага, хто любіць прыгожыя рэчы, ты жыць не можаш, каб не калупнуць. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак., што.
1. Памясціць, усунуць у што‑н., пад што‑н., за што‑н. Засунуць сякеру за пояс. Засунуць чамадан пад ложак. □ Як толькі пачало цямнець, я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны з патронамі. Карпюк. // Зачыніць, усунуўшы што‑н. на месца. Засунуць шуфляду.
2. Разм. Зачыніць, закрыць на засаўку. Міроніха, правёўшы мужа, зайшла на двор, засунула на засаўку дзверы ў хляве. Гурскі.
3. Разм. Пакласці, схаваць так, што цяжка знайсці; падзець, задзець. Куды гэта ты засунуў нож?
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мару́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Рабіць што‑н. вельмі павольна, доўга не пачынаць якой‑н. справы. — Ідзі да брыгадзіра, запражы каня ды толькі не марудзь. Гроднеў. Каб паправіць становішча, трэба было хутчэй укараняць усе прапановы рабочых. А Булай чамусьці зноў марудзіў. Шыцік. // перан. Выказваць нерашучасць, быць нерашучым; муляцца. — Ёсць у мяне і больш складаная работа, але вельмі небяспечная. — сказаў Былінскі. — Якая? — Спецыяльная, — марудзіў з адказам Былінскі. — Рызыкаваць трэба. Гурскі. — Адчыняйце [веснічкі], дзядзька Іван, — падганяў Богдан Бобрыка, калі той марудзіў, пераступаючы з нагі на нагу. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Штучны або радзімы знак, які адрознівае прадметы або істоты ад іншых падобных прадметаў, істот. [Ляснік] спыніўся каля тоўстай лістоўніцы, паглядзеў нумар. — Вось гэтую будзеце спілоўваць, рабіце метку. Пальчэўскі. На месячным графіку крывая ўпарта не хацела паўзці за трывожную сінюю метку пяцідзесяці працэнтаў. Шыцік.
2. След, які астаўся пасля чаго‑н. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы, на іх было шмат метак ад сякеры. Гурскі.
3. Дзеянне паводле знач. дзеясл. меціць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)