быццё, ‑я, н.

1. Спец. Аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе незалежна ад нашай свядомасці; матэрыя, прырода. Быццё па-за часам, заключае [Пляханаў], з’яўляецца такім жа вялікім абсурдам, як і быццё па-за прасторай. «Весці».

2. Сукупнасць умоў матэрыяльнага жыцця грамадства. Быццё вызначае свядомасць.

3. Жыццё, існаванне. Ад роднае зямлі, Ад гоману бароў, Ад казак вечароў, Ад песень дудароў, Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей, Ад шолаху начэй, Ад тысячы ніцей, З якіх аснована і выткана жыццё І злучана быццё і небыццё, — Збіраўся скарб. Колас.

4. Разм. Прабыванне дзе‑н. [Карызна] сказаў возніку ехаць далей і ўпершыню за ўвесь час быцця свайго ў гэтым раёне спыніўся ў заезным двары. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́ўтра, прысл.

1. У наступны дзень пасля сягонняшняга. Сягоння субота, а заўтра нядзеля. З нар. песні. Сёння зробіш — заўтра як знойдзеш. Прыказка. // У недалёкім будучым; хутка. Не гавары, кім быў учора, Скажы, кім заўтра хочаш стаць. Жычка.

2. у знач. наз. за́ўтра, нязм., н. Наступны дзень за сягонняшнім. Адкласці на заўтра. Закончыць работу да заўтра. // Недалёкае будучае. На нашых вачах расце горад камуністычнага заўтра, які праз некалькі год стане прамысловым раёнам старажытнага Полацка. Грахоўскі. Уздымаліся тосты за гаспадароў,.. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.

•••

Да заўтра — а) да наступнага дня; б) прынятая форма развітання: да сустрэчы ў наступны дзень.

Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра гл. сягоння.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мах 1, ‑у, м.

Адзін хуткі рух у паветры чым‑н., узмах. Явіч рушыў ужо ў дарогу, як чалавек прывітальным махам рукі спыніў яго. Чорны. // У спорце — адзін рух нагой, рукой або корпусам уперад, назад або ўбок.

•••

Адным махам; за адным махам — адразу, за адзін прыём, адначасова. [Калюгін:] — Вядома, да новай спецыялізацыі адным махам не пяройдзеш. Дуброўскі. [Андрэй:] — А то някепска было б за адным махам знесці і мой домік. Шахавец.

Даць маху гл. даць.

З усяго маху — размахнуўшыся, з усяе сілы.

мах 2, выкл.

Разм. Ужываецца для абазначэння хуткага руху (ад дзеясл. махнуць — махаць). Тут .. [варона] крыламі — мах, мах! І, як бачыш, каля лісіцы апынулася. Казка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́ласць, ‑і, ж.

1. Добрыя, велікадушныя адносіны. Дзякуй вам за хлеб, за кашу і за міласць вашу. З нар.

2. Ахвяраванне, дар. [Аксіння:] — Ды кожнаму кланяйся ды прасі, як тае міласці, каб хаця невялічкую якую работу табе далі. Лынькоў. [Шугай:] — Бальшавікі, таварыш Каліна, не чакаюць міласцей ад прыроды. Яны заваёўваюць перамогу. Асіпенка.

•••

Ваша, твая (яго, яе, іх) міласць (уст. і іран.) — ужываецца як пачцівы зварот і пры ўпамінанні трэцяй асобы.

Змяніць гнеў на міласць гл. змяніць.

Міласці просім гл. прасіць.

На міласць бога (спадзявацца) — не рабіць ніякіх захадаў для паспяховага ажыццяўлення чаго‑н.

Па міласці каго — а) дзякуючы каму‑н.; б) перан. па чыёй‑н. віне.

Скажы на міласць гл. сказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гладзіць і прыглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак.

1. за кім-чым, каго-што і без дап. Паклапаціцца аб кім‑, чым‑н., стварыць добры догляд, дагледзець. Прыглядзець за дзецьмі. □ [Брыгадзір:] — Возьмеш трох дзяўчат, Хадося. Сама на поле не ходзіш, дык хоць за людзьмі прыгледзь. Навуменка. [Аўдоцця:] — Збіраюся паехаць у Ленінград, дык табе прыйдзецца некалькі дзён у мяне пагаспадарыць. Прыгледзіш тут. Гаўрылкін. — От вазьміце хаця звычайную грушку-дзічку. Калючая яна, нягеглая. А вазьмі яе ды прыгледзь, ды абкапай, ды прышчэпку зрабі, глядзі і выйдзе такая бэра слуцкая, што толькі людзям [надзіва]. Лынькоў.

2. каго-што. Спадабаўшы, выбраць; нагледзець. Сядзібу нашу прыгледзеў сусед недалёкі, на ёй паставіць меціўся хату для зяця. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рука́ў, ‑кава, м.

1. Частка адзення, якая пакрывае руку ці частку рукі. Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Лынькоў. [Тамаш] схаваў пальцы рук у рукавы і зарагатаў. Чорны.

2. Адгалінаванне, якое адыходзіць ад галоўнага вусця ракі. З рукава рэчкі, падхопленая струменем, плыла некім сарваная галоўка лілеі. Арочка. Яшчэ дзесятак метраў быстрыні і рукавы рэчкі, вырваўшыся з-за вострава на шырыню, злучыліся. Брыль.

3. Труба ці кішка для адводу вадкасцей, газаў, сыпучых целаў. Пажарны рукаў. □ Па рукаве з каменных жорнаў Плыла бялей за снег мука. Астрэйка.

•••

Закасаўшы рукавы гл. закасаўшы.

Рукавом закусіць гл. закусіць.

Смяяцца ў рукаў гл. смяяцца.

Спусціўшы рукавы гл. спусціўшы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́ртасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць упартага (у 1 знач.). Упартасць старшыні, яго спакойная настойлівасць і бязлітаснасць да гультаёў натхнялі.. [калгаснікаў]. Шамякін. Камсамольцы і моладзь рэспублікі актыўна працуюць на буйнейшых новабудоўлях, з вялікай упартасцю змагаюцца за тэхнічны прагрэс. Машэраў. Шафёр круціць абаранак, думае аб здзіўляючай упартасці хлапца і, азірнуўшыся, ківае на яго забінтаваныя рукі. Ракітны.

2. Незгаворлівасць, імкненне рабіць што‑н. толькі па-свойму, наперакор каму‑н. [Барташэвіч] хадзіў па горадзе сам не свой і ўжо шкадаваў, што з-за нейкага там глупства, з-за ўпартасці пасварыўся з адзіным блізкім.. і дарагім чалавекам у Вільні. Карпюк. / у вобразным ужыв. Тры дні з упартасцю тупою Ліў дождж на лес і сенажаць. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грудкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты грудай, грудкамі, няроўны. З-за вёскі даляцелі людскія галасы і грукат колаў па сухой грудкаватай дарозе: відаць, калгаснікі .. вярталіся ўжо з копкі бульбы. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́жа, ‑ы, ж.

Хвароба, якая характарызуецца выхадам унутранага органа за межы поласці, у якой ён знаходзіцца, праз натуральную ці ненатуральную адтуліну ў гэтай поласці. Грыжа жывата. Грыжа мозга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашы́йнік, ‑а, м.

Раменьчык з спражкай, які надзяваецца на шыю сабаку; аброжак. [Леснічыха] пазвала сваіх і шчыра ўзрадавалася, схапіла сабаку за ашыйнік, зацягнула да хлява і прывязала там. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)