засу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак., што.

1. Памясціць, усунуць у што‑н., пад што‑н., за што‑н. Засунуць сякеру за пояс. Засунуць чамадан пад ложак. □ Як толькі пачало цямнець, я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны з патронамі. Карпюк. // Зачыніць, усунуўшы што‑н. на месца. Засунуць шуфляду.

2. Разм. Зачыніць, закрыць на засаўку. Міроніха, правёўшы мужа, зайшла на двор, засунула на засаўку дзверы ў хляве. Гурскі.

3. Разм. Пакласці, схаваць так, што цяжка знайсці; падзець, задзець. Куды гэта ты засунуў нож?

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звы́чай, ‑ю, м.

1. Агульнапрыняты парадак, правіла, якое здаўна ўкаранілася ў быце народа або пэўнай грамадскай групы. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Сіпакоў. Ёй зусім не хацелася хаваць сваёй радасці, але такі ўжо быў звычай: маладой непрыгожа быць на вяселлі празмерна вясёлай... Васілевіч.

2. Прывычны спосаб дзеяння; прывычка. Дубравіна мела звычай неяк нібы нядбала пакідаць на сябе касынку ці шалік. Карпюк. — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́тад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Спосаб пазнання з’яў прыроды і грамадскага жыцця. Марксісцкі метад. Дыялектычны метад.

2. Прыём, сістэма прыёмаў у якой‑н. галіне дзейнасці. Пасеў рашылі правесці гнездавым метадам. Кулакоўскі. // Спосаб дзеяння, паводзін. Прыгледзеўшыся калісьці да Дразда, як той лёгка з дзяўчатамі жартуе, паспрабаваў гэтак зрабіць і Косця. На дзіва, ад яго слоў ніхто не смяяўся.. Ён паспрабаваў яшчэ раз — другі, кінуў гэты метад і адмежаваўся ад дзяўчат. Карпюк.

•••

Метад замяшчэння (спец.) — метад вымярэння шляхам замены пэўнай велічыні ўжо вядомай роўнавялікай велічынёй.

[Грэч. methodos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́чыць, мучу, мучыш, мучыць; незак., каго.

Прычыняць мукі, пакуты каму‑н. [Мільгун:] — Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў.. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Колас. «Як гэта я не ўбярог бацькі?!» — мучыў сябе папрокамі Валодзя. Новікаў. // Быць прычынай мукі. У цяжкія дні блакады, калі прадукты ў нас выйшлі зусім, мяне, больш чым каго, пачаў мучыць голад. Карпюк. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не даваць спакою, хваляваць, непакоіць. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непада́тлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню. Кожны дзень экскаватар, паслухмяны волі чалавека, вурчаў, дрыжучы ўсім целам, злаваўся, угрызаючыся зубамі ў непадатлівы гліністы грунт. Сапрыка. Тонкія і жвавыя пальцы паненкі доўгі час бездапаможна перабіралі тоўстую вяроўку, канец якой намок, стаў тугі і непадатлівы, нібы карабельны канат. Карпюк.

2. Няўступчывы, упарты. Вера, гуллівая на словах, была на дзіва ўпартая і непадатлівая. Сачанка. // Стойкі, непахісны. Абы пачынаў [Анатоль] пра што думаць, паўставала Іза, абражаная, але непадатлівая бядзе, гордая і ўпэўненая. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямы́, ‑ая, ‑ое.

1. Пазбаўлены здольнасці гаварыць. Нямое дзіця. □ Спачатку я нават не ведаў, што там жаўцее, а потым успомніў, што гэта новы зруб нямога Паўла. Кулакоўскі. / у знач. наз. нямы́, ‑ога, м.; няма́я, ‑ой, ж. перан. Маўклівы, ціхі. Навокал — нямыя сосны, далей — гушчар. Карпюк. Скуты холадам даліны, Луг ляжыць нямы. Колас.

2. перан. Скрыты, затоены. Таня з нямым папрокам утаропілася ў Веру. Машара. У дзвярах стаіць маці. У яе посны выраз твару, у блеклых вачах нямое запытанне. Лынькоў.

•••

Нямая карта гл. карта.

Нямое кіно гл. кіно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плётка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Раменны, вяровачны і пад. бізун. Плёткамі пасечанае цела, Да плячэй кашуля прыкіпела, Ды жывы Данілка. Бялевіч.

плётка 2, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Неправераная або ілжывая чутка, якая перадаецца з вуснаў у вусны і звычайна шкодзіць чыёй‑н. рэпутацыі. Той такую плётку прынёс, той гэткую. Так і малолі языкамі да самага полудня. Карпюк. Пушчаная злым языком плётка, што хадакоў затрымалі за зладзейства і пасадзілі ў астрог, хутка развеялася. Пальчэўскі.

•••

Бабскія плёткі (казкі) — беспадстаўныя чуткі, нагаворы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Скоры, хуткі, імклівы. Дзяўчына ішла прыткай хадой, як бы і не чуючы таго маленькага чамаданчыка, які яна несла ў руках. Краўчанка. // Вёрткі, спрытны. — Чаго гарланіш! У баі быў бы такі прыткі — не лямантаваў бы цяпер. М. Ткачоў. — А тут за сцяною куры. Хадзем, але каб толькі не павыскаквалі, яны ў нас прыткія. Галавач.

2. перан. Які прагне хутчэй дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н. Да навукі прыткі [дзед], З тэхнікай дружыў. Зуёнак. — Ого, які прыткі! Можа праліцца кроў! Лепш не пачынаць [біцца]! — заўважыў нехта. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак. і незак., каго-што.

1. Нанесці (наносіць) рану (раны). Дзед .. падышоў да стала, схапіў нож і глыбока раніў сабе руку. Зуб. — Супрончыку плячо ранілі... — Андрыян уздыхнуў. — Па маёй віне прастрэлілі... Марціновіч. / у безас. ужыв. У апошнія дні вайны Мішу раніла, летам ён выпісаўся са шпіталя, прыехаў у родны горад і не застаў ні бацькоў, ні знаёмых. Карпюк.

2. перан. Прычыніць (прычыняць) каму‑н. душэўны боль, пакуты. У хаце настала тая жалобная хвіліна, якая раніць болем кожнае чулае сэрца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыць, рыю, рыеш, рые; незак., што.

1. Капаць, раскопваць што‑н. рыхлае, сыпкае (лычом, рылам). Кабан рые павольна і заложна, усё болей і болей углыбляючыся ў зямлю. Колас. // Капаючы, даставаць што‑н. з зямлі; вырываць. Рана ўстане [дзядзька], а дзік, вялікі, як капіца сена, ужо рые бульбу. Карпюк.

2. Вымаючы, выкідаючы зямлю, рабіць паглыбленне, яму (пра жывёл). [Віктар:] — Калі .. [барсукі] рыюць сабе норы, значыцца, яны маглі і нават павінны былі і тут прарыць. Маўр.

•••

Носам рыць (груб.) — выказваць сваю незадаволенасць кім‑, чым‑н., пагарду да каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)